Политика

«Перажыла савецкую ўладу — перажыве і рэжым Лукашэнкі. Бо сымбаль зьнішчыць немагчыма»

Небясьпечны сымбаль. Валер Карбалевіч на Радыё Свабода – пра тое, чым Лукашэнку замінае Рада БНР.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. Скрыншот з radabnr.org. Сакавік 2022, віншаванне суайчыннікаў з Днём Волі

Генпракуратура Беларусі завяла шэраг крымінальных справаў супраць Рады БНР. Ня тое каб гэта стала поўнай нечаканасьцю.

Амаль штодня зьяўляецца інфармацыя пра ўсё новыя рэпрэсіўныя захады супраць палітычных апанэнтаў. А Генпракуратура ў справе выкрыцьця «ворагаў» ідзе ў авангардзе.

Але тут асаблівы выпадак. Гаворка ідзе пра адначасова гістарычны, палітычны і сымбалічны інстытут. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) існуе з 1918 году.

Само стаўленьне да БНР з боку існага рэжыму заўсёды адлюстроўвала палітычную каньюнктуру. У нейкі момант яно мянялася з нэгатыўнага на нэўтральнае.

Напрыклад, падчас выступу на ўрачыстым сходзе, прысьвечаным чарговай гадавіне Дня Незалежнасьці 1 ліпеня 2017 году Аляксандр Лукашэнка, згадваючы БНР, казаў: «Былі мужныя, часам утапічныя спробы самавызначэньня. Некаторыя дзеячы, адухоўленыя высокімі ідэямі, так і не зразумелі таго, што незалежнасьць і свабоду войскі кайзэраўскай Нямеччыны не прынясуць ніколі. Яе творцам можа быць толькі сам народ, яго воля, калектыўны розум і лідэры».

У 2018 годзе ўлады дазволілі ў гонар 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР правесьці ў Менску мітынг і канцэрт у цэнтры гораду, каля Опэрнага тэатра. Таксама легальна прайшлі падобныя мерапрыемствы ў шэрагу іншых беларускіх гарадоў. Адначасова былі праведзены выстава, круглы стол навукоўцаў, ток-шоў на БТ.

І дзейнасьць Рады БНР усе папярэднія 29 гадоў кіраваньня Лукашэнкі асаблівага хваляваньня ў яго не выклікала. Ён успрымаў яе як нейкае непаразуменьне, гістарычны кур’ёз. Узровень ведаў пра гэтую інстытуцыю і яе кіраўніцтва Лукашэнка выклаў, выступаючы ў расейскай Дзярждуме 27 кастрычніка 1999 году: «І яшчэ ёсьць такі Сулвіла ці Сурвіла, 95 ці 97 гадоў, яшчэ ў грамадзянскую вайну яго немаўлём павезьлі ў эміграцыю з краіны.

Стварылі там у выгнаньні нейкае кіраўніцтва рэспублікі. І нядаўна ён аднаго зь іх ужо каранаваў. Ён ужо прэзыдэнт». (Для даведкі: Івонка Сурвіла нарадзілася ў 1936 годзе, у 1997 годзе абраная старшынёй Рады БНР).

Можна зразумець, чаму беларускія ўлады абвяшчаюць экстрэмістамі, тэрарыстамі, заводзяць крымінальныя справы супраць Офіса Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, палка імя Каліноўскага і іншых інстытуцый апазыцыі, якія актыўна дзейнічаюць, рэальна ўплываюць на палітыку Захаду, суседніх дзяржаў адносна афіцыйнага Менску.

Рада БНР зводзіць сваю дзейнасьць да сымбалічных рэчаў: выступае час ад часу з заявамі аб сытуацыі ў Беларусі. І, здавалася б, навошта чапаць тое, што рэальнай пагрозы не нясе?

Адказ на гэтае пытаньне відавочны. Прырода рэжыму Лукашэнкі пасьля 2020 году сутнасна памянялася. Актыўна фармуецца таталітарная сыстэма, у рамках якой палітычны тэрор павінен насіць пэрманэнтны характар. Карным органам пастаянна патрэбен новы фронт працы, які яны штучна ствараюць. Цяпер вось дайшла чарга і да Рады БНР.

Дзяржаўны герб Беларускай Народнай Рэспублікі

Бесьперапыннае змаганьне з ворагамі становіцца спосабам існаваньня дыктатур падобнага тыпу. Не выпадкова ў свой час Сталін сфармуляваў канцэпт, што па меры пасьпяховага будаўніцтва сацыялізму клясавая барацьба абвастраецца. Так і тут: чым большая ў краіне стабільнасьць, тым больш ворагаў робяць на яе замах.

У працэсу фармаваньня вобразу ворага ёсьць свая мэтадалёгія. З аднаго боку, вораг павінен быць магутным — каб на ягоныя падкопы можна было сьпісаць усе праблемы ў краіне. І толькі змаганьне з моцным ворагам выяўляе доблесьць дзейнай улады, падвышае яе моц ва ўласных вачах.

Таму галоўным праціўнікам афіцыйнага Менску аб’яўлены ЗША, якія нібыта прэтэндуюць на сусьветнае панаваньне. Менавіта яны, унушае рэжым, стаяць за дзеяньнямі беларускай апазыцыі, інтрыгамі суседзяў Беларусі (Польшчай, Украінай). І ворагаў павінна быць шмат. Таму амаль кожны дзень знаходзяць усё новых экстрэмістаў і тэрарыстаў.

З другога боку, вораг павінен выступаць у вобразе папяровага тыгра, якога ўлады лёгка і рэгулярна перамагаюць. І такія перамогі павінны быць частымі, каб можна было пра іх рапартаваць. Вось, напрыклад, чакаюцца суды над ужо памерлымі нацысцкімі злачынцамі, якія мелі дачыненьне да генацыду беларускага народу падчас мінулай вайны. Напэўна, будуць выносіць сьмяротнае пакараньне мёртвым (!).

А адначасова шукаюць, каго б яшчэ перамагчы. Вось тут на гарызонце ўбачылі Раду БНР. І абвінавацілі яе ва ўсіх сьмяротных грахах.

Але Рада БНР існуе ўжо больш за 100 гадоў. Перажыла савецкую ўладу — перажыве і рэжым Лукашэнкі. Бо сымбаль зьнішчыць немагчыма.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(21)