Eolonir
Блёгасфэра пра Алексаняна ды Кіма

Са спазьненьнем на год сіманаўскі суд Масквы прыняў рашэньне гаспіталізаваць былога адваката Хадаркоўскага і віцэ-прэзыдэнта разгромленай карпарацыі “ЮКАС” Васіля Алексаняна, які паміраў у турме ад СНІДа ды сухотаў. Розгалас, да якога спрычыніліся сеціўная супольнасьць, галадоўка невядомых блёгераў ды яго паплечнікаў, сярод якіх быў і Хадаркоўскі, сыгралі сваю станоўчую ролю.

Судовы працэс па справе спадара Алексаняна быў прыпынены. Па стане здароўя былы адвакат ужо ня мог удзельнічаць у працэсе. Паводле меркаваньняў шматлікіх блёгераў, наўрад ці ў расейскіх дзяржаўных ворганаў прачнулася сумленьне: справа атрымала розгалас у Эўропе ды Амэрыцы. Расея болей адкрытая краіна, чым Беларусь, і негатыўны розгалас пра катаваньні ў турмах ёй непатрэбны. Натуральна, Алексанян далёка не адзіны выпадак, калі зьняволенага пазбаўлялі яго натуральных правоў. Але на катаваньні вядомага досыць чалавека вочы заплюшчыць цяжка.

У дадатак, галадоўка Хадаркоўскага ў падтрымку свайго калегі здольная перацягнуць на яго бок тых, хто сумняецца, а станоўчы візэрунак Хадаркоўскага – апошняя справа, патрэбная спадарству Пуціну-Мядзьведзеву перад выбарамі.

Усе падрабязнасьці справы Алексаняна можна знайсці тут, а таксама на ЖЖ marchenk, _falkon_, global_evil, juu_lka, lauran_2, codesnik, pavka_kor4agin, lora_v ды іншых. Усе ўзгаданыя, акрамя першых двух, удзельнічалі ў галадоўцы ў падтрымку спадара Алексаняна.

Справа Андрэя Кіма, які быццам бы падчас адной з акцыяў прадпрымальнікаў штурхнуў ДАІшніка ды расьсёк яму брыво да крыві, атрымала асабліва вялікі розгалас у Сеціве. Сябры Андрэя (вядомага ў ЖЖ як Кірыян) яшчэ да таго стварылі суполку ў яго падтрымку, але вялізэрны розгалас справа атрымала менавіта пасьля выказваньняў расейскага праваабаронцы спадара Шэндаровіча. Допіс адразу патрапіў у рэйтынг найпапулярнейшых паводле Яндэксу. Па “размове” ЖЖ-карыстальнікаў пад гэтым допісам сталася зразумелым, што як беларуская, так і расейская інтарнэт-супольнасьці яшчэ цяжка хворыя на комплекс абыякавасьці, ці, кажучы папросту, пахвігізму.

З аднаго боку, высновы са справы Алексаняна прымушаюць меркаваць станоўча: супольнасьць нават у нашых краінах, чые праваабарончыя сыстэмы цяжка хворыя на радзянскі карны сындром, можа нешта зрабіць, варта толькі аб’яднацца. Зь іншага боку, Расеі ўсё-ткі няма на каго аглядацца, як Беларусі, ды й статус яе іншы: намагаючыся выглядаць як супэрдзяржава, Расея ня можа дазволіць сабе такой раскошы, як распаўсюд “брудных” справаў з катаваньнямі ў стылі дробнае м’янмарскае хунты. Несалідна, спадарства. А вось Беларусь паменей, ёй ёсьць на каго аглядацца, калі што, можна заўжды “перевести стрелки” на вялікага суседа. У дадатак да таго, Эўропа сучасным кіраўніцтвам Беларусі разглядаецца як нехта, з каго можна атрымаць нейкія даброты пад вонкавую псэўдадэмакратызацыю.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)