Скандалы
Анастасія Зелянкова, Ян Буян

Блакада па ўсіх накірунках

З кнігарняў канфіскаваны сакавіцкі нумар часопіса “ARCHE”. Свежая “Народная воля” затрыманая супрацоўнікамі міліцыі. А чарговы нумар “БДГ” з’явіўся толькі ў Інтэрнэце.

Нягледзячы на дзяржаўныя абмежаванні адносна продажу кнігарнямі “ARCHE”, да нядаўніга часу часопіс усё ж можна было набыць у некалькіх кропках Мінска і раённых цэнтраў. На думку галоўнага рэдактара выдання Валерыя Булгакава, прычынай канфіскацыі “ARCHE” паслужыў нумар, што паступіў у продаж на пачатку сакавіка. Адметна, што разам з ім з паліц кнігарняў забралі і ўсе папярэднія нумары часопіса.

— Думаю, што ўся справа ў змесце гэтага нумару, — тлумачыць Валеры Булгакаў. — У часопісе быў вялікі, на сто старонак, нарыс Сяргея Навумчыка пад назвай “Сем гадоў Адраджэння. Фрагменты найноўшай беларускай гісторыі (1988 — 1995)”. У ім змяшчалася вельмі жорсткая ацэнка палітычных учынкаў лукашэнкаўскай адміністрацыі, погляд на сённяшнюю сітуацыю ў краіне. Таксама каля 80-ці старонак часопіса прысвячалася выбарам — аналітыкі, палітолагі грамадскія дзеячы давалі сваю ацэнку маючым адбыцца выбарам. Былі досыць рэзкія каментарыі. Змяшчалася адмоўная рэцэнзія гісторыка Алеся Смалянчука на двухтомнік “Истории Беларуси» Якава Трашчанка.

Тое, што адбылося з “ARCHE”, Валеры Булгакаў звязвае з працягам планамернага знішчэння незалежная прэсы.

— Парадаксальнасць сітуацыі заключаецца ў тым, што, у адрозненні ад іншых недзяржаўных выданняў, на нас пакуль яшчэ можна падпісацца, і мы можам распаўсюджвацца.— кажа ён. — Хаця, думаю, гэта адбылося па недаглядзе і доўга не працягнецца. Не выключаю, што нам засталося некалькі месяцаў. Тым не менш нават пазбаўленне падпіскі не будзе для нас катастрафічным. У Беларусі ёсць людзі, якія жадаюць чытаць “ARCHE” і мы зробім усё магчымае, каб яны маглі рабіць гэта і далей.

Тым часам газета “Народная воля” здолела надрукаваць чарговы нумар на прыватным смаленскім прадпрыемстве. Тамтэйшая дзяржаўная друкарня, з якой беларуская незалежная газета мае дамову, на гэтым тыдні адмовілася працаваць з ёй. Аднак ужо на тэрыторыі Беларусі наклад “Народнай волі” быў ізноў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, якія адмаўляюцца тлумачыць свае дзеянні. Зрэшты, тлумачэнні ў сённяшняй сітуацыі ўжо пэўна залішнія.

А нумар “Белорусской деловой газеты” ад 14 сакавіка з’явіўся толькі на сайце выдання (bdg.by). Рэдакцыя пакуль не атрымлівала паведамлення, што смаленскі паліграфкамбінат разарваў з ёй дамову. Чарговы нумар нібыта ня быў надрукаваны з-за адсутнасці перадаплаты. Таму на наступным тыдні “БДГ”, вырашыўшы грашовую праблему, паспрабуе пабачыць свет не толькі ў Інтэрнэце, але і на паперы. Аднак пэўнасці, што смаленскія друкары не адмовяцца ад супрацы са спасылкай на нешта іншае, на жаль, няма.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)