Арцыбіскуп Кандрусевіч просіць вернікаў заставацца дома

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі запрасіў вернікаў у сувязі з пандэміяй каранавірусу ўстрымацца ад наведвання касцёлаў.

I ўдзельнічаць у святочных набажэнствах з дапамогай трансляцый, паведамляе catholic.by.

У спецыяльным паведамленні, скіраваным духавенству і вернікам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Тадэвуш Кандрусевіч піша: «Звяртаюся да вернікаў, асабліва да людзей старэйшага ўзросту, асобаў з сімптомамі хваробы і да тых, хто адчувае страх заражэння, з просьбай у гэтыя складаныя дні карыстацца дыспенсай, дадзенай раней, заставацца дома і ўдзельнічаць у набажэнствах Вялікага тыдня праз сродкі масавай камунікацыі».

Кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату дзякуе за разуменне і адначасова заклікае не паддавацца паніцы: «Усведамляючы выкліканыя пандэміяй каранавірусу складанасці як у асабістым і грамадскім жыцці, так і ў рэлігійнай практыцы, усіх вернікаў даручаю апецы Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі, і святога Роха, заступніка ад заразных хваробаў, з надзеяй на іх заступніцтва перад Богам у прадухіленні гэтай хваробы і ад усяго сэрца благаслаўляю».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(8)