Амэрыканскі сэнатар супраць правядзеньня Чэмпіянату сьвету ў хакеі ў Беларусі

Беларусь трэба адхіліць ад правядзеньня Чэмпіянату сьвету ў хакеі ў 2014 годзе, калі прэзыдэнт Лукашэнка ня вызваліць палітзьняволеных. З такім заклікам зьвярнуўся да Міжнароднай фэдэрацыі хакею з шайбай амэрыканскі сэнатар-дэмакрат Дык Дэрбін.

У лісьце, які ён накіраваў кіраўніцтву Фэдэрацыі, Дэрбін называе рэжым Лукашэнкі «таталітарным кашмарам» і гаворыць, што чэмпіянат ня можа праводзіцца ў краіне, дзе за кратамі знаходзяцца людзі, якія паспрабавалі скарыстацца з базавых дэмакратычных свабодаў.

Ліст таксама падпісаў Петэр Шцястны, славацкі хакеіст, увекавечаны ў Залі Славы Нацыянальнай Хакейнай Лігі, які цяпер зьяўляецца сябрам Эўрапейскага парлямэнту.

У студзені Дык Дэрбін пабываў у Менску, дзе правёў сустрэчы з праваабаронцамі, якія зьвярнулі ягоную ўвагу на стан апазыцыйных лідэраў, затрыманых у часе дэманстрацыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня летась.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)