Общество

Алексіевіч распавяла, чаму яе імя няма ў тытрах «Чарнобыля»

Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч у інтэрвію Радыё Свабода назвала міні-сэрыял «Чарнобыль» найлепшым сярод мноства экранізацый і пастановак «Чарнобыльскай малітвы». Прыводзім выбраныя фрагменты.

— Вельмі моцнае ўражаньне. Вельмі моцны фільм. Нешта такое там было знойдзена ў эстэтыцы, што прабіваецца да сучаснай сьвядомасьці. Там ёсьць і доля страху, ёсьць развагі, ёсьць прыгажосьць. Гэта тое, што мяне заўсёды хвалявала ў зьле, калі гэта не адкрытае зло, калі столькі ўсяго перамешана. Гэта тая самая вайна, яна ж вельмі прыгожая. Уначы такое прыгожае неба, а ўнізе сьмерць. Мужчыны ў вайсковым адзеньні. Такіх мужчын у мірным жыцьці няма. Гэта вельмі цікава і прыгожа. Думкі пра небясьпеку. І ўсё гэта выканана ў іх (у фільме — РС).

Ульляна Хамюк (Эмілі Ўотсан), кадр з серыяла

— Трагічная гісторыя пажарнага ў сэрыяле ўзятая з вашай «Чарнобыльскай малітвы». Заходнія СМІ выказалі здагадку, што выдуманы пэрсанаж Ульляны Хамюк, якую грае Эмілі Ўотсан, спэцыяльна зрабілі падобнай на вас, што гэта такі камплімэнт вам.

— Яны ўзялі ня толькі гісторыю пажарнага, некалькі гісторый узялі. Там шмат майго тэксту ў рэакцыях людзей. Напрыклад, калі людзі стаяць на мосьце і любуюцца пажарам. Першыя адчуваньні пасьля аварыі. Сьветапогляд таксама. Рэжысэр і прызнаецца, што гэта ўсё нарадзілася з «Чарнобыльскай малітвы». У мяне зь імі кантракт, усе аўтарскія правы датрыманыя.

— А чаму вашага імя няма ў тытрах?

— Мая літаратурная агентка паслала запыт, яны маўчалі спачатку. Газэты пачалі пісаць, пасьля майго інтэрвію швэдзкай газэце рэжысэр Юхан Рэнк адказаў, што гэта тэхнічная памылка і ўсё будзе выканана. Тэхнічная або нейкая іншая, але факт, што гэта будзе адноўлена.

— Беларусі пісьменьнік Віктар Марціновіч параўнаў фaтаздымак Алеся Адамовіча і прафэсара Лягасава з сэрыялу і выказаў здагадку, што аўтары спэцыяльна зрабілі прафэсара Лягасава крыху падобным да пісьменьніка Алеся Адамовіча, вашага настаўніка, які таксама вялікі ўнёсак зрабіў у тое, каб сьвет ведаў праўду пра Чарнобыль. Як вы глeдзіце на тое, што з часам сэрыял проста пачынае жыць сваім жыцьцём і зьяўляюцца паралелі, пра якія аўтары, магчыма, нават і ня думалі, а беларусы іх бачаць.

— Я думаю, што гэтак жа як і са мной. Я ня думаю, што яны Хамюк пісалі зь мяне. Някрошус (літоўскі тэатральны рэжысэр — РС) перад сьмерцю паставіў спэктакль паводле «Цынкавых хлопчыкаў», і там нібыта я была галоўнай дзейнай асобай, але яна была абсалютна не падобная на мяне. У фільме гэта — неабходнасьць цэнтральнага, апорнага пэрсанажу, і гэта жанчына, можа быць, таму, што яны ўзялі з майго сьветапогляду гэтае адчуваньне жанчыны, сьвету жанчыны. Для мяне гэта вельмі важна.

У мяне вельмі шмат жанчын-гераінь ва ўсіх кнігах, ня толькі ў творы «У вайны не жаночы твар». Гэта сувязь з жывым. Жанчына надзвычай выяўляе сувязь рэчаў. Таму, напэўна, там была патрэбная жанчына, ня толькі адзін Лягасаў. Калі было б двое мужчын, то не было б сюжэту. Увялі жанчыну, і атрымалася — мужчына і жанчына, два сьветапогляды. Гэта вельмі цікава.

Што тычыцца Алеся Адамовіча, я таксама думаю, што яны не маглі так меркаваць, але часам некаторыя рэчы злучаюцца. Як адначасова нейкія ідэі зьяўляюцца ў розных краінах, у галовах француза і ангельца нейкім чынам можа зьявіцца ідэя, якая прыходзіць з часу. Так і тут было. Я ня думаю, што гэта была іх мэта, бо гэта — абсалютна наша гісторыя, а яны ўсё ж зрабілі рэч касмапалітычнага парадку, калі чалавек ужо па-за гісторыяй, ужо ў космасе. Там зусім іншая сувязь паміж рэчамі.

После сериала «Чернобыль» туристы рванули в зону отчуждения. Белорусов на ЧАЭС не пускают

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(23)