Скандалы
Марына Ткачова

Адлічылі за шалік

З Беларускага дзяржаўнага педагагічнага унівесітэта імя М.Танка выключылі яшчэ аднаго актывіста студэнцкага руху. Да адлічаных 14 сакавіка Людмілы Асіпенкі і Аляксандра Карцеля сёння далучыўся першакурснік гістарычнага факультэта Рыгор Шкурынаў. Паводле афіцыйнай фармулёўкі, усе студэнты былі выключаны “за сістэматычнае парушэнне дысцыпліны і правілаў унутранага распарадку”.

— Мне нічога не патлумачылі, проста сказалі, што я адлічаны, — распавёў “Салідарнасці” Рыгор Шкурынаў.—Думаю, што ўся справа ў маёй актыўнай грамадскай пазіцыі, якой я ніколі не ўтойваў. Да таго ж я заўсёды размаўляю па-беларуску.

Як расказаў Рыгор Шкурынаў, літаральна за некалькі дзён да адлічэння, 14 сакавіка, яго разам з двума аднагрупнікамі затрымалі супрацоўнікі міліцыі.

— Яны ўбачылі ў мяне на шыі бел-чырвона-белы шалік і загадалі паказаць, што ў нас у заплечніках, — кажа хлопец. — У мяне знайшлі налепкі “За свабоду!”, у хлопцаў не знайшлі нічога. Аднак усё роўна затрымалі і на ўсіх завялі адміністратыўную справу. Вядома, паведамілі ва універсітэт. І вось сёння даведаўся, што адлічаны. Збіраліся адлічыць і маіх аднагрупнікаў, хаця яны ўвогуле проста ішлі па вуліцы побач са мной.

Адметна, што ўсе адлічаныя студэнты вучыліся ва універсітэце толькі на “выдатна” і “добра”. “Салідарнасць” паспрабавала даведацца пра сапраўдныя прычыны адлічэння Рыгора Шкурынава, аднак застаць намесніка дэкана гістарычнага факультэта Аляксандра Радзькова на месцы сёння не атрымалася. Затое дэкан факультэта беларускай філалогіі і культуры, адкуль была адлічана студэнтка 4 курса Людміла Асіпенка, аказаўся больш дасягальным. Праўда, даць каментар наконт таго, якім чынам ягоная студэнтка “парушала дысцыпліну і правілы ўнутранага распарадку”, Аляксандр Лугоўскі адмовіўся.

— Я не абавязаны адказваць на гэтае пытанне. А то тэлефануюць тут увесь час, пагражаюць, — адказаў ён карэспандэнту “Салідарнасці”. — За пропуск заняткаў адлічана, і усё! Колькі прапусціла? На гэта я таксама адказваць не буду.

Тым не менш, па словах самой Людмілы Асіпенка, пропуск заняткаў не мог стаць сапраўднай прычынай яе адлічэння.

— Яшчэ пачынаючы з летняй сесіі, мяне рэгулярна выклікалі ў дэканат і прамывалі мазгі наконт маёй грамадскай дзейнасці. Да таго ж кіраўніцтва ўпэўнена, што я маю дачыненне да самвыдатаўскай газеты “Танкісты”, якая досыць рэзка крытыкуе палітыку універсітэта. Што датычыць вучобы, дык з боку выкладчыкаў да мяне ніколі не было прэтэнзіяў, а ад кіраўніцтва я ніколі не атрымлівала ніякіх вымоў. Толькі нядаўна нечакана для сябе даведалася, што мне вынесена вымова за пропуск на працягу ўсяго семестра 12 пар. Гэта пры тым, што ў некаторых студэнтаў з майго курса было толькі за месяц па 60 гадзін! Пра сапраўдныя прычыны адлічэння магу толькі здагадвацца.

Людміла Асіпенка ўжо накіравала ліст на імя рэктара універсітэта з просьбай азнаёміць з матэрыяламі адносна яе адлічэння. Разам з выключаным з 4 курса рускай філалогіі Аляксандрам Карцелем яна таксама падала заяву ў Міністэрства адукацыі.

Паводле некаторых звестак, студэнты педагагічнага універсітэта сёння збіраюцца правесці акцыю ў падтрымку адлічаных сяброў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)