Общество

75 год Някляеву: «Пры такіх абставінах не засьпяваеш, бо можа горла перасмыкнуць»

«Сёньня вечарам вып’ю келіх белага, пасьля чырвонага і зноў белага», – кажа паэт і грамадзкі дзеяч Уладзімер Някляеў. 9 ліпеня яму споўнілася 75 гадоў, піша Свабода.

Уладзімер Някляеў — беларускі паэт, празаік і грамадзка-палітычны дзеяч. У 2010-м быў кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах. У дзень выбараў яго жорстка затрымалі, пазьней абвінавацілі па артыкуле «Масавыя беспарадкі». Асудзілі на 2 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай. Быў прызнаны палітычным зьняволеным.

Уладзімер Някляеў расказвае, як праводзіць гэты дзень.

Някляеў у чаканьні Севярынца на завулку Акрэсьціна. Менск, 22 ліпеня 2020 году

— Чым адметны для вас гэты юбілей?

— Тым, што перад ім было 74, а пасьля яго будзе 76. Яшчэ адметны, больш значна, тым, што адбываецца ў краіне. І праз тое, што адбываецца, ніякі юбілей не спраўляецца так, як ён мусіў бы справіцца. Бо палічыўшы сваіх гасьцей, якіх звычайна запрашаю на такія сьвяты, я ўбачыў, што палова зь іх у турме. Ну, і пры такіх абставінах не засьпяваеш, бо можа горла перасмыкнуць.

— А каго вы хацелі запрасіць на юбілей?

— Усе гэтыя прозьвішчы ведаюць: Мікола Статкевіч, які быў на ўсіх юбілеях, Павал Севярынец, Каця Андрэева, унучка аднаго з маіх найлепшых сяброў, якую я вельмі люблю. Я магу называць гэтыя прозьвішчы доўга. Я налічыў, што ня менш за сотню людзей, якіх я ведаю, цяпер зьняволеныя, а палову зь іх я ведаю ці блізка, ці зусім блізка, і гэта перажываць, канечне, вельмі няпроста.

— Вы зь імі лістуецеся?

— Так, але, як відаць па адказах, наўрад ці мае лісты да іх даходзяць. І іхнія апошнім часам сталі даходзіць усё радзей. Напачатку неяк лепш усё выглядала, а цяпер каму ні пішу, амаль што ніхто не адказвае. Прычым не адказваюць тыя людзі, якіх я ведаю, што яны абавязковыя ў гэтым, значыць, проста пазбаўляюць іх інфармацыі. Тое самае было і са мной, калі я сядзеў, тут ніякага дзіва няма. Мне лісты, якія я пісаў найперш да сваёй жонкі і да сяброў, аддалі толькі пасьля таго, як уся там скончылася справа. Сказалі, што забыліся адправіць. Добра, што хоць так вярнулі.

— На свае юбілеі вы звычайна едзеце ў Крэва, а на гэты раз?

— Нават у Крэва не паехаў. Там улады мясцовыя, дый смаргонскія, ня самі, зразумела, а праз тэлефанаваньні наверх, не дазволілі мне зрабіць невялічкую імпрэзу каля Крэўскага замка, дзе я нарадзіўся і рос. І я падумаў, што каб не адбылося як у Сяргея Гапона з Крэва, калі ён наладзіў асабістае сьвята, а да яго прыйшлі ў падворак. То і тут у падворак могуць прыйсьці, ды яшчэ гасьцей пазабіраць. Таму давядзецца абысьціся безь ніякага, ва ўсялякім выпадку без фанфарнага на гэты раз сьвята.

— А якую імпрэзу вы хацелі зладзіць у Крэве з нагоды юбілею?

— Акторы, музыкі, прачытаўшы маю драму «Ягайла», якая была надрукавана ў «Дзеяслове», вырашылі ў падарунак мне паставіць сцэны з гэтай драмы, калі ня ў Крэўскім замку, дык каля замка. Я заўсёды адзначаў свае юбілеі ў Крэве: на 60 гадоў езьдзіў зь сябрамі ў Крэва, і мы паклалі ў сьцяну Крэўскага замка 60 камянёў, на 70 мы паклалі 70 камянёў. Вось у гэтым годзе пакласьці 75 ня выпала.

— Што вас найбольш хвалюе ў сёньняшняй сытуацыі ў краіне?

— Сытуацыю абазначыла ўлада вуснамі КДБ: мы праводзім зачыстку. Вось яны самі сказалі пра тое, што яны робяць, яны проста зачышчаюць. Калі б гэтыя людзі зьбіраліся заставацца ва ўладзе і нешта рабіць для народу і дзяржавы, яны б таго не рабілі, што цяпер твораць. Гэта нешта дзікунскае, што ня мае вызначэньня.

Я спрабаваў неяк кваліфікаваць, сфармуляваць сутнасьць, і мне не ўдалося гэта зрабіць, бо гэта ўнікальная зьява ня толькі ў гісторыі Беларусі, а ў чалавечай гісторыі. Так што, разумеючы, што яны сыдуць, яны хочуць пагуляць. Як кажуць, паміраць, дык з музыкай. Як мой знаёмы аднаклясьнік крычаў, мне паміраць аднаму страшна, а вось калі разам з усімі рвануць гэты сьвет, дык нават парадаваўся б. Вось яны разам з сабой хочуць рвануць нас усіх. Гэта наўрад ці ўдасца, але крыві нашай яны яшчэ, як клапы, пап’юць.

— Як праводзіце гэты дзень?

— Я дома ў Менску. Устаў і працаваў з раніцы, бо днём такая сьпякота і духата, што працаваць немагчыма. І наогул з узростам графік жыцьця зьмяняецца. Я зьдзіўляўся, калі быў зусім малады, калі там старэйшыя пісьменьнікі Брыль, Быкаў, Барадулін, Гілевіч зь пеўнямі прачыналіся, калі я толькі соладка засынаў, і пачыналі цюкаць на машынках ці пісаць. Думаў, ну што ім ня сьпіцца? А цяпер бачу, што гэта проста так вось прырода кіруе намі. Калі ты хочаш нешта зрабіць, то выбірай найлепшы час.

— Хто вас ужо павіншаваў?

— Ой, шмат, бясконцая колькасьць людзей, пісьменьнікі, паэты, хапіла віншаваньняў і ўсялякіх падарункаў. З амбасадаў надасылалі вінаў, белыя ёсьць і чырвоныя, так што сёньня вечарам вып’ю келіх белага, пасьля чырвонага і зноў белага. Так што будзе бел-чырвона-белае віно за Беларусь.

— Да гэтага юбілею вы завяршылі новы раман, ён надрукаваны ў «Дзеяслове». Раскажыце пра яго.

— Чалавек стараецца сам сябе павіншаваць, самому сабе зрабіць падарункі. Я такі падарунак сабе зрабіў — пад гэты юбілей скончыў раман «Гэй Бэн Гіном», што можна перакласьці як «геена вогненная». Раман пра жыцьцё і сьмерць Янкі Купалы, пра ягоную гібель у гатэлі «Масква». Але гэта такая зьнешняя канва сюжэту.

А ўнутрана гэта раман пра Беларусь, пра беларусаў, пра лёс кожнага з нас. У тым ліку пра мой лёс, бо я там прысутнічаю як пэрсанаж з такімі відавочнымі прыкметамі біяграфіі.

Я доўга абдумваў гэты раман, доўга да яго рыхтаваўся — эсэ пра Купалу напісана недзе 30 гадоў таму. Я задаваўся пытаньнем да сябе і да маёй краіны — ці той шлях і лёс, які мы пражылі, мы самі выбралі, ці яго ўсё-ткі выбралі за нас?

У рамане нароўні з Купалам асноўным пэрсанажам зьяўляецца Хрыстос. І там у самым пачатку як бы відавочная ідэя, калі Хрыстос кажа Купалу, што ёсьць людзі, якія бачаць дарогу толькі тады, калі іх па ёй вядуць. І вось Купала ў рамане таксама пачынае думаць пра сваю дарогу, пра свой лёс.

Па тых водгуках, якія я маю ад людзей, якіх паважаю, мне калі ня цалкам, то збольшага рэалізаваць гэтую задуму ў рамане ўдалося. Ён, ва ўсякім разе, атрымаўся чытэльны.

— Калі ён выйдзе асобнай кнігай?

— Тут ёсьць праблемы, але, спадзяюся, яны будуць пераадоленыя. Там жа часы купалаўскія, там няма ніякага «экстрэмізму» і проста быць ня можа. Ён не чапляе сёньняшні час, і, дарэчы, гэта добра. Ня ведаю, як каму, а мне вельмі цяжка пісаць пра сёньняшні час, таму што трэба скарыстоўваць тых пэрсанажаў, якія рэальна ў гэтым часе прысутнічаюць. А я б іх не хацеў ні на яве, ні ў сьне бачыць, а ня тое што ў літаратуры.

Я таксама думаў нешта пісаць пра падзеі жніўня і пасьля жніўня, але, па-першае, я адчуў, што пакуль што дыстанцыя ня тая. Каб аб’ектыўна і аб’ёмна напісаць, трэба адысьці, паглядзець трохі зводдаль на тое, што адбываецца перад табой сёньня.

А па-другое, усе тыя, хто міжволі ўлазіць у сюжэт, гэта ня тыя людзі, якіх я хацеў у сваіх тэкстах бачыць.

Сам па сабе сёньняшні час, ад пачатку выбарчай кампаніі, па сюжэце — гэта падарунак, гэта клайндайк для пісьменьніка. Можна, нічога не выдумляючы, проста пісаць падзею за падзеяй. Але я так ня ўмею, і трэба ўгледзецца ў гэта больш глыбока, каб ня зьбіцца на займальную бэлетрыстыку. Бо тут жа шмат займальнага, гэтыя нашыя «тры грацыі», гэта проста «брадвэй». Але трохі пачакаем, можа Бог дасьць здароўе, то напішу.

Някляеў у Дзень народзінаў: «Каб мы самі выбіралі шлях»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(22)