Някляеў у Дзень народзінаў: «Каб мы самі выбіралі шлях»

Беларускаму паэту, экс-кандыдату ў прэзiдэнты сёння споўнiлася 75 гадоў.

Фота з Facebook паэта

– Святкаваць не выпадае, бо палова тых, каго хацеў бы запрасіць на свята, у турме, – пiша 9 лiпеня Уладзімір Някляеў. – Сябры (музыкі, акторы) прапанавалі ўсё ж неяк адзначыць юбілей. Сыграць каля сцен Крэўскага замка, дзе бегала маё дзяцінства, спектакль па нядаўна папісанай драме «Ягайла». Улады не дазволілі. І зусім не таму, што некалі Ягайла прадаў Вялікую Літву за ўладу.

Чаму забаранілі, зразумела... Але не даць некаму адзначыць дзень народзінаў там, дзе ён нарадзіўся, гэта ўжо не проста чынавенскае рвенне, а нейкая іншая, адрозная ад той, якая была яшчэ нядаўна, свядомасць. Не беларуская, дый увогуле не чалавечая...

Тым не менш юбілей я адзначыў, дапісаўшы пад яго раман «Гэй Бэн Гіном». Гэта мой самому сабе на 75 гадоў падарунак. Што яшчэ трэба чалавеку, сэнс жыцця якога ў словах?

Словы, мова – не пытанне лінгвістыкі. Калі б было так, слова не было б, як сказана ў Святым пісанні, напачатку ўсяго.

Словы, мова – пытанне быцця. Менавіта пра гэта, як пра найважны складнік таго, з чаго пачынаецца чалавек, народ, нацыя, я казаў заўсёды – і хачу сказаць на сваё 75-годдзе.

«Вы чаму, дасканала валодаючы ангельскай, сусветнай мовай, пішаце на той, якой ніхто ў свеце, апроч людзей вашага племені, не ведае?» – пытаюць у рамане аднаго з ягоных персанажаў, кенійскага пісьменніка Нгугі Ва Тхыёнга.

І ён адказвае, што піша на той мове, якая змагаецца за свабоду ягонага народа. «Мова народа, – адказвае ён, – ягоная зброя. А заваёўнікі прыходзяць са сваёй. І народ, які прымае чужую мову, прымае чужое валадаранне. Куля – сродак фізічнага падпарадкавання, а мова – сродак падпарадкавання духоўнага».

«Ёсць людзі, – пачынаецца раман, – якія бачаць дарогу толькі тады, калі іх па ёй вядуць». Гэта сціслы змест рамана «Гэй Бэн Гіном», ідэя якога ў тым, каб нас не вялі, а каб мы самі выбіралі шлях. Каб мы на ім не страцілі, а тым больш не павыкідвалі сваё. Толькі так, з усім сваім, крэўным, што ад пачатку дадзенае Богам, з усіх шляхоў, якія перад намі, выбіраючы шлях да Беларусі, мы зможам да яе дайсці.

Жыве Беларусь!

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.9 (оценок:13)