6 каранавірусаў на адну сям’ю, бацька памёр

Радыё Свабода паразмаўляла з хлопцам, які адкрыта распавядае пра сваю хваробу.

Дзьмітры Касьцючэнка ў 6-м шпіталі

Яшчэ нядаўна Дзьмітры Касьцючэнка жыў звычайным жыцьцём: хадзіў у краму, на вуліцу і трэніроўкі. Але раптам усё зьмянілася. Цяпер хлопец ляжыць у шпіталі з каранавіруснай інфэкцыяй і вядзе Тэлеграм-канал пра сваю хваробу. Яго дзяўчына Ганна і яе маці чакаюць вынікаў аналізу, а бацька каханай памёр праз каранавірус 3 красавіка.

«Далей па нарастаючай: пнэўманія, двухбаковая пнэўманія, каранавірус»

Хвароба ў самога хлопца праходзіць бессымптомна. Дзьмітры распавядае, як усё пачалося:

— Была тэмпэратура, насмарк. У першы дзень у мяне была 38, у дзяўчыны 37. У яе маці каля 38, а ў бацькі большая за ўсіх — 38,5, — кажа ён.

Гэта было яшчэ на пачатку сакавіка.

— Усе мы пахварэлі пару дзён, да панядзелка нам стала лепш. Акрамя бацькі. На выходныя мы выклікалі лекара. Ён сказаў, што ў нас ва ўсіх „вірусная глотка“, але нічога страшнага — лячыцеся, і ўсё будзе добра. Адзінае, што бацьку прапісалі антыбіётыкі, бо ён даўжэй хварэў, чым мы.

Потым, кажа хлопец, у яго і дзяўчыны прапаў нюх, але яны не зьвярнулі на гэта ўвагі. І калі маладых людзей стан здароўя больш не хваляваў, то бацьку лепш не станавілася.

— Усё толькі пагаршалася. Потым мы выклікалі хуткую. Далей па нарастаючай: пнэўманія, двухбаковая пнэўманія, каранавірус.

У момант, калі стала вядома пра каранавірус у бацькі Ганны, Дзьмітры ішоў на трэніроўку. Але яму патэлефанавала Ганна і паведаміла сумную навіну.

— Сказала: «Стой, не заходзь у залю. У бацькі каранавірус». Але гэта было яшчэ не афіцыйна, проста патэлефанавалі знаёмыя і сказалі. З санэпідэмстанцыі яшчэ не званілі. Я апэратыўна паехаў дадому. Але думаў, можа, гэта ахінея нейкая, можа, у нас кепскія крыніцы. Думаю — ну які каранавірус? Ужо ж нам два разы сказалі, што ў бацькі не было каранавірусу.

«Ці спалохаўся я, калі даведаўся, што ў мяне каранавірус? Яшчэ як!»

Праз некаторы час пра дыягназ паведамілі афіцыйна. Уся сям’я стала кантактамі першага ўзроўню.

— Нас забралі ў чацьвёрты шпіталь. Умовы там былі нармальныя. Я ляжаў у боксе з двума палатамі. У кожнай палаце па два чалавекі. Груба кажучы, адзін санвузел на чатыры чалавекі.

А потым прыйшлі вынікі аналізу на каранавірус. У Дзьмітрыя ён быў станоўчы, таму яго перавялі ў шосты шпіталь. А за некалькі гадзінаў да гэтага ад каранавірусу памёр бацька Ганны. Апошнім часам той ляжаў на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Пра гэта Свабодзе распавядала сама Ганна.

— Ці спалохаўся я, калі даведаўся, што ў мяне каранавірус? Яшчэ як! Глядзіце: Памірае бацька — нам пра гэта паведамляюць дзесьці а пятай вечара. І ўжо ўначы мне тэлефануюць з санэпідэмстанцыі, што ў мяне выявілі каранавірус. Я, калі шчыра, проста ашалеў. Адразу пачалі ногі нямець. Гадзіны дзьве ня мог заснуць, бо адыходзіў ад навіны, што я таксама хворы.

Першыя вынікі аналізу на каранавірус у дзяўчыны Дзьмітрыя Ганны і яе маці былі адмоўныя. Цяпер яны чакаюць вынік паўторных мазкоў. У іх сям’і на каранавірус захварэла сястра памерлага мужчыны і яе муж, стрыечная сястра Ганны і яе сын.

«Душ адзін на ўсіх, ключ бярэм у мэдсястры»

Умовы ў шостым шпіталі горшыя, чым у чацьвёртым, кажа Дзьмітры.

— Тут адзін санвузел на ўвесь паверх — ня ведаю, колькі людзей, бо нам не дазваляюць асабліва тусавацца тут. Душ адзін на ўсіх, ключ бярэм у мэдсястры. Рэчы мыю сам, сушу на батарэі. У маёй палаце 4 чалавекі. Градусьнікі ў нас забралі — ня ведаю чаму. У 4 шпіталі нам давалі дзёньнік і градусьнік, і мы павінны былі пісаць туды сваю тэмпэратуру тры разы на дзень. Тут два разы на дзень прыходзяць і мераюць тэмпэратуру мэдыкі. Я прасіў градусьнік, але ў мяне запыталіся навошта і сказалі не панікаваць — маўляў, буду як параноік мераць тэмпэратуру некалькі разоў на дзень. Ну, ладна.

Лекары ставяцца да пацыентаў добра. Але ў першыя дні ў шпіталі Касьцючэнка зь імі пасварыўся.

— Праз тое, што ў майго суседа па палаце былі яўныя сымптомы пнэўманіі. У яго быў сур’ёзны кашаль, ён цяжка дыхаў, у яго балелі цягліцы. І я ўчыніў скандал, маўляў, чаму вы мяне палажылі з чалавекам, у якога сымптомы, калі я бессымптомны?

Я казаў, што зараз падхаплю якую-небудзь бацылу і буду гэтак жа сама, як ён, пакутаваць. Мне сказалі, каб я не хваляваўся, бо мне гэта не перадасца. Потым да нас палажылі яшчэ двух хлопцаў без сымптомаў. А той чалавек, з-за якога я ўчыніў канфлікт, ужо ідзе на папраўку.

Вольны час у шпіталі Дзьмітры і яго суседзі праводзяць у гаджэтах.

— Я вяду свой Інстаграм, Тэлеграм-канал. Хлопцы ў ноўтбуках, тэлефонах сядзяць. Амаль не ўстаём з ложкаў, бо і хадзіць асабліва няма куды. Асабліва не камунікуем.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(27)