Скандалы
Сяргей Макарэвіч, «Наша Ніва»

«Паляўнічыя на педафілаў» сцвярджаюць, што злавілі высокапастаўленага функцыянера БРСМ

У інтэрнэце з’явілася відэа з Жодзіна, на якім мясцовыя «паляўнічыя на педафілаў» затрымалі мужчыну.

Госць са сталіцы прыехаў у Жодзіна на спатканне з 15-гадовым падлеткам для інтымнай сувязі. Малец сустрэў яго, але па дарозе са станцыі дзяжурыла група маладых людзей.

Аматара сэксу скруцілі і, калі верыць відэа, знайшлі ў яго дакументы на імя N., функцыянера Рэспубліканскага штаба моладзевага атрада аховы правапарадку БРСМ і, адначасова, актывіста Кампартыі Беларусі. Гэтыя дакументы дэманструюцца на запісе.

Жодзінскія хлопцы не стрымлівалі сябе ні ў выразах, ні ў кулаках. Прыезджаму хапіла пад бок і пад галаву.

«Я проста прыехаў у горад да знаёмых», — енчыць чалавек на відэа. Адмаўляе абвінавачванні ў педафіліі, пагражае, што ягоны бацька з нападнікамі разбярэцца.

«Усё даказаць можна — было б жаданне», — кажа ён у адказ на запэўніванні, што маюцца ўсе доказы ягоных непрыстойных намераў. Асаблівае раздражненне «паляўнічых на педафілаў» выклікала ягоная прапанова адкупіцца грашыма.

«НН» звязалася з N. Ён здзіўлены з’яўленнем гэтага відэароліка.

«Вы мяне проста шакавалі», — кажа ён. І адмаўляе, што такая гісторыя здаралася з ім.

Ён не выключае, што гэта «магла быць нейкая падстава», бо «па сваёй дзейнасці сутыкаўся з непрыемнымі каментарыямі на свой адрас». Са словаў N., «невядомыя ад яго імя стварылі некалькі несапраўдных старонак у сацыяльных сетках».

N. кажа, што ў Жодзіне ён апошні раз быў у канцы 2010-га.

Ці былі выпадкі, каб яго збівалі, каб былі інцыдэнты? Не, кажа ён, нічога такога.

Як жа дакументы з яго прозвішчам маглі з’явіцца ў відэа? Ён не мае гэтаму тлумачэння.

Адміністратар суполкі, якая выставіла відэа, упэўнены, што чалавек на відэа не выпадковы. А ці маглі быць дакументы на імя N. у другога чалавека? — запыталіся мы. «Если это не он, то ради бога», — адказаў нам адміністратар.

У той самай суполцы выстаўленыя іншыя відэа выкрытых, на думку аўтараў, педафілаў і з крытыкай наркаманіі.

Актывісты суполкі трымаюцца праварадыкальных поглядаў, яны блізкія не да беларускіх нацыяналістаў, а да расійскага неанацыста Цесака.

Са словаў адміністратара суполкі, іх тактыка простая: з чалавекам, які шукае інтымнай сувязі з 15-гадовым, «сустракаецца рэальны хлопец і яны ідуць нібыта на кватэру, каб па дарозе пераканацца, што гэта акурат той чалавек і што ягоныя намеры такія, як у перапісцы».

Пасля гэтага адбываецца катарсіс: «Падбягаюць пацаны, здароваюцца і тлумачаць, што ёсць два варыянты: даць інтэрв’ю нам і паехаць дамоў ці з’ездзіць у міліцыю для прафілактыкі».

Па словах адміністратара, відэа было выстаўлена ў інтэрнэт адразу пасля інцыдэнту, пасля было выдалена, цяпер з’явілася зноў.

Імя N. двойчы гучала ў інтэрнэце раней. Першы раз — пасля суда над адным з палітвязняў.

Як функцыянер БРСМ, N. прывёў у залу студэнтаў, каб заняць усе месцы. Такім чынам, ад паседжання адсякаліся праваабаронцы і сябры падсудзімага. Рэпарцёры зафіксавалі тады, як ён штурхануў маці палітвязня.

Другі раз гэты функцыянер выступіў пасля Плошчы з філіпікамі на адрас апазіцыі і «кандыдатаў-банкрутаў».

Моладзевы атрада аховы правапарадку БРСМ — гэта кузня кадраў для сілавых структур.

Крымінальным кодэксам РБ адказнасць за сэкс з непаўналетнімі прадугледжваецца ў тым выпадку, калі гэтая асоба не дасягнула 16 гадоў. У жодзінскім выпадку адказнасці не можа быць, бо да сэксу не дайшло.

Затое ў самасудзе паляўнічых на педафілаў можна ўгледзець некалькі артыкулаў: дробнае хуліганства, нанясенне лёгкіх цялесных пашкоджанняў, распаўсюджванне матэрыялаў, якія прапагандуюць культ гвалту і жорсткасці, абраза. Аднак жа, са зразумелых прычын, ахвяры паляўнічых не імкнуцца да розгаласу.

Усе дакументы госцю з Мінска жодзінскія хлопцы вярнулі. Самога яго, па словах адміністратара, адвялі ў жодзінскую міліцыю, дзе з ім правялі прафілактычную размову.

Жодзінская міліцыя справы не дала нам інфармацыі, ці такі інцыдэнт фіксаваўся.

«Со слов милиции, никаких притензий к нам он не имел, ну оно и понятно, только яро уговаривал не вылаживать ничего в интернет», — напісаў нам адміністратар (стыль захаваны).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)