Скандалы
Юлія Аляксандрава, фота «Наша нiва»

Журналіста тэлеканала «Белсат» асудзілі на 10 сутак

Затрыманы 3 лютага супрацоўнік тэлеканала «Белсат» Іван Шульга правёў ноч на Акрэсціна. Нават раніцой 4 лютага яго калегі не ведалі, дзе ён знаходзіцца, але меркавалі, што «хутчэй за ўсё, яго будуць судзіць за «супраціўленне супрацоўнікам міліцыі». 4 лютага каля 16.30 суддзя вынесла прысуд затрыманаму: 10 сутак арышту па артыкуле 17.1 Адміністратыўнага кодэксу («дробнае хуліганства»).

Бліжэй да 12.00 4 лютага стала вядома, што Івана Шульгу вязуць у суд Савецкага раёна. Падтрымаць рэпарцёра прыйшлі каля дзесяці чалавек, аднак прысутнічаць нават у памяшканні суда ім забаранілі, патлумачыўшы гэта «перапынкам на абед».

Сведкамі на судзе выступалі міліцыянты, якія праводзілі затрыманні. Запыт адваката Івана Шульгі аб дадатковым сведку — суседзе, які ў час затрымання выходзіў на пляцоўку, не быў задаволены.

Па папярэдніх словах міліцыянтаў, чалавек, які выйшаў з кватэры, быў п’яны і на выхадзе з памяшкання ўдарыў аднаго з супрацоўнікаў праваахоўчых органаў і сарваў з яго пагоны. Факт алкагольнага ап’янення з журналіста быў зняты. Аднак у якасці прысуду ён атрымаў 10 сутак арышту.

Днём каля будынку суда таксама знаходзілася здымачная група тэлеканала СТВ, якой, па словах саміх карэспандэнтаў, «замовілі гэты сюжэт». У чацвер увечары яго пакажуць у блоку навін.

Падзеі вакол мінскага офіса «Белсат» разгарнуліся 3 лютага, калі ў кватэру, якую здымае прадстаўнік тэлеканала, спрабавалі ўвайсці невядомыя ў цывільным.

За нейкі час да гэтага Іван Шульга — адзін з журналістаў тэлеканала — сыходзіў з кватэры, за якой ужо, па меркаванні яго калег, ужо сачылі.

— Праз невялікі адрэзак часу зазваніў дамафон, а той чалавек, які пайшоў адчыняць дзверы, пачуў у слухаўку, як нехта крыкнуў: «Не адчыняйце: міліцыя!» Мы зразумелі, што гэта быў Іван, — распавялі «Салідарнасці» супрацоўнікі тэлеканала. — Але з таго часу яго нумар быў недасяжны.

— Са слоў начальніка РАУСА, які прыехаў пазней, мы зразумелі, што Івана затрымалі. У самім РАУС гэтую інфармацыю, як часта бывае, не пацвердзілі. Аднак пасля ў нас запытваліся, ці ведаем мы гэтага чалавека, распытвалі пра яго. Усё гэта сведчыла пра затрыманне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)