Политика
Мікола Чарняўскі

Зянон Пазьняк: Вучэньні «Захад-2009» могуць прывесці да вайсковай правакацыі з боку Расеі

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя БНФ заклікае беларускае грамадства і прадстаўнікоў улады не дапусціць правядзення восеньню ў Беларусі вучэньняў «Захад-2009». «Антызаконныя расейскія манеўры на Беларусі павялічваюць магчымасьць вайсковай правакацыі з боку Расеі і неканстытуцыйнага выкарыстаньня войска на беларускай тэрыторыі», — адзначаецца ў заяве партыі.

Заява падпісана старшынёй КХП БНФ Зянонам Пазьняком, в.а. старшыні на Беларусі Юрыем Беленькім і намесьнікам старшыні Сяргеем Папковым.

— Дзеяньні і заканадаўчыя ініцыятывы цяперашняй расейскай ўлады — эскалацыя напружанасьці на Каўказе, непасыланьне амбасадара на Украіну, агрэсіўны ліст Д. Мядзьведзева прэзыдэнту Украіны В. Юшчанку, антыпраўнае абгрунтаваньне магчымасьці ўвядзеньня расейскага войска на чужую тэрыторыю — усё гэта прымушае нас яшчэ раз засяродзіць увагу на антыканстытуцыйным рашэньні рэжыму Лукашэнкі пра правядзеньне расейскіх вайсковых манеўраў на Беларусі («Захад-2009»), якія намечаныя на канец верасьня, — указваюць яны.

Па меркаваньні кіраўніцтва КХП БНФ, расейскія ўлады шукаюць новага вайсковага канфлікту на Каўказе як праверанага мэтаду адцягненьня ўвагі народу ад сістэмнага крызісу ў эканоміцы і кіраўніцтве. А агрэсіўныя заявы і дзеяньні расейскай улады сапраць Беларусі, Украіны, Малдовы, Літвы зьвязаныя зь яе правакацыйнай палітыкай на Каўказе.

— Антызаконныя расейскія манеўры на Беларусі ў сьвятле згаданых падзеяў і заканадаўчых актаў Крамля павялічваюць магчымасьць вайсковай правакацыі з боку Расеі і неканстытуцыйнага выкарыстаньня войска на беларускай тэрыторыі, — папярэджвае Зянон Пазьняк і кіраўніцтва КХП БНФ.

Яны таксама зьвяртаюць ўвагу на тое, што Аляксандр Лукашэнка прыняў антыканстытуцыйнае рашэньне, якое прадугледжвае ўвядзеньне расейскага войска на суверэнную тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, парушэньне прынцыпу нэйтралітэту краіны і няўдзелу ў ваенных блоках.

Кіраўніцтва КХП БНФ заклікае беларускае грамадзтва, прадстаўнікоў улады, «у якіх захавалася яшчэ павага да Беларусі», усімі спосабамі супроцьдзейнічаць небясьпечнай вайсковай палітыцы, якую праводзіць рэжым Лукашэнкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)