Политика

Зянон Пазняк святкуе 65-ты год нараджэння (фота з архіва)

Легендарны Зянон Пазняк у пятніцу святкуе 65-год нараджэння. Па словах палітыка, з самай раніцы ён прымае віншаванні ад сяброў па палітычнай і літаратурнай дзейнасці як з Беларусі, так і з замежных краін. Але адзначае, як прызнаўся палітык Еўрарадыё, не за святочным сталом, а за працоўным.

Зянон Пазняк расказаў Еўрарадыё наступнае: «Я працую ў гэты дзень. Мне не даводзіцца яго святкаваць, а прыходзіцца працаваць. Праца – кіраўніцтва партыяй, усе праекты, усе аналізы, усе ўзгадненні. Уся гэта праца доўжыцца 15 гадоў. Плюс, адпаведна, праца над кнігамі, над артыкуламі, над новымі праектамі і заявамі. Усё гэта на мне. Гэта праца, якая ідзе з ранку да вечара і за якую ніхто не плаціць».

Працы дадалося ў сувязі з тым, што палітык вырашыў наведаць 6 траўня Прагу. Нагадаем, запрашэнне ўзяць удзел у грамадзянскім форуме і сустрэчы з міністрам замежных спраў Чэхіі атрымалі 5 прадстаўнікоў беларускага грамадства: Зянон Пазняк, Аляксандр Казулін, Аляксандр Мілінкевіч, Станіслаў Шушкевіч, Івонка Сурвіла. Яшчэ некалькі дзён таму лідэр КХП-БНФ казаў, што не вызначыўся з тым, ці паедзе ён у Прагу.

На афіцыйным сайце палітыка прыводзіцца наступная яго біяграфія:

Зянон Пазьняк – старшыня Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ.

Нарадзіўся 24 красавіка 1944 года ў мястэчку Суботнікі Іўейскага раёна Гарадзенскай вобласьці. Тут жа скончыў сярэднюю школу. У 1967 годзе скончыў Беларускую Мастацкую Акадэмію (тады – Беларускі Дзяржаўны Тэатральна-мастацкі Інстытут), мастацтвазнаўчае аддзяленьне. У 1972 годзе скончыў асьпірантуру пры Інстытуце Этнаграфіі, Мастацтвазнаўства і Фальклёру Акадэміі Навук Беларусі. У 1981 годзе абараніў дысертацыю ў Ленінградзе па гісторыі беларускага тэатру.

Займаўся мастацтвазнаўствам. Пасьля чарговых палітычна-адміністрацыйных рэпрэсіяў (1974 г.) і пазбаўленьня працы ў інстытуце Мастацтвазнаўства займаўся археалёгіяй (з 1976 г.). Працаваў старшым навуковым супрацоўнікам у адзеле археалёгіі Інстытута гісторыі Акадэміі Навук. Вывучаў пэрыяд позьняга сярэднявечча ў Беларусі. (Раскопкі Менска, Лоска і іншых беларускіх гарадоў і мястэчак.) Шмат зрабіў для захаваньня гістарычнай спадчыны і помнікаў архітэктуры старога Менску. Адстаяў ад разбурэньня гістарычныя кварталы Менску: Траецкае прадмесьце, Верхні горад, Ракаўскае прадмесьце.

У 1988 годзе адкрыў для беларускай і сусьветнай грамадзкасьці і археалягічна дасьледваў масавыя пахаваньні людзей у Курапатах, расстраляных ворганамі НКВД. Зянон Пазьняк – адзін з актыўных заснавальнікаў і Старшыня Мартыралёгу Беларусі (1988 г.) і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” (1988 г.).

З траўня 1990 года па студзень 1996 г – дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, кіраўнік дэпутатцкай Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце. Найбольш важныя справы, зьдзейсьненыя пад яго кіраўніцтвам у гэты час: адкрыцьцё праўды беларусам пра маштабы Чарнобыльскай катастрофы (1989-1990 гг.), вяртаньне незалежнасьці Беларусі (1991 г.), нацыянальнага Бел-Чырвона-Белага Сьцягу, гэрбу Пагоня і суверэнітэту краіны, распрацоўка сацыяльна-эканамічнага заканадаўства, якое стварыла аснову незалежнасьці краіны, вярнула беларусаў з «гарачых кропак» савецкай імпэрыі на радзіму.

У 1992 годзе пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка апазыцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце створана Канцэпцыя эканамічнага разьвіцьця дэмакратычнай незалежнай Беларусі (апублікавана у «Народнай газэце» 16.04.1992 г.).

У сакавіку 1996 года пакінуў Беларусь разам з Сяргеем Навумчыкам. Праз месяц нечакана для ўладаў вярнуўся ў Менск на Чарнобыльскі Шлях і дзякуючы дапамозе беларускіх патрыётаў пазьбег арышту пасьля акружэньня і штурму АМАПам сядзібы БНФ. Быў на Ўкраіне, потым у Чэхіі, Польшы, Вялікабрытаніі, затым быў запрошаны ў ЗША на шэраг палітычных сустрэчаў. Урад ЗША прадставіў Зянону Пазьняку палітычны прытулак.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)