«Звольнілі з працы, калі даведаліся, што я сакратарка БРСМ»

«Зазвычай прыніжаюць моладзь, якая не зьяўляецца сябрам БРСМ, а мяне звольнілі за тое, што я была сакратаркай БРСМ на факультэце», — зьдзіўляецца студэнтка апошняга курсу БДЭУ Даша Яцэвіч.

Беларускамоўная ў жыцьці, пасьля страты працы дзяўчына разьвіталася і зь Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі. Як гэта здарылася і чаго ёй каштаваў БРСМ, Даша распавяла Generation.by.

У свае 22 гады Даша Яцэвіч мае нядрэннае CV: удзел у камэрным хоры і курсах журналістыкі ў БДУ, праца на буйным рэклямным партале, арганізацыя рэклямных фэстаў. І да ўсяго гэтага старшыньства ў суполцы БРСМ на родным факультэце Міжнародных эканамічных адносінаў БДЭУ. Аднак кожная з гэтых пасадаў даліся Дашы, як кажуць, крывёю і потам. Болей за тое, з часам высьветлілася, што Даша, беларускамоўная рэкляма і БРСМ — не сумяшчальныя.

«Я была сакратаркай БРСМ на сваім факультэце два гады запар, — распавядае Даша ў час кароткай сустрэчы, на якую яна ледзьве знайшла час паміж парамі ва ўнівэрсытэце, грамадзкай дзейнасьцю і працай. — Плюсы гэтай арганізацыі ў тым, што яна мае грошы, а ты вучысься іх выкарыстоўваць так, як хочаш».

«Там ёсьць розныя кірункі працы, я займалася інфармацыйнай падтрымкай: гэта падтрымка сайту факультэту МЭА і ўнівэрсытэцкага сайту БРСМ. Яшчэ мы выпускалі газэту «Студэнцкі весьнік».

– Калі ты ўвогуле патрапіла ў БРСМ? — пытаюся ў Дашы.

– Яшчэ са школы. Я сама вясковая. Школка ў нас маленькая. І нам вельмі хацелася чым-небудзь займацца, але акрамя БРСМу нічога не было. Падчас маёй школьнай дзейнасьці ў БРСМ мы арганізоўвалі розныя гульні паміж школьнікамі і настаўнікамі, удзельнічалі ў міжнародным руху супраць СНІДу. Не скажу, што мы ўступалі прымусова, проста ў нас былі цікавыя арганізатары і альтэрнатыўнай арганізацыі не было»

– А зараз ты больш не займаесься актыўнай дзейнасьцю ў БРСМ? Не стае часу?

«Не зусім. Раней я працавала на буйны рэклямны партал, яны былі аднымі з арганізатараў фэстывалю рэклямы, і я таксама ўдзельнічала ў арганізацыі гэтага фэстывалю. На той час была таксама сакратаркай БРСМ на факультэце. Арганізатары даведаліся і сказалі мне:

„Ты ў БРСМ. Так нельга. Ты ня можаш быць піяр-мэнэджарам фэстывалю. Гэта моцна б’е па яго прэстыжы“.

Так мяне звольнілі. Сытуацыя ўвогуле надзвычайная: зазвычай прыніжаюць моладзь, якая ня ў БРСМ, а тут усё наадварот. Потым я знайшла іншую працу, дзе нікому няма справы да маёй дзейнасьці і ўжо не стае часу для БРСМ».

– Што б ты хацела зьмяніць у БРСМ?

– Я лічу, што галоўнае для студэнта — гэта права выбару. Я б не навязвала б сяброўства ў БРСМ. Калі студэнту падабаецца тое, што яны робяць, ён добраахвотна уступіць. Але я б не хацела зноўку займацца актыўнай дзейнасьцю ў БРСМ. Мяркую, што гэта няправільна, калі няма альтэрнатывы гэтай арганізацыі. Варта стварыць канкурэнцыю для БРСМ.

Працяг чытайце тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)