ЗША ўвялі новыя эканамічныя санкцыі

Міністэрства фінансаў ЗША выдала загад аб увядзеньні эканамічных санкцый супраць 4 беларускіх прадпрыемстваў – «Белшына», «Гродна-Азот», «Гродна-хімвалакно» і «Нафтан».

Грамадзянам ЗША забараняюцца любыя камэрцыйныя зьдзелкі з гэтымі прадпрыемствамі, а любыя актывы гэтых прадпрымстваў у ЗША, калі яны існуюць, замарожваюцца.

У дакумэнце дэпартамэнту кантролю за замежнымі актывамі казначэйства адзначаецца, што гэтыя прадпрыемствы знаходзяцца ва ўласнасьці ці пад кантролем канцэрну «Белнафтахім». Санкцыі супраць канцэрну былі ўведзеныя яшчэ ў лістападзе 2007 году, паколькі канцэрн знаходзіцца ва ўласнасьці альбо пад кантролем кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Адпаведнае распараджэньне мае на мэце санкцыі адносна юрыдычных і фізычных асобаў, адказных за падрыў дзейнасьці дэмакратычных працэсаў і інстытутаў у Беларусі, якія нясуць адказнасьць за распрацоўку дзеяньняў альбо ўдзел у дзеяньнях, якія парушаюць правы чалавека, якія зьяўляюцца высокімі дзяржаўнымі службоўцамі альбо датычныя да карупцыі.

У дакумэнце казначэйства адзначаецца, што «Нафтан» зьяўляецца даччынай кампаніяй канцэрну «Белнафтахім», якая займаецца пастаўкамі нафтапрадуктаў у Беларусь у дадатак да вытворчасьці і перапрацоўцы дызэльнага паліва. Даччыная кампанія канцэрну «Белнафтахім» «Гродна-Азот» зьяўляецца буйным вытворцам угнаеньняў і тавараў народнага спажываньня. «Гродна – Хімвалакно» прадукуе нэйлён і поліэфірныя ніткі і валокны, а «Белшына» зьяўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў аўтамабільных шын у Эўропе.

Нагадаем, што ў 2007 годзе ЗША ўвялі санкцыі супраць канцэрну «Белнафтахім». У траўні 2008 году да іх дадаліся прадпрыемствы «Лакафарба», «Полацак-шкловалакно» і «Беларускі нафтавы гандлёвы дом». У жніўні 2008 году санкцыі адносна «Лакафарбы» і «Полацак-шкловалакна» былі прыпыненыя, пазьней прыпыненьне працягвалася некалькі разоў, але ў лютым 2011 году дзеяньне санкцый было адноўленае.

У траўні сёлета ЗША ўвялі санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў «Белтэхэкспарт», БелОМА і «Беларусьнафта» за супрацоўніцтва зь Іранам у галіне стварэньне ядзернай і балістычнай зброі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)