Вікторыя Целяшук

Зоя Белахвосцік: «Гэта ўжо нават і не Оруэл, і не страшная казка. Няма такой літаратуры»

Вялікая гутарка з народнай артысткай Беларусі пра тое, як жыць у невыноснасці і чаму ўсё мусіць скончыцца добра.

Фоты Palujan

Чатыры пакаленні яе сям’і былі непарыўна звязаныя з Купалаўскім тэатрам. Але сёння на першым плане не новыя ролі, не з’едлівыя крытыкі і не ўдзячныя гледачы, а жыццё ва ўмовах новай рэчаіснасці. Як не апусціць рукі, калі цябе пазбаўляюць магчымасці працаваць, у чым можа быць крыніца натхнення і дзе паставіць коску ў сказе «паехаць нельга застацца»? Пра ўсё гэта «Салідарнасць» распытала народную артыстку, прыму Купалаўскага Зою Белахвосцік.

Мы адмыслова не абмяркоўвалі творчыя пытанні – навошта даваць падказку агрэсіўным «тэатралам», дзе і чым жывуць зараз Вольныя купалаўцы. Тыя, каго задавальняе сурагат, хай у каторы раз ладзяць кастынгі і рыхтуюць старыя новыя «прэм’еры», спрабуючы замяніць незамяняльных. Але ўлюбёныя ў мастацтва ведаюць, што галоўнае ў тэатры не сцены, а людзі і атмасфера, якая сышла разам з большасцю трупы ў жніўні 2020-га.

– Калі вярнуцца на год таму, у красавік 2020-га: у краіне ўжо «афіцыйна ёсць» каранавірус, у Купалаўскім напрыканцы 100-га сезону перанесеная прэм’ера спектаклю «EnsouvenirdeШагал», а ў цэхах тэатра замест касцюмаў шыюць маскі для сталічнага шпіталю. Памятаеце свае пачуцці ў тыя дні?

– Напрыканцы красавіка было вельмі цяжка, таму што мы яшчэ ігралі спектаклі, але разумелі, што хутка гэта скончыцца. Усе па-рознаму ўспрымалі «карону», але мы ведалі, што мы не будзем граць спектаклі…

Так яно і здарылася. Толькі дзякуючы намаганням Паўла Паўлавіча Латушкі, якому знекуды ўдавалася браць невялікія, але грошы для нас, мы змаглі неяк пражываць. Прыдумвалі нейкія анлайны, яшчэ штосьці рабілі – можа, нейкае глупства – аднае неяк выжылі. І хваля каранавіруса, якая пачалася тады, дала нам трэніроўку перад тым, што здарылася цяпер.

Было вельмі дзіўна, вельмі сумна, мы не ведалі, куды сябе падзець і што рабіць – абсалютная змена вобразу жыцця, і нам здавалася, што гэта жах. А аказалася, што гэта «лайтовая» падрыхтоўка да сённяшняга стану жыцця. І калі я кажу, што зверху там усё бачна і яны ведаюць, чым усё скончыцца і што для каго лепей, мы як быццам трошачкі натрэніраваліся такім чынам. (Смяецца).

– Тым не менш, сумуеце па жывых спектаклях, стасунках з гледачом, калі ты адразу бачыш вочы людзей, чуеш іхнюю рэакцыю, воплескі далоняў?..

– Безумоўна, без гэтага цяжка. Але гэта не той сум і цяжар, што мы рыдалі рыдма ці заломвалі рукі і біліся галавой аб сцяну. Нармальна, ніякай трагедыі няма – чалавек да ўсяго можа прыстасавацца і зусім спакойна, калі ты ведаеш, чаму і дзеля чаго ўсё гэта.

«Усё, дзверы зачыненыя»

– Зоя Валянцінаўна, вы прыйшлі ў тэатр імя Янкі Купалы ў 1982 годзе і фактычна без перапынкаў гралі ў ім увесь гэты час. Як пачуваліся, калі былі падпісаныя заявы на звальненне, сабраныя рэчы і зачыненыя за сабой дзверы, ва ўсіх сэнсах?

– Па-першае, мы так доўга чакалі падпісаных заяваў – мы не былі ўпэўненыя, што гэта наогул адбудзецца. Падпісалі, здаецца, чацвёртыя ці пятыя заявы, да таго ўсё рабілі выгляд, што іх няма і ніхто іх не бачыў, не браў у рукі.

А калі падпісалі – усё здарылася ў адзін дзень. Мы ж да гэтага ішлі, мы ж гэтага хацелі, таму – сабралі рэчы ды і ўсё.

Ці было адчуванне, што гэта надоўга? Ва ўсіх па-рознаму. Хтосьці думаў, што гэта адзін-два месяцы, хтосьці разумеў, што можа быць надоўга, але мы разумелі, як мы сыходзім, чаму і куды. Мы не ведалі, што потым для нас створацца такія немагчымыя ўмовы для працы…

– Вы бачылі жахлівы «выкрывальны рэпартаж» на СТБ, у якім купалаўцаў выставілі ў самым чорным святле?

– Так, мы пасля здагадаліся, калі гэта рабілася – калі нас не пускалі ў тэатр, мы прыйшлі, і стаялі міліцыянты і казалі, што там нібыта прафілактыка «кароны», мыюць і чысцяць. А ў гэты час там нешта накідалі і гэта знялі.

Усе адчуванні тады былі абвостраныя, усё ўспрымалася так балюча – проста слёзы наварочваліся на вочы ад таго, што ўсе ведаюць, як чыста і ўтульна ў нас у тэатры, які акуратны і чысты кожны куточак.

– Ты больш балюча было потым чуць меркаванні тых, хто застаўся альбо нават не быў купалаўцам, але дазваляў сабе выказвацца на гэты конт. Наколькі вас «зачапілі», пакрыўдзілі выказванні былых калег, ці ўдалося гэта прапусціць, каб не засела занозай у сэрцы?

– Я не магу сказаць, што гэта ўсё не кранае. Гэта было б няпраўдай. Кранае. Але асабіста я паставіла нейкі аткі заслон – не дапускаць, не ведаць, не чуць… Няма там што шукаць, няма там у чым капацца, усё і так зразумела, усё дастаткова цынічна і настолькі пошла, што мне хутчэй шкада гэтых людзей, што яны вымушаныя так паводзіць сябе. Шкада, і не больш таго, бо, безумоўна, ніколі з гэтымі людзьмі мне не прыйдзецца больш ні размаўляць, ні кантактаваць ніяк. Таму гэта ўжо недзе там, на другой планеце.

Я наогул не хацела б гэта ўсё каментаваць – не лічу, што трэба аб іх размаўляць. Праўда ж, усё зразумела – у іх сваё жыццё, свае мэты… Хай будуць жывыя-здаровыя, на гэтым усё. Усё, дзверы зачыненыя.

– Што для вас сталася самым вялікім расчараваннем 2020-га?

– Не магу нават сказаць, што расчараваннем – напэўна, трэба падабраць іншае слова. Думаю, што аднолькава для ўсіх беларусаў – у мяне не было ніякіх ружовых акуляраў, на жаль, я разумела, што будзе менавіта так, як адбылося. Але ж я не думала, што можа быць так нізка, так бесчалавечна. Пасля 9-га, пасля абвяшчэння вынікаў – гэта ўжо не расчараванне, гэта жах…

«На нашым баку чалавечнасць і праўда»

– Страшна чытаць спісы затрыманых і знаходзіць там усё новыя знаёмыя прозвішчы, у тым ліку імёны купалаўцаў… Вас што найбольш палохала ў тыя месяцы?

– Я наогул не палахлівы чалавек і асабіста нічога не баялася. Не, дакладней, баялася – страшна было тое, як набіраў ход і маштаб гэты сілавы рухавік. З кожным днём, з кожным тыднем і па сённяшні дзень ён раскручваецца – гэта ўжо нават і не Оруэл, і не страшная казка… Думаю, што на сёння і няма такой літаратуры, да якой можна было б асацыяцыі, спасылкі нейкія кінуць, з чым параўнаць гэта жахлівае Зазяркалле.

Мне баліць сэрца за ўсіх, хто знаходзіцца ў турмах, хто сядзіць там даўно – думаю аб іх больш, чым аб кім іншым. І пра Паўла Севярынца, і пра Міколу Статкевіча, і пра Зміцера Дашкевіча, і пра ўсіх-усіх. Асабліва пра тых дзяцей, якія там знаходзяцца – хлопчык, у якога эпілепсія, а яго ўсё б’юць і б’юць, і пра ўсіх жанчын і дзяўчат, і пра Машу Калеснікаву, пра журналістак…

Я не магу пералічваць, таму што пералічваць трэба ўсіх абсалютна – і Ціханоўскага, і Бабарыку – УСІХ. Таму што гэта не-ве-ра-год-на, і як спыніць, да каго дакрычацца, каму маліцца? Мы молімся, хто як можа, хто як умее, і я думаю, што ў нас атрымаецца.

Як Павел Севярынец напісаў «яны нас берцамі, а мы іх сэрцамі»– я, напэўна, чалавек больш жорсткі, я не магу «іх»– сэрцам. Берцам не буду, ніколі, ніяк. Але ж сэрцам… Таксама не. Проста магу іх шкадаваць, як, можа, людзей слабых розумам. Заўсёды, ва ўсе часы такія людзі ёсць, якім кажуць «фас»; гэта ж не адзін чалавек, іх мноства.

– Ці былі, наадварот, людзі, якія вас прыемна здзівілі – хоць, можа, ад іх і не чакалі?

– Не. Я ўжо гэта неяк гаварыла, але паўтаруся. Была вось гэта сітуацыя з Купалаўскім, і я баялася моманту, калі нас будзе мала. А калі сышло 63 чалавекі – гэта было для мяне такім найвялікшым шчасцем, я мо і не разлічвала на такую вялікую падтрымку калег.

– А вы, у сваю чаргу, сталі пэўным сімвалам для гледачоў…

– Так, мы гэта асэнсоўваем і разумеем. Але ў нас проста не было ніякага іншага выйсця.

– Калі штодня гайкі закручваюцца, а мяжы абсурду, здаецца, няма, што дае вам сілы, каб не апусціць рукі?

– Падтрымліваю сама сябе тым, што на нашым баку чалавечнасць і праўда. Нас большасць, нас агромністая колькасць, і ніхто з нас не захоча прыстасавацца да гэтай, прабачце, «рэчаіснасці». Трэба проста штосьці рабіць, не апускаць рукі, не падаваць віду, што табе цяжка, што скруха на сэрцы – нічога, «усміхаемся і машам».

– Мо, ёсць такі маральны арыенцір, пра каго думаецца: што ён ці яна сказалі б, зрабілі б у гэтай сітуацыі?

– Напэўна, не. Мы ўсе сёння, асабліва купалаўцы, думаем пра тых купалаўцаў, якія пайшлі ад нас – даўно ці нядаўна – і мяркуем, што б яны зрабілі, былі б з намі ці не. І гэта насамрэч дурная справа (смяецца). Але я ведаю, – бо я нядаўна перачытвала з нагоды таго, што збіраюся нешта напісаць пра сваю дынастыю, татавы нататачкі, дзе ён перапісваў вершы, запісваў свае думкі, у тым ліку вёў дзённік…

Я перачытвала тое, што мой тата, Валянцін Сяргеевіч Белахвосцік запісваў у 1994-1996-м – пра Быкава, пра мову – і разумею, што ён бы не тое, што нас падтрымаў, а быў бы першым, хто сказаў: трэба зрабіць менавіта тое, то мы зрабілі.

А яшчэ я заўсёды гляджу на нашу моладзь. на тых, на кім трымаецца тэатр сёння. Бо мы ўжо так, збоку прыпёку, можам толькі дапамагчы – а яны галоўныя, хто рухае тэатр. І імі можна ганарыцца. Я вачэй не магу адарваць ад іх – ад іх талентаў, іх думак, ад іх моцы і прыгажосці… Вельмі шкада, што ў такі цяжкі для нас час, быць можа, іх лепшы год выпаў на цяперашняе бязладдзе. Але я спадзяюся, што ўсё будзе добра.

– Што датычыцца процілеглага боку – ці карыстаецеся вы парадай прафесара Праабражэнскага «не чытаць да абеду савецкіх газет», ці ўсё д стараецеся быць у курсе дзеянняў уладаў, што і дзе адбываецца?

– Нават калі не будзеш глядзець тэлевізар і чытаць газеты, усё роўна даведаешся. Тым больш, хочацца ведаць, як развіваецца гэтая хвароба, куды мы рухаемся. Таму раз-пораз, канешне, падглядваеш. Вельмі смешна бывае. Але ж смех смехам, а людзі сядзяць у турмах, – уздыхае Зоя Валянцінаўна. – Так што я прымаю гэтую інфармацыю дазіравана, каб ведаць, што адбываецца.

«Як бы складана тут не было, мне тут лепей»

…Мы размаўлялі якраз у дзень 35-х угодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Якраз у 1986-ым, на пачатку красавіка, у Зоі Белахвосцік нарадзілася дачка Валянціна. Што яшчэ засталося ў памяці?

– Мы тады не ведалі, што гэта менавіта «той дзень», было ж усё шыта-крыта, ніхто нікому не паведамляў. Першы, хто мне сказаў пра катастрофу – гэта мая сястра, бо яна ўсё-ткі журналіст і мела больш інфармацыі.

Мая дачка нарадзілася 8 красавіка 1986 года, нас толкі нядаўна выпісалі з бальніцы і прывезлі дадому. Стаяла вельмі цёплае налвор’е – было такое сонейка, цеплыня, не такое, як зараз… Мы гулялі з каляскай, і тут якраз патэлефанавала сястра, якая сказала: не гуляйце на вуліцы, зачыняйце форткі і гэтак далей.

Толькі потым аб’явілі ўжо афіцыйна, што сталася – але хто такая радыяцыя і як з ёй жыць, ніхто не разумеў… Але аднойчы, у першых чыслах мая, ці то ў тры ці чатыры гадзіны ночы – званок у дзверы, прыйшлі і забралі майго мужа ў Брагін ліквідатарам. Гэта быў жах суцэльны: у нас маленькае дзіцё, у яго спектаклі ў тэатры, і мы зусім не разумелі, што рабіць. Праўда, ён там быў толькі некалькі дзён, але набраўся ўсяго. І яго расказы пра тое, што там адбывалася – таксама быў жах. Нейкім чынам праз нашага дырэктара тэатра былі націснутыя нейкія кнопкі і яго дасталі адтуль, бо было наогул незразумела, чаму і навошта туды забралі менавіта артыста…

А потым былі гастролі ў Гомелі 1 чэрвеня. Яны былі запланаваныя, як заўсёды ў тэатры – але трупа сабралася на сход і казалі аб тым, што ніхто не хоча ехаць, які месяц гастроляў, калі гэта вельмі небяспечна – а ў нас людзі і хворыя, і пажылыя зусім, тая ж Стэфанія Станюта, якая тым не менш паехала…

Наш дырэктар, Іван Іванавіч Вашкевіч, сказаў, маўляў, партыя сказала – трэба, «нічэво страшнава», таму паедзем. Сам ён адкрыў гастролі і нават не застаўся начаваць, з’ехаў у першы ж дзень – а ўсе засталіся, і былі нават выязныя пастаноўкі, быў Макаёнак «Верачка», дзе Стэфанія Міхайлаўна іграла бабулю, і яны ездзілі па маленькіх вёсках, бліжэй да зоны адсялення, і я памятаю, як яна замотвала хусткай галаву – але ж там замотвай, не замотвай, што зробіш… Вось такое было.

– Пачула ў адным з вашых інтэрв’ю, што вы дагэтуль няёмка пачуваецеся, калі пазнаюць на вуліцах і просяць аўтограф. Што лепш за ўсё рабіць беларусу, які раптам сустрэне Зою Белахвосцік?

– Ой, ды нічога! Я проста пужаюся ад нечаканасці, – смяецца народная артыстка Беларусі. – Нядаўна ішла па горадзе (а зараз жа ходзіш не так спакойна і шчыра, а як мыш пад венікам, ажно непрыемна, я не люблю так перасоўвацца) – і нехта са мной павітаўся. Нават спачатку не зразумела, хто гэта, потым прыгадала, малады мастак… Насамрэч вельмі радасна і прыемна, калі са мной вітаюцца. Рыбак рыбака бачыць здалёк, і калі бачыш шчырую ўсмешку – гэта цуд. Становіцца добра на душы.

Найлепшыя кампліменты, якія давялося пачуць сёлета? Нават не ведаю. Вельмі кранае, калі кажуць: «Дзякуй, што Вы ў нас ёсць». Тады разумееш, што ўсё не дарма. Бо ў нас такая прафесія, што жывеш-жывеш, працуеш-працуеш, але часам думаеш – ну, чым ты такім займаешся? І калі чуеш падзяку, калі табе гавораць, што вы нас натхняеце, падбадзёрваеце, што хочацца прыходзіць у тэатр – паплакаць, падумаць, проста паглядзець на прыгожае – напэўна, гэта самае цудоўнае.

– Калі «накрывае» ўсё разам і эмацыйныя арэлі ў самым нізе, ці паўстае пытанне – паехаць або застацца?

– Не. Я ўпэўненая, што мне лепей будзе тут. На сёння я магу сказаць толькі аб сабе, як пачуваюся. Як бы складана тут не было, мне тут лепей.

Можа, прыйдзецца з’ехаць, толькі калі адчуем, што заставацца зусім небяспечна.

– Рана ці позна ўсё сканчаецца. Нават самае дрэннае. І калі дазволіць сабе крышачку памарыць – чаго б вам хацелася перадусім?

– Вельмі складана меркаваць. Так, у нас, артыстаў, усё нармальна з фантазіяй, яе нават замнога. Але адбудзецца ўсё дакладна не так, як я буду зараз расказваць.

…Думаю, што ў мяне будуць вельмі ціхія эмоцыі. Упэўненая, што ў мяне будуць слёзы – тыя, што слёзы шчасця, як катарсіс, які я на сённяшні дзень не дапускаю, не магу румзаць. А вось тады, мяркую, змагу адпусціць усе свае «кранікі» і гэта будзе такое ціхае перажыванне.

Ведаеце, як бывае, да чалавека доўга даходзіць нейкая падзея – а потым, калі ты ўцяміш, што так яно і ёсць, тады мы будзем рухацца, тэлефанаваць адно аднаму, будзем выходзіць, напэўна, на вуліцы, думаць, які крок наступны і што там, наперадзе.

Не думаю, што мне захочацца доўга піць шампанскае – я яго не люблю і ня ўмею. Але захочацца працаваць,  штосьці прыдумваць…

***

Падаецца, што тэатр і гледачы моцна засумавалі адзін без аднога, і гэта будзе вельмі эмацыйная, насамрэч доўгачаканая сустрэча. Трэба толькі яе дачакацца, а па магчымасці – набліжаць. Штодня. Маленькімі крокамі.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.9 (оценок:83)