Зорка боксу Алеся Граф марыць адшукаць маці і пабаксаваць з Глебам

Зорка боксу, чэмпіёнка сьвету ў супэрлёгкай вазе Алеся Граф у інтэрвію нямецкаму выданьню BILD распавядае пра паездку ў Беларусь, якая мае адбыцца пры канцы жніўня, і пра пачуцьці да маці, якой ніколі ня бачыла. Таксама — пра атмасфэру дзіцячага дому, што знаходзіўся непадалёк ад Чарнобылю, пра чарнобыльскія наступствы, а яшчэ — пра свайго спартовага куміра, двойчы земляка (беларуса і штутгартца) Аляксандра Глеба.

Алеся Граф

Алеся Граф (Клімовіч) нарадзілася ў тым жа горадзе, што і другі ўсясьветна вядомы баксэр, Юры Форман, — у Гомелі. Цяпер 29-гадовы Форман жыве і працуе ў ЗША, у Нью-Ёрку. 28-гадовая Алеся — у нямецкім Штутгарце.

Адрозна ад Формана, які зь дзяцінства жыў сярод бацькоўскай любові, Алеся выхоўвалася ў дзіцячым доме. Сваіх бацькоў яна ніколі ня бачыла. Паводле самой Алесі, менавіта дзіцячы прытулак дапамог ёй сфармаваць характар і стаць той, кім яна ўрэшце стала. Як пішуць нямецкія выданьні, “Алеся сёньня — гэта вельмі моцная баксэрка, якая б’е як з гаўбіцы. Разам з тым яна прыгажуня — можа ня толькі біцца на рынгу, але і выступаць як мадэлька. Да таго ж яна вельмі інтэлігентная”.

У размове з журналістам самага масавага нямецкага выданьня BILD Алеся Граф дзеліцца сваімі плянамі, марамі і пачуцьцямі.

Пра пошукі маці

“Дзеля ўласнай самаідэнтыфікацыі мне вельмі важна ведаць, хто мая маці. У мяне ніколі не было яе фота. Адзінае, што я атрымала зь дзіцячага дому, гэта адпаведныя грамадзянскія акты. Там ёсьць яе менскі адрас. Я спадзяюся, што яе знайду”, — кажа спартоўка.

На рэпліку журналіста, што Алесіна маці, безумоўна, павінна ёю ганарыцца, чэмпіёнка сьвету адказвае:

“Ня ведаю. Магчыма, будзе рада. Таксама магчыма, што скажа: “Пайшла адсюль, я не хачу цябе бачыць. Я ўсё для сябе даўно вырашыла”.

Алеся, аднак, дадае, што ня мае да маці ніякіх варожых пачуцьцяў. “Я ня ведаю абставінаў. Ніводная маці ніколі без прычыны не адмовіцца ад уласнага дзіцяці. Я хачу ведаць, што тады ўсё ж адбылося”, — кажа спартоўка.

Пра дзіцячы дом

Алеся Граф узгадвае атмасфэру дзіцячага дома на Гомельшчыне, у якой правяла 14 гадоў жыцьця. Паводле яе слоў, яна, сірата, адчувала сябе нейкім пакідзішчам: “Мы не належалі да грамадзтва. І гэта трэба было вытрымаць”. Паводле маладой жанчыны, у Нямеччыне, дзе яна жыве каля дзесяці гадоў, яна доўгі час саромелася казаць, што выхоўвалася ў прытулку. Яна баялася, што людзі, пачуўшы гэтую гісторыю, пачнуць яе абражаць.

“Узгадваючы дзяцінства, я не магу прыгадаць, каб хто зрабіў мне хоць нейкі падарунак, абараніў мяне ці проста ўзяў на рукі. Гэта не магло не накласьці адбітку на фармаваньне маёй асобы. Аднойчы я сказала сабе: “Я стану чалавекам, якога будуць паважаць”. І я гэтага дасягнула”.

Пра Чарнобыль

Дзіцячы дом, у якім выхоўвалася Алеся, стаяў непадалёк ад месца катастрофы, піша BILD. На просьбу карэспандэнта выданьня ўзгадаць падзеі 23-гадовай даўніны спартоўка кажа:

“Гэта быў звычайны дзень. Мне было пяць гадоў, і мы цэлы дзень гулялі на вольным паветры. Тое ж самае было і ў наступныя дні і тыдні. Толькі значна пазьней кіраўніцтва дзіцячага дома даведалася, што гэта была за катастрофа. Мой дзіцячы дом — непасрэдна ў 30-кілямэтровай чарнобыльскай зоне… У выніку Чарнобылю ў мяне была хвароба шчытападобнай залозы. Аднак цяпер я адчуваю сябе добра”.

Пра Аляксандра Глеба

Паводле Алесі Граф, Глеб, які цяпер ізноў жыве разам зь ёй у адным горадзе — Штутгарце, — сапраўдны кумір для яе.

“Які яшчэ спартовец зь Беларусі дасягнуў такіх посьпехаў, як ён? Я веру, што ён яшчэ не аднойчы будзе перамагаць. Ён мае выдатную спартовую форму”.

Чэмпіёнка сьвету Алеся Граф марыць калі-небудзь пабаксаваць з Глебам. Калі яна атрымае падобны выклік, то ахвотна прыме яго.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)