«Жыццё пасля кратаў» – працяг летапісу найноўшай гісторыі Беларусі

Прэзентацыя новай кнігі Аляксандра Тамковіча адбылася ў Мінску 26 лютага.

«Неперагорнутая старонка календара». Так акрэсліла дзень 19 снежня 2010 года праваабаронца Таццяна Равяка ва ўступным слове да кнігі. Гэты дзень доўжыцца і для тых, хто дагэтуль адбывае зняволенне, і для тых, хто апынуўся ў вымушанай эміграцыі, і для тых, хто знаходзіцца пад вызначанымі судом абмежаваннямі.

Пра тое, наколькі актуальнай застаецца тэма «Плошчы-2010», сведчыла колькасць людзей на прэзентацыі. Зала Управы БНФ не змагла змясціць усіх ахвотных, і нават некаторыя героі кнігі, што спазніліся на імпрэзу, пэўны час вымушаныя былі стаяць у дзвярах.

«Жыццё пасля кратаў» – 17-я кніга Аляксандра Тамковіча – фактычна з'яўляецца працягам яго папярэдняга выдання «Супраць плыні», таксама прысвечанага падзеям і асобам снежня 2010-га.

У кнізе 27 расповедаў пра 27 зняволеных пасля «Плошчы», сярод якіх ёсць і сябры ГА «БАЖ» – Наталля Радзіна, Аляксандр Атрошчанкаў, Павел Севярынец, Сяргей Вазняк, Ірына Халіп, Аляксандр Фядута. Дзесьці гэта інтэрв'ю, дзесьці – расповеды герояў пра саміх сябе, дзесьці – гутаркі са сваякамі тых, хто дагэтуль знаходзіцца ў няволі.

Адна з адметнасцяў кнігі – цікавыя фотаздымкі розных гадоў, на якіх адлюстравана жыццё герояў кнігі не толькі «пасля кратаў», але і задоўга да іх. Як заўважыў на прэзентацыі Уладзімір Някляеў, у зборніку вытрыманы прынцып сямейнага альбома, з якога пра чалавека можна даведацца больш, чым з любых расповедаў.

Аўтар, разумеючы каштоўнасць гэтага багатага візуальнага матэрыялу, пачаў прэзентацыю менавіта з яго, суправаджаючы слайд-шоў уласнымі каментарамі.

Пасля прагляду фота пачаліся прамовы гасцей.

«Летапісцам эпохі» назвала Аляксандра Тамковіча Марына Адамовіч – жонка аднаго з герояў кнігі Мікалай Статкевіча, які дагэтуль адбывае зняволенне.

А кінадраматург Уладзімір Халіп падкрэсліў, што людзей з паламанымі пасля тых падзеяў лёсамі значна больш, чым змагла змясціць кніга «Жыццё пасля кратаў». І заклікаў журналістаў дапамагчы высакароднай справе, якую робіць Аляксандр Тамковіч. «Гэта годная задача для кожнага, хто далучаны да творчасці», – зазначыў Уладзімір Халіп.

У кнізе аўтар дзякуе за інфармацыйную падтрымку закрытаму ўладамі Праваабарончаму цэнтру "Вясна" і асабіста Алесю Бяляцкаму.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)