Политика
Зміцер Панкавец, «Наша нiва», фота Юліі Дарашкевіч

ЖЭС патрабуе ад БНФ пакінуць Сядзібу да 8 ліпеня

У панядзелак кіраўніцтва Партыі БНФ атрымала ліст з ЖЭСу Савецкага раёну сталіцы з патрабаваннем пакінуць памяшканне на Машэрава (Варвашэні), 8 да 8 ліпеня. Справа ў тым, што арганізацыя мае запазычанасць у памеры 6381396 рублёў, і сістэматычна парушае ўмовы дамовы.

Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі кажа, паводле прысланых папераў выходзіць, што арганізацыя не заплаціла арэнду за офіс за адзін з месяцаў. «Ну неяк так атрымалася. Мы заплацім гэтыя грошы, не праблема. Аднак у лісце гаворыцца, што дамова не будзе працягнутая нават у выпадку выплаты доўгу. Гэта падобна на палітычны заказ, асабліва ў кантэксце з канфіскацыяй маёмасці ў Руху за Свабода. Такая вось палітыка лібералізацыі», — кажа Л.Баршчэўскі.

Ад красавіка 2008 году, пасля таго, як цэны на арэнды офісаў для грамадскіх аб’яднанняў былі павышаныя амаль у дзесяць разоў, Партыя БНФ плаціць за мінскае памяшканне блізу 2800 даляраў у месяц. «Гэта вялізныя грошы, яны даюцца нам вельмі цяжка», — гаворыць лідэр БНФ.

Цяпер партыя збіраецца высветліць, якія запазычанасці яна мае. «Натуральна, мы гэтыя грошы будуць пераведзеныя. Будзем глядзець, што далей. Трэба крычаць, што ў камунальнікаў няма ніякіх падставаў высяляць нас з Сядзібы», — падсумоўвае Л.Баршчэўскі.

Сядзіба Партыі БНФ знаходзіцца па адрасе Варвашэні,8 ад пачатку 1990-ых гадоў. За гэты час у памяшканні прайшло мноства імпрэзаў, прэзентацый, канцэртаў, прэс-канферэнцый. Там праходзілі нават з’езды палітычных партый. БНФ некалькі разоў ужо спрабавалі выселіць, але памяшканне ўвесь час атрымлівалася адстаяць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)