Политика
Юлія Аляксандрава

З’езд БХД: «Ніякіх ілюзій мы зараз не маем»

Партыя Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД) атрымала афіцыйны дазвол Мінгарвыканкама на правядзенне свайго ўстаноўчага з’езда ў ДК МТЗ. Для партыі, якая ўжо рахтавалася праводзіць з’езд на Кастрычніцкай плошчы, гэта было нечаканасцю. Аднак яе кіраўніцтва лічыць, што «калі сур’ёзныя праблемы ўзнікаюць нават з памяшканнем, відавочна, што рэгістраваць партыю ўлады не збіраюцца».

– Пакуль дамовы з адміністрацыяй ДК МТЗ не заключаныя, – распавёў «Салідарнасці» сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. – Кіраўнік ДК яшчэ не падпісаў пагадненне аб арэндзе памяшкання. Маўляў, зараз яго няма ў Менску. Таму апрача ліста з Мінгарвыканкама няма падстаў быць упэўненымі ў тым, што памяшканне для з’езда будзе. Ніякіх ілюзій мы зараз не маем. Хаця тое, што хаця б фармальна нам далі памяшканне, будзе спрыяць падачы заявы ў Міністэрства юстыцыі для рэгістрацыі партыі.

Нагадаем, што аргкамітэт з’езда ў пошуках памяшкання звяртаўся ў 11 устаноў.

– Улады да апошняга не давалі нам памяшканне, – кажа Рымашэўскі. – Таму рашэнне Мінгарвыканкама было для нас нечаканым. Ужо два тыдні мы рыхтаваліся праводзіць з’езд на плошчы. Думаю, улады пра гэта ведалі. Зараз нам хутка трэба будзе перафарматоўвацца пад правядзенне з’езда ў памяшканні. Канешне, працы прыбавілся. Але праводзіць мерапрыемства ў памяшканні нашмат зручней. Мы не палохаемся і іншага развіцця падзей. Хаця з’езд на плошчы з пункту гледжання ўладаў, хутчэй за ўсё, быў бы незаконным. Тады паўстала б пытанне, ці можам мы падаваць спіс нашых людзей у Мінюст. Усё залежала б ад рэакцыі сілавых органаў і гэтак далей. Мяркую, што рашэнне «рэгістраваць партыю ці не» прымаецца на самым высокім узроўні. Як і рашэнне наконт памяшкання. Калі такія сур’ёзныя праблемы ўзнікаюць нават у гэтым пытанні, становіцца відавочна, што рэгістраваць БХД улады не збіраюцца. Ёсць слабы шанец, што беларускія ўлады паразумнеюць за гэты час. Але, як вы разумееце, гэта хутчэй мая добрая інтэнцыя ці маё добрае пажаданне беларускім уладам – паразумнець.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)