Общество
Любоў Лунёва, «Народная воля»

Здзекі на мяжы

Сітуацыя, якая склалася на беларускай мяжы, вымушае прадстаўнікоў замежных фондаў перагледзець сваю дзейнасць на тэрыторыі Беларусі. Канвоі з гуманітарнымі грузамі беларускія мытнікі трымаюць па 15 гадзін і болей.

Грамадзяне Англіі Марсія і Майкл Дойл больш за 20 гадоў аказваюць дапамогу беларускім дзецям. За гэты час на аздараўленне ва Уэльс было вывезена больш за тысячу чалавек. Сотні дзяцей у інтэрнатах атрымалі дэфіцытныя лекі, харчаванне, адзенне, цацкі, школьныя прылады і гэтак далей. Але сёння неабыякавыя людзі, якія ўсю гэту дапамогу арганізоўвалі, у разгубленасці.

Спадарыня Марсія Дойл распавяла “Народнай Волі”, як тры дні таму канвой з Уэльса перасякаў беларускую мяжу:

— Мы прастаялі на мяжы больш за 15 гадзін. Мы людзі сталага веку, маем праблемы са здароўем, і нам, натуральна, было цяжка гэта вытрымаць. Мытнікі дэтальна праглядалі ўсё, вывучалі пералік рэчаў гуманітарнай дапамогі. Нас папрасілі падрабязна распісаць кожны пункт. Напрыклад, калі яны прачыталі “мыйныя сродкі”, то папрасілі падрабязна напісаць, колькі грамаў мыла ўвозіцца, колькі шампуню, колькі пральнага парашку... Яны былі ветлівыя і добразычлівыя, але нам ад гэтага не было лягчэй.

Час ішоў, а мы ўсё пісалі, удакладнялі, адказвалі на пытанні, узгаднялі розныя фармальнасці. Такога раней ніколі не было. Увогуле, апошнім часам стала нашмат складаней аказваць дапамогу беларускім дзецям. А яна ж ім патрэбна, яны за яе ўдзячныя. Паглядзіце, якую прыгожую карціну зрабіў адзін хлопчык. Ён інвалід, быў у нас на аздараўленні, яму зрабілі аперацыю, і вось якую прыгажосць ён цяпер зрабіў сваімі рукамі. Дзеля гэтага, канешне, можна цярпець, але чаму такія перашкоды?

Ірландзец Лім О’Мара таксама доўгі час займаецца дабрачыннай дзейнасцю ў Беларусі. Ён таксама зазначае, што праблем становіцца ўсё больш.

— Вялікія праблемы цяпер у нашых валанцёраў. Справа — у візах. Нашы валанцёры могуць знаходзіцца ў Беларусі пяць дзён. Яны амаль не спяць, каб паспець зрабіць рамонт, паставіць сантэхніку, нейкае абсталяванне і не парушыць ваша візавае заканадаўства. Акрамя таго, пачалі ўзнікаць праблемы і з выездам дзяцей да нас, у Ірландыю. Таму цяпер ладзім адпачынак дзяцей на канікулах тут, у Беларусі. Вось нядаўна прывозілі дзяцей з інтэрната ў Мінск, вадзілі іх у Батанічны сад, у тэатр, у музей. Дзеці папрасіліся ў “Макдональдс”, бо ніколі ж там не былі. Ім так спадабалася, што некаторыя нават плакалі, не хацелі ехаць у інтэрнат.

— Чаму такія перашкоды? Можа, з цягам часу сітуацыя ў інтэрнатах настолькі палепшылася, што ўжо не так актуальна стала замежная дапамога?

— Ды што вы? Наадварот, цяпер колькасць беларускіх інтэрнатаў нават павялічылася (магчыма, гэта звязана з крызісам). Бракуе самых элементарных рэчаў. Просяць і адзенне, і харчаванне... Мы дапамагаем не толькі дзецям, але і дарослым у інтэрнатах. Але гэтыя перашкоды на мяжы... З чым яны звязаны? Спадзяёмся, зразумела, што гэтыя фармальнасці — і на мяжы, і з візамі — неяк упарадкуюць, бо ўсе ж у гэтым зацікаўлены. Гэта ж відавочна.

Марыя Міцкевіч, старшыня дзіцячага фонду “Сакавік”, папярэджвае, што калі сітуацыя на мяжы не зменіцца, то замежныя партнёры могуць проста спыніць дапамогу Беларусі.

— Тое, што цяпер адбываецца на нашай мяжы, інакш як здзекам з людзей, якія столькі робяць для нашых дзяцей, не назавеш. Амаль усе ўжо адмовіліся вазіць сюды лекі, бо столькі трэба выканаць розных фармальнасцяў, што людзі папросту не хочуць марнаваць час і псаваць свае нервы. Цяпер яны вязуць тое, чаго катастрафічна не хапае— пратэзы, мыйныя сродкі, памперсы...

У нас жа ўсё гэта вельмі дорага каштуе. Але што іх чакае на мяжы? Праехалі праз усю Еўропу, стаміліся, а тут трэба яшчэ амаль суткі не спаць з-за нейкіх незразумелых інструкцый. Напрыклад, Марсія і Майкл у размове са мной сказалі, што схіляюцца да думкі спыніць пакуль паездкі ў Беларусь. Яны людзі сталага веку, і такія выпрабаванні ім ужо не па сілах.

Як кажуць, сітуацыя не патрабуе каментарыяў — адно абурэнне. Беларуская дзяржава не толькі сама не ў стане забяспечыць абяздоленых людзей усім неабходным, але і чыніць першакоды тым, хто стараецца дапамагчы беларусам, якія апынуліся ў цяжкім стане.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)