БНР-100
Арцём Гарбацэвіч, Наша Ніва

Заслужаны выкладчык БДУ: «Без БНР не было б сучаснай Рэспублікі Беларусь»

Заслужаны выкладчык БДУ, прафесар факультэта міжнародных адносін Уладзімір Снапкоўскі у рамках навуковай канферэнцыі да стагоддзя БНР расказаў «Нашай Ніве» пра эвалюцыю ўспрымання гэтай падзеі ў Беларусі.

«Адлюстраванне БНР у савецкія часы было негатыўным, панаваў толькі класава-сацыяльны падыход і ацэнка, якую даў савецкі ўрад, — што гэта прадажніцкая рада. Мелася на ўвазе тэлеграма кайзеру, якая разглядалася як здрада Расіі. А ў сацыяльным плане гэта была здрада пралетарыяту. І вось гэтыя ацэнкі, фактычна, да канца 1980-х гадоў былі, — патлумачыў Снапкоўскі. — Калі ў тыя часы сур'ёзныя вучоныя спрабавалі глянуць на ролю БНР па-навуковаму, то ім заміналі гэтыя бетонныя ацэнкі наменклатуры. Сур'ёзных навуковых дыскусій не вялося.

У сярэдзіне 1980-х, калі пачалі пераглядаць усе гістарычныя канцэпцыі, стала ясна, што БНР шукала магчымасці абаперціся на нейкую сілу, і што аб'ектамі гэтага пошуку, у тым ліку, былі і немцы — гэта рэальная палітыка.

Зрэшты, Германія была самай значнай сілай у рэгіёне, якая падтрымала нашых суседзяў. Але немцы да нашых ідэй паставіліся скептычна.

Аднак гэта не асноўнае — я пра тое, што ў першай палове 1990-х адбыўся моцны зрух у пераасэнсаванні ролі БНР, зняліся табу з гэтай тэмы, у школьных падручніках і ва ўніверсітэцкіх праграмах з'явіліся згадкі пра БНР.

Потым быў адкат на неасавецкія пазіцыі. І першай ахвярай гэтага адкату стала менавіта стаўленне да БНР, — працягвае прафесар. — Такія погляды панавалі недзе 10-15 гадоў, але цяпер я бачу паварот да рэалістычных, цвярозых ацэнак.

У гэтым усім важную ролю адыграла супольнасць прафесійных гісторыкаў — яны разумелі, што значыць БНР для беларускай дзяржаўнасці. І гэта перадавалася праз пазіцыю кіраўніцтва Інстытута гісторыі, хаця пазіцыя часам была кампрамісная — яны спрабавалі прымірыць існуючую палітыку з пазіцыяй гісторыкаў, якая адлюстроўвалася ў манаграфіях. І тое, што мы назіраем у апошнія гады, — гэта ацэнка Усебеларускага з'езда. Прызнанне прэзідэнтам, прызнанне яго агульнага характару.

Я спадзяюся, што ацэнкі будуць паступова мяняцца ў бок рэалістычных, аб'ектыўных, патрыятычных. Паколькі БНР — гэта сапраўды першая спроба адраджэння беларускай дзяржаўнасці.

БНР — гэта тая ідэя, якая не цалкам рэалізавала дзяржаўнасць, але без яе не было б савецкай дзяржаўнасці ў форме БССР, ні сучаснай Рэспублікі Беларусь.

Сучасную Беларусь я разглядаю як сінтэз: калі ўзяць гегелеўскую трыяду, то БНР — гэта тэзіс, БССР — антытэзіс, а Рэспубліка Беларусь — гэта сінтэз. Зразумела, што пакуль вельмі шмат савецкага, бээсэсэраўскага, але з часам роля тэзы будзе ўзмацняцца. Сінтэз будзе такім больш прапарцыйным, адлюстроўваць усё больш гістарычнай праўды», — падсумаваў прафесар.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)