Политика

«Зараз Лукашэнку застаецца толькі маліцца, каб усё было добра»

Эксперты пракаментавалі Радыё Свабода вынікі прэзідэнцкай кампаніі.

Юры Дракахруст: Лукашэнку цяжка было вытрымліваць сцэнар «пацёмкінскіх выбараў»

– Пагрозы на адрас апазыцыі, што «вольніца» скончыцца сёньня ў 20 гадзінаў, можа азначаць, што, на ягоную думку, ён дастаткова зрабіў, каб задаволіць Захад у геапалітычным пляне і ў пляне будаўніцтва «пацёмкінскіх вёсак» дэмакратыі. Аўтарытарый можа будаваць толькі іх, ён здольны на пэўную лібэралізацыю парадкаў, але не на сапраўдную. Лукашэнка гэта разумее, ён мяркуе, што і Захад гэта разумее. Але можа атрымацца «сутыкненьне цывілізацыяў», і тады тое замарожаньне санкцыяў пратрымаецца нядоўга.

Непрыстойны выпад на адрас Караткевіч паказвае, як цяжка было Лукашэнку вытрымліваць прыгожа напісаны сцэнар «пацёмкінскіх выбараў». Усё разьлічана, расьпісана, але крыўдна ж — езьдзіла па краіне, размаўляла зь людзьмі, многія слухалі. А вось на табе.

Валер Карбалевіч: апазыцыя ў глыбокім канцэптуальным крызісе

– Абедзьве часткі апазыцыі знаходзяцца ў такім канцэптуальным крызісе, то бок няма добрага выйсьця, няма стратэгіі і тактыкі, што рабіць у гэтай сытуацыі. Адказ на гэтыя пытаньні, якія даюць палітыкі — маўляў, пашыраць кола ўдзельнікаў палітычнага працэсу — не павялічвае давер да таго, што можа рабіць апазыцыя. Але, дарэчы, сытуацыя такая аб’ектыўная — гэта сытуацыя крызісу, калі аўтарытарны рэжым выкідае апазыцыю з сыстэмы, а стаўка на Плошчу зьнікае пад нэгатыўным уплывам украінскага Майдану, і што рабіць у гэтай сытуацыі — адказу няма.

Юрый Чавусаў: такое адчуваньне, што на Захадзе на беларускую апазыцыю махнулі рукой

– Мне падаецца, што паміж прыхільнікамі байкоту і прыхільнікамі ўдзелу ў апазыцыйным лягеры гэтыя выбары прывялі да такой баявой нічыёй. Калі было б абвешчана, што Караткевіч набрала двухзначную лічбу адсоткаў пра што яна сама казала, сытуацыя б карэнным чынам сапраўды зьмянілася. А так я думаю, што вось тая сытуацыя, калі байкотны лягер аб’яднаўся ў атаках на спадарыню Караткевіч — яна, хутчэй за ўсё, захаваецца, і ня думаю, што пры такіх умовах той жа Захад будзе ўспрымаць групу Тацяны Караткевіч як адзінага прадстаўніка беларускай апазыцыі.

Так што мне падаецца, што сытуацыя будзе разьвівацца ў накірунку пошукаў нейкіх больш шырокіх кааліцыяў, тым больш, што зьнешнія ўмовы гэтаму спрыяюць, і спрыяе гэтаму таксама адмова ад падтрымкі з боку традыцыйных прыхільнікаў беларускай апазыцыі на Захадзе, то бок такое адчуваньне, што там ўжо на беларускую апазыцыю махнулі рукой і вырашылі «ну барахтайцеся там неяк самі, а мы будзем размаўляць з тымі, хто сапраўды на гэтай тэрыторыі нешта вырашае».

Шэф МЗС Польшчы: вынік Лукашэнкі пакуль нічога не мяняе

Міністар замежных справаў Польшчы Гжэгаж Схэтына сказаў, што выйгрыш Аляксандра Лукашэнкі ў выбарах 11 красавіка у бліжэйшай пэрспэктыве нічога не мяняе.

«На сёньня гэта нічога не мяняе, але паглядзім, як гэта будзе выглядаць у бліжэйшыя дні» — пракамэнтаваў Схэтына выбары ў Беларусі для польскай тэлевізіі.

Тым ня менш Схэтына лічыць, што Лукашэнка ў стане дабіцца адмены санкцый Эўразьвязу.

«Ён будзе вельмі інтэнсіўна змагацца, каб адмяніць накладзеныя на Беларусь санкцыі, і мае шанцы на посьпех» — лічыць польскі палітык.

Святлана Калінкіна: Лукашэнку застаецца толькі маліцца

– На мой погляд, вельмі сымбалічна, што замест Усебеларускага народнага сходу адбылася Малітва за Беларусь. Мне падаецца, што зараз яму застаецца толькі маліцца, каб усё было добра, каб гэтая стабільнасьць захавалася і каб сытуацыя неяк выправілася. Больш за тое, я перакананая, што эканамічная рэформа ў Беларусі немагчымая без рэформаў палітычных, бо галоўны дэфіцыт у нас — гэта дэфіцыт інвэстараў, дэфіцыт замежнага фінансаваньня, а ніводзін інвэстар ня прыйдзе ў краіну, дзе няма незалежнага суду.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)