Общество
Сямен Печанко, «Наша Ніва»

«Заплаці 3 мільены і слухай візгат «балгаркі» (відэа)

На скаргі кліентаў на рамонт у разгар сезону кіраўніцтва турцэнтра «Нарач» кажа — «працуем па праграме прэзідэнта».

У туркомплексе «Нарач» рамонт ладзяць у разгар сезону адпачынкаў.

— Самы сезон, ліпень, а яны пад вокнамі плітку пілуюць! — у рэдакцыю «Нашай Нівы» патэлефанаваў абураны госць санаторыя турыстычнага комплексу «Нарач», які належыць Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Па яго словах, ужо каторы дзень рабочыя кладуць перад галоўным уваходам плітку. Праца кіпіць пад самымі пад вокнамі санаторыя.

— Ад 8-й раніцы да 5-й вечара працуюць. Пілуюць балгаркай плітку — шум стаіць жудасны, пыл ляціць. Пад вокнамі ездзіць будаўнічая тэхніка. А кіраўніцтва на нашы скаргі не звяртае ўвагі, — расказвае Мікалай.

Яго абурае тое, што рамонт пачалі ў самы разгар сезону:

—Няўжо гэта нельга было зрабіць загадзя, а не тады, калі мы прыехалі адпачыць?

Мікалай кажа, што суткі адпачынку ў санаторыі каштуюць ад 240 да 280 тысяч рублёў.

— Вось прыехаў нехта на 10 дзён, заплаціў 3 мільёны і слухае за свае ж грошы візгат «балгаркі»!

Мікалай даслаў у рэдакцыю фота і відэа працаў, што адбываюцца на тэрыторыі турыстычнага комплексу «Нарач». Складваецца абсурдная сітуацыя, мяркуе ён. Санаторый — месца адпачынку, і галоўныя па вызначэнні тут тыя, хто за адпачынак плаціць, то бок кліенты санаторыя. Але на практыцы атрымліваецца, што адміністрацыя цалкам захапілася рамонтам і на сваіх гасцей не звяртае ніякай увагі.

— Ім важней, дзе знайсці цэмент, а не тое, ці здолее хтосьці з нас адпачыць у такіх умовах, заплаціўшы немалыя грошы.

«У нас прэзідэнцкая праграма»

У туркомплексе «Нарач» пацвердзілі факт правядзення работ на прылеглай да жылога корпусу тэрыторыі. На пытанне, а як жа санітарныя нормы, адзначылі:

— Працы вядуцца згодна прэзідэнцкай праграмы добраўпарадкавання тэрыторыі, таму мы нічога не парушаем.

Карэспандэнт «НН» звярнуўся ў мінскае абласное аддзяленне Беларускага таварыства абароны спажыўцоў. Там кліентам санаторыя параілі для пачатку аформіць свае прэтэнзіі ў выглядзе індывідуальных пісьмовых зваротаў на імя адміністрацыі ўстановы. Згодна заканадаўства, кіраўніцтва санаторыя абавязанае пісьмова адказаць на такія запыты.

У любым выпадку, вырашыць спрэчнае пытанне могуць толькі спецыялісты на месцы. Каб вызначыць, ці парушаюцца ў дадзеным канкрэтным выпадку санітарна-гігіенічныя нормы, зацверджаныя Міністэрствам аховы здароўя, трэба запрасіць супрацоўнікаў санэпідэмстанцыі. Яны павінны замераць узровень шуму на месцы правядзення працаў і вынесці вердыкт.

Згодна патрабаванняў санітарных правілаў і нормаў, прынятых у Беларусі, норма дапушчальнага ўзроўню гуку ў палатах бальніц і санаторыяў у дзённы час (7—23 г.) складае 50 дэцыбел, у жылых пакоях пансіянатаў і дамоў адпачынку — 55. На тэрыторыях, прылеглых непасрэдна да жылых будынкаў санаторыяў норма складае 60, а на пляцоўках, спецыяльна абсталяваных для адпачынку — 50 дБ. Сучасныя пліткарэзы здольныя «выдаваць» ад 90 да 120 дБ.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)