Общество
Сяргей Макарэвіч, фота Сяргея Гудзіліна, «Наша Нiва»

«Залежнасць суддзяў ад уладаў даведзена да абсурду»

Усімі пытаннямі кіруюць старшыні судоў, кiраўнiкi судовай сістэмы, а імі — Адміністрацыя прэзідэнта.

Аляксандр Дзядок узначальвае аддзел па юрыдычнай і кадравай рабоце аднаго з упраўленняў «Белтрансгаза». Працаваў следчым, пракурорам Брагінскага раёна, юрысконсультам, старшынёй раённага суда Гомеля, суддзёй крымінальнай калегіі Мінскага абласнога суда.

Аляксандр Дзядок адпрацаваў у судовай сістэме 18 гадоў. Так супала, што, калі ён

выйшаў у адстаўку, на лаве падсудных аказаўся яго сын Мікалай — яго арыштавалі па так званай справе мінскіх анархістаў. Праваабаронцамі ён прызнаны палітвязнем. Аляксандр расказаў «Нашай Ніве» пра некаторыя асаблівасці беларускага суда і справу свайго сына.

«НН»: У канцы 2009-га Вы сышлі ў адстаўку па выслузе гадоў з пасады суддзі крымінальнай калегіі Мінскага абласнога суда. Чаму не хацелі працаваць далей?

Аляксандр Дзядок: Мне заўжды падабалася мая праца. Але суддзі абсалютна перасталі быць самастойнымі і выконваюць толькі загады. Даходзіла да абсурду: суддзя з кіраўніком узгадняў (гэта нонсэнс!) не толькі артыкул Крымінальнага кодэкса, па якім чалавека судзіць, але і пакаранне.

Суддзі баяцца прымаць самастойныя рашэнні. За апошнiя гады iх адвучылi гэта рабiць. Усімі пытаннямі кіруюць старшыні судоў, кiраўнiкi судовай сістэмы, а імі — Адміністрацыя прэзідэнта. Чым больш я гэта разумеў, тым больш мне не хацелася быць марыянеткай у чыісці руках.

«НН»: Боязь самастойна прымаць рашэнні прыйшла разам з палітычнымі працэсамі?

АД: Гэта тачыцца амаль усіх спраў — не толькі палітычных.

«НН»: На Вашай практыцы суддзяў здымалі за «няправільна» прынятыя рашэнні?

АД: Не магу прыгадаць.

Калі суддзя нешта зрабіў не так, як хацела кіраўніцтва, то «разумныя» начальнікі ніколі не дзейнічалі груба і наўпрост.

Маўляў, ты нас не паслухаўся і мы цябе здымаем. Усё робіцца нашмат танчэй. На суддзю пачынаюць ціснуць. Суддзя — гэта чалавек, таму чакаюць пакуль ён зробіць памылку альбо плюне і сыдзе сам.

«НН»:Блогер d-zholik напісаў, што за тры месяцы гэтага года паўнамоцтвы суддзяў з сябе склалі 16 чалавек, а летась за ўвесь год толькі 11. Гэта вялікія лічбы?

АД: Я не буду каментаваць, прыведзеныя лічбы i наколькі яны дакладныя. Але нельга гаварыць, што суддзі бягуць толькі праз тое, што тут адбываецца. Пра гэта можна толькі меркаваць, пакуль не валодаем iнфармацыяй па кожным выпадку. Можа так супала, што падышлі пэўныя тэрміны і суддзя напісаў заяву. Але я ведаю людзей у судах, якія яшчэ маглі б працаваць, але іх «выціснулі», бо яны мелі хаця б крыху смеласці выказваць сваё меркаванне па прафесійных пытаннях.

«НН»: Намеснік старшыні Следчага камітэта Андрэй Швед заявіў, што летась узрасла колькасць апраўдальных прысудаў — з 217 да 382. Пра што гэта сведчыць?

АД: Са свайго вопыту магу сказаць, што статыстыка ўвогуле можа быць двухбакова вострай. Мяркуючы па стане нашай судовай сiстэмы, цяжка паверыць, што павялічылася колькасць апраўдальных прысудаў. Гэта хутчэй за ўсё ведамасныя гульні са статыстыкай спадара Шведа і іншых кіраўнікоў следчых падраздзяленняў. А іх у нас цяпер толькі два — падраздзяленне ў КДБ і Следчы камітэт.

І гэтая гульня, магчыма, вядзецца для таго, каб прадэманстраваць сваю дзейнасць кіраўніцтву краіны.

Але гэта не сведчыць пра ўзмацненне ролi правасуддзя ў Беларусі. Кожны такі апраўдальны прысуд так і ці інакш узгадняецца на розных узроўнях i не толькi судовых.

«НН»: Як былы суддзя, што думаеце пра справу Вашага сына?

АД: Гэта адно звяно з ланцуга крымінальна-палітычных спраў. Гэтая справа сведчыць пра прэвентыўную зачыстку грамадска-палітычнага поля.

Разам з Мікалаем арыштоўвалі вялікую групу маладых людзей розных палітычных арыентацый. Ні прамых, ні ўскосных доказаў віны майго сына не было.

Асноўнымі былі сведчанні двух маладых людзей. Аднаго з іх у судзе не дапыталі — знаходзячыся ў Мінску, яго нібыта не знайшлі, каб выклікаць. Таму зачытваліся яго паказанні з папярэдняга следства. У той жа час, калі трэба было затрымаць Ігара Аліневіча, правялі аперацыю спецслужб з яго захопам у Маскве і вывазам у Беларусь. А другі сведка на працэсе заявіў пра ціск з боку супрацоўнікаў КДБ і МУС, пад якім ён агаварыў майго сына.

«НН»: Тым не менш, Мікалаю далі не самы маленькі тэрмін…

АД: Прысуд празмерна суровы. Сына абвінавацілі па ч.2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (злоснае хуліганства). Даволі аб’ёмны артыкул, які ўтрымлівае мноства кваліфікацыйных прыкметаў. У маёй практыцы не было выпадкаў, каб чалавека асудзілі па гэтым артыкуле на пазбаўленне волі, калі не пацярпелі людзі. Прычына, лічу, адна — сын не прызнаў сваю віну. А тыя, хто агаварыў яго, зусім не трапілі на лаву падсудных. Хаця і прызнавалі, што ўдзельнічалі ў тых эпізодах.

Мікалай быў і застаецца студэнтам ЕГУ. І як мне проста ў вочы заявілі супрацоўнікі спецслужб, гэта адна з прычын яго арышту.

«НН»: Неаднаразовае змяшчэнне Мікалая ў ШІЗА, перавод у іншую калонію — спробы выбіць з яго прызнанне віны?

АД: Ціск на сына быў ад пачатку. А як толькі сын у калоніі ў Магілёве адмовіўся падпісаць прашэнне аб памілаванні, на яго паступова ціск пачаў узрастаць. Яго пяць разоў каралі за надуманыя парушэнні (не зашпілены каўнерык, рукі ў кішэнях, не правільна адрэагаваў на заўвагу — як мне па тэлефоне сказаў начальнік калоніі). Спачатку пазбаўлялі перадач, скарачалі спатканні альбо пазбаўлялі іх, затым змяшчалі ў ШІЗА.

Сын казаў мне, што ён не павінен прызнавацца і раскайвацца ў тым, чаго не рабіў.

«НН»: Па-Вашаму, ёсць верагоднасць, што яго адпусцяць раней заканчэння тэрміну?

АД: Вярхоўны суд ужо пазбавіў яго права быць вызваленым па законе «Аб амністыі» 2010 года.

Сын нарадзіўся ў Чарнобыльскай зоне, калі я працаваў пракурорам Брагінскага раёна. Але суд палічыў, што гэта няпраўда. І прымусіў Гомельскі абласны суд адмяніць рашэнне Брагінскага раённага суда, якім было ўстаноўлена гэта юрыдычна. Затым райвыканкам ануляваў законна выдадзенае сыну чарнобыльскае пасведчанне, якое давала падставы вызваліць яго і зняць судзімасць.

Мы павінны гаварыць пра наяўнасць у краіне палітвязняў. Чым больш мы будзем гаварыць пра іх — тым лепш.

Я ўпэўнены, што гэта можа спыніць асобных людзей у іх незаконных дзеяннях.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)