Скандалы
Іна Студзінская, Радыё Свабода

«За хлусьню абавязкова пацягну Кастусёва ў суд»

Галоўны рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч адказаў на заяву былога кандыдата ў прэзыдэнты Рыгора Кастусёва пра тое, што быццам Сярэдзіч вымагаў за публікацыю грошы.

На канфэрэнцыі гомельскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Рыгор Кастусеў сказаў, што напярэдадні выбараў яго спрабавалі зганьбіць, публікавалі на яго пасквілі, прычым ня ўладныя структуры. Кастусёў заявіў наступнае: «У „Народнай волі“ ў адным толькі нумары былі два такія артыкулы на мой адрас. Мы з Аляксеем Янукевічам былі ў Сярэдзіча, размаўлялі зь ім, але Сярэдзіч сказаў адкрыта, што давайце грошы і мы апублікуем артыкул, які вы замовіце. Гэта што — нармальна?»

Галоўны рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч паведаміў Радыё Свабода:

-- Да апошняга часу гісторыя Шклова ведала Ілжэдзьмітрыя. Цяпер вось зьявіўся яшчэ ілжэц Кастусёў. Ні пра якія грошы я зь ім наагул не размаўляў, як ніколі не размаўляў на гэтую тэму і зь іншымі кандыдатамі ў прэзідэнты. За паклёп, за хлусьню абавязкова пацягну Кастусёва ў суд.

Кастусёў ніколі больш ня зьявіцца на парозе рэдакцыі. Будзем гнаць яго.Гэта ж вельмі сур’ёзныя абвінавачваньні. Такой бязглудзьдзіцы, такой няпраўды я проста не чакаў. Мы апублікавалі вялікую гутарку зь ім. Нават калі ў лістах чытачоў і былі нейкія ня вельмі прыемныя выказваньні на яго адрас, дык што, ён — сьвятарная карова? Кастусёў ніколі больш ня зьявіцца на парозе рэдакцыі. Будзем гнаць яго.

-- З вуснаў Кастусёва прагучала, што, маўляў, калі б ён ведаў, што ў залі прысутнічае журналіст, то шмат пра што не гаварыў бы. Як вы гэтую заяву пракамэнтуеце?

-- Гэта сьведчыць пра яго няшчырасьць, пра яго двухаблічны характар. Гэтаму чалавеку і блізка нельга быць у апазыцыі і ў палітыцы наагул! Калі чалавек для адной аўдыторыі можа гаварыць адно, для іншай другое — на гарматны стрэл такіх людзей нельга падпускаць! А я маю сур’ёзны намер абараняць гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю ў судзе.

На пытаньне Радыё Свабода, як спадар Кастусёў ставіцца да пагрозаў Іосіфа Сярэдзіча, былы кандыдата у прэзыдэнты адказаў так:

-- Калі я быў у рэдакцыі „Народнай волі“ і размаўляў з Іосіфам Сярэдзічам наконт артыкулаў — пасквіляў на мой адрас — спадар Сярэдзіч мне таксама сказаў: „Калі ласка, падавайце ў суд“. Але я тады палічыў, што ў мяне няма часу займацца судовымі працэсамі з „Народнай воляй“! І ня стаў гэтага рабіць. А што тычыцца інфармацыі наконт таго, што Сярэдзіч адкрыта казаў, што, маўляў, давайце грошы за станоўчую публікацыю, я і зараз магу пацьвердзіць і запэўніць, што гэта інфармацыя праўдзівая.

-- Якія артыкулы вы палічылі пасквілямі ў свой адрас і што канкрэтна Вас абразіла?

-- Ой, гэта было так даўно… Тады быў апублікаваны цэлы шэраг артыкулаў у „Народнай волі“, зьневажаючых мяне. А мая размова зь Сярэдзічам адбылася пасьля таго, калі ў адным нумары было апублікавана ажно два артыкулы ў мой адрас у нэгатыўным пляне. Два артыкулы ў адной газэце! Гэта было ці то ў жніўні, ці то нават раней — у ліпені.

-- Гэта былі артыкулы журналістаў „Народнай волі“ ці гэта былі лісты чытачоў?

-- Гэта былі артыкулы Сьвятланы Калінкінай. Адзін артыкул быў падпісавны яе прозьвішчам, а другі — яе псэўданімам. Канечне, калі Сярэдзіч будзе зьвяртацца ў суд, буду абараняцца.

-- Ня маеце намеру падаць у суд сустрэчны пазоў?

-- Я не хачу апускацца да ўзроўню, як кажа Аляксандар Лукашэнка, „ніжэй за плінтус“, як апускаецца цяпер Сярэдзіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)