Политика
Анастасія Зелянкова

За нецэнзурную лаянку моладзевага актывіста пакаралі на 10 сутак

Актывіст Партыі БНФ Павел Серадзенка пакараны на дзесяць сутак. Суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў яго вінаватым у дробным хуліганстве за нецэнзурную лаянку і прызыў да дзеянняў супраць работнікаў міліцыі. Прысуд другому моладзеваму актывісту Алесю Каліце стане вядомы пазней.

Моладзевыя актывісты былі затрыманы ўчора каля ўправы БНФ супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным. Іх схапілі, калі яны імкнуліся абараніць Насту Александровіч, якую міліцыянты збіраліся затрымаць нібыта з прычыны падабенства на злачынцу.

— Ля ўправы, адкуль я выйшла, на мяне раптоўна наскочылі двое ў чорным, яны схапілі мяне за руку і заявўшы, што я падазраюся ў крадзяжы, пачалі цягнуць у машыну, — расказала “Салідарнасці” пра падзеі таго дня Наста Александровіч. — Я пачала крычаць. На мой крык прыбег Алесь Каліта. Ён фактычна вырваў мяне з рук гэтых людзей і загадаў, каб я бегла на ўправу. Павел Серадзенка трымаў у гэты час дзверы, каб я магла трапіць ўнутр. Адзін з тых, хто пагнаўся за мной, схапіў Паўла і разам з Алесем Калітой пагрузіў яго ў машыну.

У выніку Алесь Каліта і Павел Серадзенка правялі ноч на Акрэсціна.

Між тым у міліцэйскім рапарце, які быў прадстаўлены ў судзе, значылася, што моладзевыя актывісты былі затрыманы на вуліцы Машэрава падчас распаўсюду дыскаў. На просьбу міліцыянтаў паказаць дакументы, яны адрэагавалі нецэнзурнай лаянкай, прызывалі прахожых да дзеянняў супраць міліцыянтаў, а Алесь Каліта яшчэ і ўдарыў аднаго супрацоўніка праваахоўных органаў кулаком ў грудзі.

Аднак, як расказала Наста Александровіч, менавіта ў Алеся Каліты, калі яго прывезлі ў суд, быў разбіты нос. У судзе хлопцу стала дрэнна, і яму нават выклікалі “хуткую дапамогу”.

Павел Серадзенка быў прызнаны вінаватым і пакараны на дзесяць сутак. Прысуд Алесю Каліце стане вядомы пазней.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)