Политика
Мікола Чарняўскі

За два дні затрымалі двух актывістаў БХД

14 студзеня ў Гомельскі ваенкамат прымусам быў дастаўлены Яўген Якавенка. 15 студзеня ў Віцебску на вуліцы быў схоплены Алесь Галавань.

Каардынатар па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» 25-гадовы Яўген Якавенка быў затрыманы двума супрацоўнікамі міліцыі каля кніжнай крамы. Яго даставілі ў ваенкамат, дзе абвінавацілі ва ўхіленні ад службы ў войску. Між тым, Яўген Якавенка сцвярджае, што позвы ў ваенкамат не атрымоўваў.

Як паведаміў «Салідарнасці» сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Павел Севярынец, у ваенкамаце Якавенка напісаў заяву, дзе прасіў накіраваць яго на альтэрнатыўную службу. Пасля сыходу з ваенкамата, актывіст накіраваўся ў міліцыю, дзе напісаў скаргу на гвалтоўныя дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

– Яўгена хочуць зрабіць чарговым палітпрызыўніком. Па Канстытуцыі грамадзяне Беларусі маюць права на альтэрнатыўную службу, але закон гэтага не прадугледжвае. Цяжка сказаць, чым завершыцца гэтая справа, – сказаў «Салідарнасці» Павел Севярынец.

На заўтра стала вядома, што ў Віцебску затрымалі яшчэ аднаго сябра БХД. Як паведамляе прэс-служба БХД, 27-гадовы Алесь Галавань быў схоплены на вуліцы, калі ішоў у паліклініку. Двое міліцыянтаў пасадзілі яго ў машыну і павезлі ў Першамайскі РАУС Віцебска.

Як мяркуюць актывісты БХД, Галавань быў затрыманы ў сувязі са справай вывешвання на цэнтральнай елцы Віцебска Сяргеем Каваленкам нацыянальнага сцяга. Нагадаем, што раніцай 15 студзеня на 7 сутак адміністрацыйнага арышту быў накіраваны сябра Каваленкі Тарас Сурган.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)