Общество

«За дранікі замежнікі гатовы размаўляць на беларускай мове»

«Наша ніва» знайшла ў Facebook цікавы расповед беларускага студэнта Антося Трафімовіча, які ў Амерыцы частаваў замежнікаў дранікамі ўласнага прыгатавання.

“Гэта каштавала мне 81 даляр — грошы на прадукты для дранікаў і друк фотак выхадцаў з Беларусі — каб праз 30 хвілін пасля прэзентацыі аб Беларусі, кітайская студэнтка сказала «дзякуй». Па-беларуску.

Уклаўшы 81 даляр, я атрымаў 109 замежнікаў, якія ведаюць што такое Беларусь, правільна вымаўляюць па-ангельску Belarusian, могуць сказаць «вітаю» і «пакуль», ведаюць што такое дранікі і клёцкі, ведаюць, што беларусы — гэта далёка не рускія.

За 81 даляр 109 замежнікаў ведаюць, што Беларусь — ці не найпрыгажэйшая краіна Еўропы, што хоць у нас і няма гор, тут можна заблукаць у лесе, гойсаць на ровары па вясковых дарогах, катацца на конях ўзімку.

81 даляр — і кожны з 109 замежнікаў ведае, што Беларусь — гэта краіна, дзе выхаваліся Шагал і Малевіч, што выхадцы з гэтай краіны змянілі гісторыю Амерыкі ды ўсяго свету.

81 даляр, патрачаны на бульбу, цыбулю, грыбы і фарш — і 109 замежнікаў ведаюць смак беларускіх страваў, і кажуць «дэлішас», і пытаюць ці можна гэта пакаштаваць у рэстарацыі ў любым горадзе Беларусі, і, нарэшце, як атрымаць візу ў Беларусь.

Ідзіце лесам тыя, хто кажа што ў Беларусі няма чаго рабіць і што ніхто туды ніколі не паедзе. І што савок нікому не цікавы, і што лепш бы беларусам самім з’ехаць з Беларусі.

Праз паўгадзіны прэзентацыі і 81 даляр на вашае месца згодны прыехаць любы са 109 замежнікаў”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)