Комментарии
Уладзімір НЯКЛЯЕЎ, naviny.by

Яны наперадзе ідуць

9 Мая я звычайна віншаваў бацьку і ягоных франтавах сяброў. Яны збіраліся пасля ўрачыстага афіцыёзу дзе-небудзь на беразе рэчкі ці ў ляску, выпівалі па сто франтавых за тых, хто да гэтага дня не дажыў, курылі і маўчалі. А калі ўспаміналі пра вайну, дык іх успаміны мала нагадвалі тыя карціны пераможных баталій і пампезнага гераізму, якія маляваліся савецкай прапагандай. Можна сказаць, ніяк не нагадвалі...

Мой бацька, які прайшоў вайну ад пачатку да канца, распавёў аднойчы, як патрапіў у штрафроту.

Паслалі яго ў тыл па снарады. Пагрузілі яны з сябруком тыя снарады ў палутарку, а сябрук кажа: “Я ведаю, дзе тут піва можна папіць. Заўтра наступленне, давай вып’ем перад смерцю”.

На перадавой — смерць, а ў тыле, хоць і вайна, — жыццё. Пры штабе — піўная. Зайшлі яны, а ў піўной налівае піва бацькаў зямляк. Бацька кажа: “Каму немцаў забіваць — каму піва наліваць”. Зямляк у адказ: “А вы, хлопцы, прывядзіце мне сюды пару немцаў, я іх тут заб’ю”.

Бацька яму ў лоб куфлем, піва не дапіўшы, і сябрук бацькаў таксама не стрываў...

З тым паехалі. Назаўтра бой, сябрук бацькаў загінуў. А бацьку асабіст паклікаў. Буфетчык нажаліўся, а буфетчык — фігура. Асабліва для асабістаў, якія разам са штабнымі на вайне піва й пілі.

Асабіст кажа: “Я пакуль да цябе па-свойску. Твой зямляк умову паставіў: ты перад ім за сябе і за сябрука свайго прабачаешся — і ён не піша рапарт. Калі не прабачаешся, дык штрафрота. Ты ў лоб даў старэйшаму па званні”.

Бацька адказаў, што не ведае, ці згадзіўся б прасіць прабачэння ягоны загінулы сябрук. І пайшоў у штрафроту, дзе прабыў усяго тры дні: на чацвёрты яго паранілі.

Хтосьці сказаў бацьку, што закон: “У штрафроце (як і ў штрафбаце) не да смерці (як у немцаў), а да першай крыві ці ўзнагароды” — адстаяў перад генералісімусам Сталіным маршал Жукаў. І маршал стаў для бацькі кумірам. Мемуары Жукава ў апошнія гады жыцця былі настольнай бацькавай кнігай.

Бацька не ведаў, што ягоны брат загінуў пад Берлінам 16 красавіка 1945 года толькі таму, што Жукаў, атрымаўшы на гэта згоду Сталіна, аддаў загад штурмаваць Зеелаўскія вышыні. Штурмаваць без ваеннай патрэбы: і лёс Берліна, і вынік вайны былі ўжо вырашаныя. Штурмаваць адной пяхотай — без танкаў і самалётаў. І за два дні штурму паклалася на тых вышынях столькі салдат, колькі сёння засталося ў Беларусі ўсіх жывых ветэранаў.

Пра гэта не сказана ў мемуарах Жукава, якія канчаюцца якраз успамінамі пра штурм Берліна. Няма ў іх нічога і пра тое, як пасля вайны генералісімус з маршалам дзялілі салдацкую перамогу.

22 сакавіка 1946 года Жукаў быў прызначаны намеснікам міністра абароны, а ўжо 1 чэрвеня таго ж года з гэтай пасады звольнены. У загадзе аб звальненні міністр абароны Сталін напісаў: “Маршал Жуков, утеряв всякую скромность, и будучи увлечен чувством личной амбиции, считал, что его заслуги недостаточно оценены, приписывая при этом себе, в разговорах с подчиненными, разработку и проведение всех основных операций Великой Отечественной войны, включая и те операции, к которым он не имел никакого отношения”.

21 лютага 1947 года Жукаў быў выведзены са складу ЦК. 27 лютага ён напісаў ліст Сталіну.

“Товарищ Сталин, я еще раз со всей чистосердечностью докладываю Вам о своих ошибках.

1. Во-первых, моя вина прежде всего заключается в том, что я во время войны переоценивал свою роль в операциях и потерял чувство большевистской скромности. Во-вторых, моя вина заключается в том, что при докладах Вам и Ставке Верховного Главнокомандования своих соображений, я иногда проявлял нетактичность и в грубой форме отстаивал свое мнение.

В-третьих, я виноват в том, что в разговорах с Василевским, Новиковым и Вороновым делился с ними о том, какие мне делались замечания Вами по моим докладам. Все эти разговоры никогда не носили характера обид, точно так же, как я, высказывались Василевский, Новиков и Воронов. Я сейчас со всей ответственностью понял, что такая обывательская болтовня безусловно является грубой ошибкой и ее я больше не допущу.

В-четвертых, я виноват в том, что проявлял мягкотелость и докладывал Вам просьбы о командирах, которые несли заслуженное наказание. Я ошибочно считал, что во время войны для пользы дела лучше их быстрее простить и восстановить в прежних правах. Я сейчас осознал, что мое мнение было ошибочным.

2. Одновременно, товарищ Сталин, я чистосердечно заверяю Вас в том, что заявление Новикова о моем враждебном настроении к правительству является клеветой. Вы, товарищ Сталин, знаете, что я, не щадя своей жизни, без колебаний лез в самую опасную обстановку и всегда старался как можно лучше выполнить Ваше указание.

3. Все допущенные ошибки я глубоко осознал, товарищ Сталин, и даю Вам твердое слово большевика, что ошибки у меня больше не повторятся. На заседании Высшего военного совета я дал Вам слово в кратчайший срок устранить допущенные мною ошибки, и я свое слово выполняю. Работаю в округе много и с большим желанием. Прошу Вас, товарищ Сталин, оказать мне полное доверие, я Ваше доверие оправдаю. Г. ЖУКОВ”.

Добра, што ў кнізе мемуараў Жукава пра дзяльбу салдацкай перамогі ні слова, і яфрэйтар Пракоп Някляеў, які паміж прыніжэннем і штрафротай выбраў штрафроту, гэты ліст любімага маршала не прачытаў.

Як не прачыталі яго і бацькавы сябры, якія паміж сабой нічога не дзялілі, апроч франтавых ста грам ды пачака махоркі. Вось яны сядзяць на пагорку, выпіваюць, дымяць, і з кожным днём Перамогі іх усё мненей, меней, меней, галасы іх цішэй, цішэй, цішэй — вось ужо амаль і спусцеў пагорак...

Але не спусцеюць ніколі сэрцы людзей, у якіх жыве і будзе жыць удзячнасць тым, хто, нягледзячы на калетывізацыю і Гулаг, калгасы і лесапавалы, штрафроты, штрафбаты і заградатрады, неймавернымі высілкамі і небывалай крывёй выстаяў і перамог!..

Спытае нехта: як жывеш?
І ты ў адказ кіўнеш: нічога...
Пасля спытай сябе самога:
Як ты жывеш? Ці так жывеш?

Прыдзі да Вечнага агню
І моўчкі, стаўшы на калені,
Правер агнём сваё сумленне
На праўду і на чысціню.

Калі устанеш прысягнуць
Усім, хто не вярнуўся з бою, –
Ты не шукай іх за спіною.
Яны наперадзе ідуць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)