Политика

Янукевіч: «Трэба выходзіць з Мытнага звязу, ЕАЭС»

Намеснік старшыні БНФ – пра прэзідэнцкія амбіцыі і тое, як пераарыентаваць эканоміку на Захад.

Фота Надзеі Бужан

Аляксей Янукевіч, адзін з будучых удзельнікаў праймерыз апазіцыі, даў вялікае інтэрв’ю Нашай Ніве. Прывядзём некалькі цытат.

Пра прэзідэнцкія амбіцыі

— Навошта вам ісці ў прэзідэнты?

— Таму што я маю вельмі выразнае бачанне, як павінна існаваць і працаваць краіна дзеля таго, каб беларусам добра жылося і каб нацыя сапраўды была моцнай і квітнеючай. Я хачу гэта зрэалізаваць і пост прэзідэнта зручны для гэтага.

— Севярынец склікае людзей на плошчы, Канапацкая піярыцца рэзкімі выказваннямі. Чым вы галасы будзеце прыцягваць?

— Думаю, тым шматлікім людзям, якія мяне падтрымліваюць, мне давяраюць, імпануе мая палітычная, чалавечая манера, яснасць, адкрытасць, сумленнасць. Ну і камунікаваць з грамадствам, піярыцца, канечне, трэба, і таксама гэта будзем рабіць. Без нейкіх скандальных рэчаў — гэта не нашы метады.

Пра вобраз апазіцыі

— Думаеце, у апазіцыі прывабны імідж?

— Канечне, непрывабны.

— І што рабіць?

— Апазіцыі трэба мяняцца, мяняць сваю рыторыку. Разумееце, у чым праблема БНФ? Хто што з апазіцыі ні кажа — гэта ўсё роўна прыпісваюць нам. З іншага боку, усё, што мы кажам, часам прыпісваюць іншым апазіцыянерам.

То-бок вельмі цяжка абмежавацца ад той ерасі, якой вельмі шмат, на жаль, калегі-апазіцыянеры выдаюць у эфір, тым самым прыносячы шкоду і свайму іміджу, і ў прынцыпе вобразу дэмакратычных сілаў.

Нічога з гэтым не паробіш. Мы, зрэшты, імкнёмся людзям тлумачыць, што БНФ — гэта БНФ. Ёсць АГП, яшчэ нехта — гэта іншыя людзі. Не запытвайце ў нас, чаму Лябедзька робіць нейкія рэчы, мы не адказваем за яго. Але не толькі Лябедзька.

Пра эканоміку

— А ці ёсць у вас бачанне, што рабіць з нашай эканомікай? Зараз назіраем, што толькі скараціліся пастаўкі нафты з Расіі і ВУП упаў.

— Канечне, ёсць. Тое, што адбываецца з беларускай эканомікай, не катастрофа, але шлях да катастрофы, таму што шмат у чым эканоміка завязаная на выбіванні. Я не кажу, што гэта міласць расейская, ёсць свой кошт неграшовы ў тым, што Расея атрымлівае за сваю нафту і газ ад Беларусі.

Трэба выходзіць з Мытнага звязу, Еўразійскага эканамічнага звязу, трэба адназначна перыарыентоўвацца ў тым ліку на рынкі Еўропы і Злучаных Штатаў Амерыкі. Беларусы могуць рабіць якасныя тавары, абсалютна канкурэнтназдольныя. Не трэба баяцца, што нас ніхто не чакае ў Еўразвязе — там ніхто нікога не чакае, туды проста трэба прабівацца.

Пра бронекамізэльку і 2006-ы

— Чулі, у 2006-м вы насілі бронекамізэльку. Адкуль яна ў вас?

— Хлопцы знаёмыя дапамаглі. Я звярнуўся, сказаў: знайдзіце. Знайшлі. Але яна не трафейная, не.

— Навошта яна была патрэбная?

— Насамрэч не было зразумела, як будзе разгортвацца сцэнар падзей Плошчы. З сакавіка ў 2006 годзе ў мяне рэальна было перакананне, што магчыма здзейсніць пералом, праз Плошчу дамагчыся таго, што ўлада адступіць, што Мілінкевіч зможа стаць прэзідэнтам. Калі б такі момант наступіў, нельга было выключаць і таго, што будуць страляць.

— А ахоўнікам Мілінкевіча вы не былі?

— Не. Я заўсёды побач з Мілінкевічам быў у той кампаніі, таму што адказваў за арганізацыю ягоных сустрэч ў Менску і рэгіёнах. І адзін з варыянтаў развіцця падзей, якія я меў у галаве: калі раптам пачнуць страляць, можна будзе проста аддаць яму гэту камізэльку, каб ён яе на сябе надзеў. Ён такі вялікі, як мішэнь, канечне, зручны (усміхаецца).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.1(17)