Общество
Сяргей Балай

Як у Вязынцы вясну гукалі

Студэнцкае этнаграфічнае таварыства сумесна з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы зладзіла у Вязынцы традыцыйнае «Гуканне вясны».

Аснову свята склалі гурты традцыйных фальклорных спеваў, якія прыехалі ў Вязынку ў суботу 26 сакавіка. Сярод іх «Guda», «Квецень», «Калыханка» з вёскі Міханавічы, «Княжыч» з Полацка, «Гасцінец» з Ракава.

– Мы пастаянна ўдзельнічаем у традыцыйных святах, якія ладзіць Студэнцкае этнаграфічнае таварыства. Апрача таго, ўжо шаснаццаць год на Полаччыне «княжычы» ладзяць традыцыйныя беларускія святы: Купалле, Каляды, Жаніцьба Цярэшкі, Гуканне вясны, – кажа кіраўнік гісторыка-культурнага клуба «Княжыч» Вольга Антановіч. – Атрымліваецца, што вясну мы паклічам двойчы: тут, у Вязынцы, і ў Наваполацку, калі вернемся дадому.

Для нашых продкаў вясна ўвасабляла сабой пачатак новага году. Таму Гуканне з’яўляецца важным этапам ў каляндарным цыкле беларусаў. Аднаўленне ўсяго жывога пасля халоднай зімы адзначала пачатак новага земляробчага цыклу. Таму вясну заклікалі весела – спевамі, карагодамі, традыцыйнымі гульнямі і забавамі.

Апрача ўдзельнікаў паклікаць вясну прыехалі простыя гледачы, якія вадзілі карагоды-заплятанкі, гулялі ва «Удаўца», «Цяцерку» ды «Явар», танчылі ды спявалі разам з гуртамі-ўдзельнікамі.

Абрадавыя спевы не былі прызначаныя для штодзеннага выканання. Яны частка рытуалу, які спалучае час і месца. Кожны, хто гукаў вясну, браў своеасаблівы ўдзел у таямніцы змены паравіны году.

А ў Вязынцы звонкія дзявочыя галасы заклікалі замкнуць зіму ды ўпусціць вясну. І сапраўды, дзень выдаўся хоць і халодны, але сонечны. Але тыя, хто змерзлі, маглі пагрэцца гарбатай ды актыўным ўдзелам у танцах і гульнях.

Для тых, хто прыехаў проста паглядзець на свята, працаваў кірмаш раместваў і страўня, а прыгожыя спевы, вяселыя гульні і яркія фарбы традыцыйных строяў радавалі вока і душу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)