Общество

Як так выходзіць, што людзі працуюць на шкоднай вытворчасьці пяць дзён на тыдзень, а зарабляюць па 10 рублёў?

Перапоўненыя палітвязьнямі камэры, катаваньні, этапы, штрафныя ізалятары. Гэта ня сталінскія 1930-я. Гэта Беларусь 2020-х.

Пра свой дзевяцімесячны турэмны досьвед востра, дасьціпна, з надзеяй на дэмакратычную будучыню краіны апавядае журналіст Св*боды Алег Грузьдзіловіч у кнізе «Мае турэмныя муры».

Малюнак Алега Грузьдзіловіча

Самім працы не хапае

Да арышту часта чуў думку, што ў асуджаных, маўляў, ёсьць заробак, яны ў калёніях усе працуюць. І таму размовы пра недахоп грошай — гэта нібыта пустая журналісцкая балбатня. «Усім усяго хапае».

Дык час разабрацца з гэтым мітам.

Паводле таго, што я бачыў у сваім атрадзе, хоць якую працу ў прамысловай зоне мелі толькі дзьве траціны атраду, астатнія фактычна не працавалі. Гэта найперш пэнсіянэры.

Другая група — тыя, хто вызвалены ад працы па стане здароўя, у тым ліку праз інваліднасьць. І трэцяя група — тая, пра якую раней ужо казаў. «Недатыкальныя». Гэтыя працавалі, але не на промцы, а ў сэктарах. Прыбіральшчыкамі і «сантэхнікамі».

А яшчэ ёсьць група тых, хто працуе часткова. Тыя праз праблемы са здароўем атрымліваюць дазвол працаваць ня пяць дзён, а толькі два-тры. Завецца такі графік аблегчаным. Дарэчы, шмат хто імкнецца атрымаць такі рэжым, але ня ўсім ахвотным удаецца. Мэдыкі ў калёніі ідуць насустрач хворым асуджаным неахвотна, выконваюць нормы запаўняльнасьці працоўных месцаў.

Хоць на промцы насамрэч працы мала, вязьняў гоняць туды, абы хоць чым заняць, толькі б не сядзелі па карпусах. І сапраўды, улетку ледзь ня кожны другі дзень бывала так: пасьля сьняданку, гэта значыць а восьмай раніцы, частка атраду ідзе на промку, а ўжо да абеду ўсе вяртаюцца.

Пытаюся, што сёньня рабілі? У адказ ледзь не плююцца ад злосьці: «Зноў драты чысьцілі! Яшчэ ўсім і не хапіла».

У першы ж дзень у атрадзе выказаў жаданьне таксама пайсьці на працу. Ня столькі хацелася зарабіць (тады я толькі падазраваў, што гэта нерэальна, але пэўна ня ведаў), проста з патрэбы рухацца, нешта рабіць сваімі рукамі. Але мой шчыры намер адпачатку сустрэў неразуменьне ў актыву атраду.

Заўгас Аляксей, выслухаўшы такую заяўку, западозрыў няладнае і абрэзаў: «Табе лепш сядзець і ня рыпацца». А потым дадаў: «Самім працы не хапае, а яшчэ ты захацеў, пэнсіянэр».

Пачаў распытваць: што ж у іх здарылася з працай, нібыта ж раней усім хапала?

Хлопцы расказалі, што значныя праблемы пачаліся з канца 2021 году, калі праз інцыдэнт з пасадкай самалёта Ryanair на Беларусь наклалі новыя санкцыі, на дадатак да таго, што ўжо мелі пасьля разгону пратэстаў 2020 году.

«Раней зьбівалі палеты, зьбіралі ў сеткі дровы распальваць катлы і печы, прадавалі ў Польшчу. Нехта меў на гэтым вялікія грошы. А цяпер усё спынілася. Калі што і робім, дык вось драты чысьцім ды, бывае, абпальваем разабраныя старыя рухавікі, запчасткі. Таксама здабываем зь іх драты, мэталы розныя. Вось і ўсё. Яшчэ і бойкі бываюць за тыя драты паганыя!» — абураўся Сяргей.

Тады я і згадаў, як у той дзень, калі мяне прывезьлі ў калёнію, бачыў вялікія стосы памаранчавых і блакітных сетак з дровамі. Пакуль ахоўнік вёў па тэрыторыі міма промкі, цяжка было не зьдзівіцца запасам дроваў, наваленых проста пад небам.

«Начысьціць валасоў»

І цяпер хлопцаў працягваюць выводзіць на промку, але гэта хутчэй толькі імітацыя нармальнай вытворчасьці. Сябар Сяргей апісаў працу, якой займаецца ня першы год.

«Што значыць ачысьціць драты ад ізаляцыі? Ну, глядзі. У цэху навалена куча парэзаных на кавалкі скруткаў дратоў. Хто іх да нас нарэзаў, ня ведаю, але ня тут іх нарэзалі, дакладна.

Казалі, што драты прывозяць з Расеі, купляюць нібыта за капейкі, як мэталалом, а насамрэч гэта каляровыя мэталы, толькі іх яшчэ трэба здабыць. І вось мы гэтым займаемся.

Спачатку як каршуны накідваемся на тую кучу дратоў, выцягваем кавалкі літаральна з рук адзін у аднаго. За што рвем жылы? За тоўстыя драты, бо тады лягчэй начысьціць больш за кіляграм, выканаць норму. А калі не пашанцуе, нацягаеш „валасоў“, то бок тонкіх дратоў, дзень патраціш, а выніку пшык, 200 грамаў якіх начысьціш», — расказваў Сяргей.

Чысьцяць драты, паводле Сяргея, цяжкім тупым нажом. Драты ў руках круцяцца, пырскаюць мазутам з-пад абмоткі, драпаюць рукі вострымі канцамі. То бок гэта праца, якая ня толькі пагражае траўмамі, яна небясьпечная і для лёгкіх, бо даводзіцца гадзінамі дыхаць «хіміяй». Ды яшчэ калі норму ня выканаеш, брыгадзір можа паскардзіцца начальству, і тады чакай рапарту ды пакараньня.

Здараюцца канфлікты паміж вязьнямі і пасьля працы. Неяк чуў разборку двух асуджаных, калі вярнуліся з промкі. Адзін абвінавачваў другога ў крадзяжы дратоў, якія ён ужо назапасіў, але мусіў некуды адыйсьці. А той бараніўся мацюкамі па схеме «сам такі» і «ня трэба было зяваць». Ледзь да бойкі не дайшло.

Нагадаю, паводле лукашэнкаўскага закону з асуджаных вылічаюць грошы, якія дзяржава траціць на іх утрыманьне ў калёніі. Вось гэтыя траты чалавек у няволі мусіць кампэнсаваць.

Другі вязень, Анатоль, былы прадпрымальнік, падзяліўся ўласнымі разьлікамі наконт заробкаў вязьняў і вылічэньняў з гэтых заробкаў. Як так выходзіць, што людзі месяц працуюць на шкоднай вытворчасьці пяць дзён на тыдзень, а зарабляюць па 10 рублёў?

Анатоль падлічыў, што ўтрыманьне аднаго вязьня ў калёніі абыходзіцца ў суму каля 200 рублёў: харчаваньне, вопратка, ацяпленьне. Вось ад гэтага ліміту, паводле Анатоля, і адштурхоўваецца бухгальтэрыя калёніі, калі налічвае заробак.

Маўляў, няма розьніцы, дзе працуе чалавек: на дратах, на вырабе паддонаў ці іншай прадукцыі. Напішуць, што зарабіў дзьве сотні, і будзь задаволены. Але наступны крок — адлічэньне 200 рублёў на кампэнсацыю выдаткаў.

І што ж тады застанецца? Трэба ж пакінуць вязьням якія капейкі, інакш могуць і забунтаваць. Таму налічаюць у якасьці заробку крыху болей за 200 рублёў, ну, можа 210–215, у залежнасьці ад фінансавай сытуацыі ў дадзены пэрыяд. І тады адразу 2 сотні вылічваюць.

Застаецца пяць, дзесяць ці крыху болей рублёў — столькі і пераводзяць на грашовы рахунак. На некалькі пачкаў цыгарэт ці на бляшанку кавы хопіць, а на астатняе рот не разяўляй.

«Яшчэ будзеце ячэйкі ствараць»

Спробу ўсё ж трапіць на працу паўтарыў у ліпені. Скарыстаўся падачай заявы пра дазвол мне наведваць стадыён для фізычных заняткаў. У атрадзе сказалі, што такі дазвол мне, «жаўтабірачніку», можа даць толькі начальнік калёніі. Ну што зробіш, вырашыў пайсьці да яго на прыём. Заадно было цікава паглядзець, як мяне сустрэне.

Гэтым разам палкоўнік прымаў «чалабітныя» ня ў штабе, а на другім паверсе пункту, дзе асуджаных правяраюць перад заходам і выхадам з прамысловай зоны. Чаму там, мне было няўцям. Увогуле налічыў тры месцы, дзе адбываліся падобныя прыёмы. У штабе, у клюбе і вось тут. Можа, заадно інспэктаваў розных сваіх падначаленых?

Параўноўваў свае пачуцьці з тымі, калі стаяў у чарзе перад дзьвярыма начальніка першы раз. Страху, што зноў нарвуся на крык і пагрозы, дакладна не было, але нейкі мандраж часам зьяўляўся. Згадаў, як яшчэ ў карантыне днявальныя папярэджвалі, што начальнік — чалавек настрою, да таго ж кожнага ня проста памятае ў твар, а нібыта ведае ўсю паднаготную.

«Ведае, на якім баку любіш спаць», — на поўным сур’ёзе казаў сусед Вадзім. Можа, сапраўды лепш не рызыкаваць?

Але начальнік сустрэў зусім нэўтральна, ніводным рухам не паказаўшы, што была калісьці тая сустрэча ў штабе, пасьля якой мне далі ў карак ды закінулі ў ШЫЗА. «Што ў вас?» — працягнуў руку да маёй заявы пра стадыён, прабег па ёй вачамі і нібы з палёгкай усьміхнуўся.

«Не, на стадыён вам пакуль ня трэба хадзіць. Яшчэ будзеце там ячэйкі ствараць... Займайцеся фізкультурай у сваім атрадзе, гэта ж не забараняюць? Ну вось. А потым паглядзім».

Тут я ўпёрся: «Дык нельга ці потым паглядзім?» У адказ усьмешка, прымружаныя вочы. «Паглядзім, але не, на стадыён вам ня трэба».

Канчаткова асьмялеўшы, спытаў, ці магу атрымаць якую працу. Маўляў, адчуваю сябе здаровым, а фізычнай нагрузкі не хапае. Мог бы працаваць і на промцы, і на якім рамонце, будоўлі. Сваімі рукамі лецішча пабудаваў, дык і тут змагу.

Зноў у адказ усьмешка, і надзіва спакойным голасам палкоўнік пачынае тлумачыць, што мне як пэнсіянэру лепш сядзець і адпачываць, а працаваць мне нібыта нявыгадна, бо тады зь мяне будуць адлічаць на харчаваньне і вопратку столькі, колькі я і не зарабіў. «Дык лепш сядзіце. Кніжкі чытаць любіце? Ну вось і чытайце».

читайте также

Вяртаючыся ў атрад, перабіраў у памяці былыя сустрэчы з таварышам палкоўнікам. Падчас трэцяй сустрэчы, якая адбылася ў штабе, начальніку калёніі падначаленыя паказалі аркуш з майго нататніка. Яго знайшлі ў маёй тумбачцы, пакуль сядзеў у ШЫЗА. Гэта былі першыя запісы пра калёнію, пра карантын, уражаньні ад сустрэч з асуджанымі.

Тады начальнік хуценька азнаёміўся з расшыфроўкай маёй пісаніны (запісы адмыслова рабіў драбнюткім почыркам, па-беларуску, ды яшчэ скарачаючы словы), і выдаў такое рэзюмэ: «Грузьдзіловіч! Хопіць тут займацца выведнай дзейнасьцю! Ты зразумеў?!»

І вось новае табу. Цяпер не засталося сумневу, чаму мне нельга ня толькі на промку, а нават і на стадыён.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.3(3)