Общество
Сяргей Балай

Як святкуюць Купалле сёння (фота)

У ноч з 23 на 24 чэрвеня сябры гісторыка-культурнага клуба «Княжыч» з Наваполацка адзначылі гэта старажытнае і прыгожае свята ў сямнаццаты раз.

Сёлета месцам правядзення старажытнага абраду было абранае замчышча Сокал, непадалеку ад Полацка. побач з якім «княжычы» не першы раз шануюць гэтую старажытную і прыгожую традыцыю. Каляндарныя святы, адным з якіх з’яўляецца Купалле, — неад’емная частка беларускай традыцыйнай культуры, і цікавяць яны не толькі этнографаў. На працягу сямнаццаці год гісторыка-культурны клуб «Княжыч» супольна з сябрамі і проста неабыякавымі да беларускай культуры людзьмі ладзіць традыцыйнае беларускае Купалле.

— Вельмі прыемна, што Купалле кожны год збірае цікаўных да беларускай культуры людзей, — кажа кіраўнік гурта архаічных спеваў «Княжыч» Вольга Антановіч. — Дзякуючы гэтаму традыцыя правядзення Купалля паводле старажытных канонаў не толькі не загінула, але і атрымала працяг у новым тысячагодздзі. Да нас прыходзіць моладзь, якая праяўляе цікавасць да гісторыка-культурнай спадчыны і традыцыйнай беларукай культуры.

Што ў традыцыйным Купаллі ёсць адметнага і незвычайнага ў параўнанні з больш «звычайным» Купаллем, якое святкуюць у горадзе?

Перадусім, час правядзення. Традыцыйнае Купалле ладзіцца ў самую кароткую ноч году: з 23 на 24 чэрвеня.

Па-другое, традыцыйнае Купалле — гэта адпаведны настрой, вогнішча з дрэва, а не гумавых колаў, здабыванне «жывога» агню, дакладнае следванне рытуалу свята, які нясе ў сабе шмат сакральных фунцыяў, такіх, напрыклад, як ачышчэнне вагнём (скокі праз вогнішча) і вадой (абавязковае купанне на раніцу).

Ехаць на Купалле з дрэннымі думкамі нельга. Чалавек, які заклапочаны нейкімі жыццёвымі праблемамі, парушыць духоўную еднасць свята. Нездарма продкі адносіліся да Купалля, галоўнага свята летняга цыклу, вельмі сур’ёзна: рыхтавалі адпаведную ежу, вышывалі і ткалі святочныя ўбранні адмыслова для гэтага свята. «Жывы» агонь, здабыты пры дапамозе крэсіва і трута, разносіўся па хатах, і ад яго запальваліся печы.

Вельмі шмат увагі надавалася варажбе на вянках, калі дзяўчыны пускалі іх па вадзе, альбо закідвалі на галінкі дрэваў.

Адметнасцю Купалля з’яўляецца і яго эратычны аспект — шмат параў сыходзіліся менавіта падчас Купалля.

Гэта далёка не поўны пералік тых сакральных функцыяў, якія Купалле выконвала для нашых продкаў. Сябры гісторыка-культурнага клуба «Княжыч» рэканструюць традыцыю святкавання Купалля, пашыраюць інтарэс да нацыянальнай культуры і традыцыяў. Нездарма для многіх маладых людзей справа адраджэння традыцыйнай культуры пачалася менавіта з Купалля, настолькі незвычайным і захапляльным з’яўляецца гэтае летняе свята.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)