Як стаць зоркай тэлеэкрану
Дык вы глядзіце тэлевізар? Тады, калі ласка, сустрэча для вас: Наталля Дзейка, удзельніца і фіналістка шоу на АНТ «Пасаг для нявесты». Адметнасць гэтай удзельніцы была ў тым, што разам са сваім жаніхом, Сяргеем Варывоцкім, яны адзіныя гаварылі на шоу па-беларуску.
Наталля прайшла кастынг з 2500 ахвотных і дайшла да фіналу,
заняўшы па выніках глядацкага галасавання 2-е месца. Пра тое, чаму беларуская мова ад пачатку была гарантыяй
поспеху, пра сакрэты тэлевізійнага працэсу і натуральнасць вынікаў галасавання
яна сёння расказвае чытачам «НН».
Наталка Бабіна:
Наталля, для знаёмства раскажыце спачатку трошкі пра сябе.
Наталля Дзейка: Родам я са Слоніму, майго любімага гораду,
даўно жыву ў Мінску. Зацікаўленне маё — гэта беларускія народныя строі. Я
швачка-вышывальшчыца, умею
ткаць — мяне навучыла мая бабуля, умею прасці, рабіць паясы. Я — сяброўка
Студэнцкага Этнаграфічнага Таварыства. Мая мара — зрабіць традыцыйнае адзенне
сучасным, паўсядзённым, і пакуль я рыхтуюся да таго, каб займацца гэтым больш
прафесійна.
НБ: А як Вы трапілі
на шоу «Пасаг для нявесты»?
НД: Мой жаніх паслаў туды маю анкету. Для гэтай праграмы
патрэбна было, каб пара была рэальнай і планавала хутка пажаніцца. Да слова,
некаторыя дзяўчаты-ўдзельніцы
ўжо сыгралі свае вяселлі… Дык вось, мая анкета адзіная была па-беларуску. На кастынгу, калі я стала
размаўляць з журы, мяне разы са тры запыталі: а вы будзеце размаўляць на роднай
мове? А ваш жаніх таксама? І з нейкіх поглядаў сяброў журы я зразумела, што,
мусіць, траплю ў лік удзельніц…
НБ: І як развіваліся
падзеі далей?
НД: Я сапраўды трапіла ў лік удзельніц разам яшчэ з пяццю
дзяўчатамі. Потым быў забег пяцідзесяці нявест па набярэжнай Свіслачы,
пераможца якога стала сёмай ўдзельніцай, — і пачаліся конкурсы, у якіх трэба
было перамагаць. Мы танцавалі, здымаліся ў кіно, нашы жаніхі адказвалі на
пытанні пра нас, а потым быў забег у гіпермаркеце… Усё было ў запісе — бо, як я
зразумела, без запісу гэта было б папросту немагчыма зняць.
НБ: Якое ў Вас
уражанне засталося ад тэлебачання, ад тэлевізійных людзей?
НД: Было цікава. Не скажу, што там усе цікавыя, ёсць людзі
зусім нецікавыя, але назіраць за працэсам здымак і ўдзельнічаць у іх было захапляльна.
Тэлебачанне — гэта вар’яцкая прафесія. Там трэба мець стальныя нервы і быць
страшным аматарам сваёй прафесіі. Вядоўцы, Хрусталёў і Агурбаш, умелі трымаць
годнасць і, калі трэба было, выратоўвалі сітуацыю. Дарэчы, Хрусталёў і быў
аўтарам гэтага шоу… Калі ішоў запіс, гэта былі «дзікія» гадзіны… То тое
аказвалася не так, то гэта… Не, працаваць на тэлебачанні могуць толькі вельмі
захопленыя людзі…
НБ: Наталля, у
конкурсе танцаў Вы танцавалі сярэднявечны танец, а іншая ўдзельніца — стрыптыз
з шастом. Вам нехта прапаноўваў, што менавіта рабіць, раіў нешта?
НД: Нам прадыктавалі, якія ёсць варыянты, і дзяўчаты
выбіралі, што ім бліжэй. Мне здаецца, што мне мой танец вельмі пасаваў… Як і
вобраз Тоні Кісліцынай мне пасаваў.
НБ: А Вас не
бянтэжыла тое, што Вы ўдзельнічаеце ў спаборніцтвах, ды яшчэ разам з іншымі
дзяўчатамі? У валасы адна адной ніколі не ўчапляліся?
НД: Так, жорсткім выпрабаваннем было тое, што дзяўчаты
павінны былі самі «адбракоўваць» удзельніц. Але гэта і было якраз тое, чаго
хацелі аўтары і арганізатары шоу, тыя эмоцыі і той канфлікт, якія павінны былі
прыцягнуць гледачоў… Было, што дзяўчаты сварыліся, калі журы давала некаму
высокі бал, а нам падавалася, што гэта не зусім справядліва… Напрыклад, у
кінаконкурсе Ірыне — вельмі цікавай дзяўчыне, лідэру па натуры — далі высокі
бал за ролю Надзі ў рэмэйку «З лёгкім парам», у той час як яе роля не была яркай.
Іншыя дзяўчаты былі пакрыўджаныя, бо іх ролі былі цяжэйшымі. І вось тут быў
такі момант, калі адбыліся нейкія сваркі… Гэта ў тэлепаказ не трапіла…
Наступным днём быў конкурс жаніхоў, і вось па выніках гэтага конкурсу
кандыдатамі на вылет аказаліся я і Ірына… Калі мы з ёй стаялі побач, і дзяўчаты
пазіралі на яе неўхвальна, а яна на іх, то… Вось тут і быў той шквал эмоцый,
якога так прагнулі аўтары… А ўвогуле, я чамусьці была ўпэўнена, што я «вылечу»
ў першую чаргу. Я думала, што дзяўчаты будуць так меркаваць: ну, што гэта за
істота, размаўляе па-беларуску?
І вось, калі ў мой адрас было сказана столькі добрых словаў і я дайшла да
фіналу — я была прыемна ўражана.
НБ: А Вы і ў жыцці
размаўляеце па-беларуску, ці гэта быў такі піяр-ход на шоу?
НД: Я не размаўляю па-беларуску ў крамах, таму што не хачу любавацца на здзіўленыя твары
прадавачак, я не размаўляю па-беларуску
з дактарамі, бо, баюся, яны мяне не зразумеюць, я не размаўляю па-беларуску са старымі сябрамі, з якімі ад
пачатку кантактавалі па-расійску.
Але ў мяне ёсць кола — найперш гэта сям’я, мой жаніх і шмат сяброў — з якімі мы
гаворым па-беларуску. Мой
жаніх — доктар, цяпер ён працуе яшчэ і выкладчыкам і выкладае па-беларуску.
НБ: Пераможцу шоу «Пасаг для нявесты» вызначалі гледачы
галасаваннем. Як Вам падаецца, гэтае галасавнне было сапраўдным, справядлівым?
Людзі сапраўды так прагаласавалі, ці гэта быў таксама элемент шоу, і там усё
было перадвызначана?
НД: Я тут нічога не магу сказаць, бо я гэтага не ведаю. Я
думаю, што гэта зусім натуральна, зусім нармальна, алімпійскаму чэмпіёну
«падарыць» такую нявесту з пасагам.
НБ: Якому
алімпійскаму чэмпіёну?
НД: Жаніх Леры, якая перамагла — алімпійскі чэмпіён,
Аляксандр Багдановіч, які разам з братам атрымаў залаты медаль у веславанні…
Чалавек такі падарунак зрабіў свайму народу (можа, і не апошні), і АНТ таксама
зрабіў яму падарунак — пасаг для нявесты. Гэта зусім нармальна.
НБ: А Вы атрымалі
нейкі ганарар за удзел?
НД: Не, я, як і іншыя удзельніцы, атрымала падарункі за тыя
конкурсы, у якіх перамагла. Я перамагла ў конкурсе танцаў і кінаконкурсе і
атрымала за гэта музычны цэнтр і кава-машыну. І вельмі задаволена, бо, канечне, сама гэтых рэчаў я ніколі
не стала б набываць (смяецца).
НБ: Ну, і якую
выснову Вы зрабілі для сябе пасля досведу ўдзелу ў перадачы?
НД: Цяпер такія думкі ў галаве: можа, падацца на
тэлебачанне? Усё ж гэтая праца зацягвае. Ну, і скажу, што ў сваіх вачах, у
вачах жаніха, бацькоў я вырасла (смяецца). Гэта было выпрабаванне ў чымсьці,
гэта было цяжка, але мне спадабалася. Гэта будзе ўспамінацца: дзікі страх перад
выхадам на сцэну, і словы падтрымкі ад незнаёмых людзей, і шампанскае —
найлепшы рэдактар, які дапамагаў пераадолець хваляванне.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное