Общество
Сямён Печанко

Як праўнучка рэпрэсаванага каўбасніка з Давыд-Гарадка ратуе сямейны дом

Розгалас у СМІ пакуль што спыніў знос драўлянага двухпавярховіка, збудаванага за тры гады да Другой сусветнай вайны.

Надзея Туроўская, фота facebook

Філолаг з Мінска Надзея Туроўская спрабуе ўратаваць ад руйнавання дом свайго прадзеда, збудаваны ў Давыд-Гарадку 80 год таму. Пакуль што ёй удалося спыніць знос будынка, мясцовыя ўлады абавязалі ЖКГ Столінскага раёна, якой належыць дом, выставіць яго на аўкцыён. Але аб усім па-парадку.

Лепшыя каўбасы ў горадзе

Прадзед Туроўскай Сямён Кулага быў вядомы ў Давыд-Гарадку сваімі каўбасамі. У 1936 годзе ён з сынамі пабудаваў двухпавярховы драўляны дом, дзе размясціліся цэх і крама. У 1939-м прыйшлі Саветы, дом у Кулагаў забралі, пакінуўшы іх у двух пакоях у якасці кватарантаў.

Па вайне Сямён Кулага трапіў у папраўчы лагер, дзе і памёр. Адабраны ўладамі дом стаў адміністрацыйным будынкам. Да нашых дзён у ім размяшчалася гасцініца.

Летам гэтага года Надзея Туроўская даведалася, што будынак гасцініцы больш не патрэбны Столінскай ЖКГ. Тады яна і загарэлася ідэяй выкупіць дом продкаў.

«…Непрезентабельный вид, лишённый какой-либо эстетической красоты…»

Па словах жанчыны, спачатку ў райвыканкаме з цікавасцю паставіліся да яе прапановы ўзяць будынак у арэнду або выкупіць.

— Але потым аднекуль пайшла адмашка і мне сказалі, што не будуць прадаваць дом.

Неўзабаве Туроўская атрымала адказ ад замстаршыні Столінскага райвыканакама Сяргея Сідарэвіча, у якім гаварылася, што будынак былой гасцініцы знаходзіцца «в неудовлетворительном состоянии — имеются частичные разрушения фундамента, непрезентабельный вид, лишённый какой-либо эстетической красоты…».

Таксама ў лісце сцвярджалася, што на падставе вынікаў нарады ў райвыканкаме прынятае рашэнне аб зносе будынка №15 па вуліцы Калініна. Адпаведна, продаж або здача яго ў арэнду не ўяўляецца магчымым.

«Шанцаў атрымаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці мала»

Сучасны выгляд дома, які пабудаваў Сямён Кулага. Фота Надзеі Туроўскай, facebook

Надзея Туроўская склала прапанову аб наданні дому прадзеда статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці і даслала ў Міністэрства культуры.

— У дзень, калі дом пачалі руйнаваць, я патэлефанавала ў міністэрства. Але там мне адказалі, што шанцаў арымаць статус мала. Паабяцалі звязацца са столінскімі адмыслоўцамі. Але што мне з таго, калі гэтыя адмыслоўцы ўваходзілі ў камісію, якая вырашыла знесці дом?

Па словах жанчыны, у Давыд-Гарадку цалкам драўляных дамоў даваеннай пабудовы адзін-два:

— Маглі б надаць дому статус помніка рэгіянальнага значэння.

У канцы жніўня стала вядома, што мясцовыя ўлады перадумалі зносіць будынак былой гасцініцы. У хуткім часе яго павінны выставіць на аўкцыён.

«Там мог быць музей сям’і»

Надзея Туроўская расказала пра тое, што б яна зрабіла, калі б здолела выкупіць прадзедаў дом:

— Гэта вялікі будынак.На другім паверсе маглі б быць пакоі для гасцей. Да нас заўсёды прыязджае шмат сяброў. А на першым паверсе можна стварыць культурны цэнтр ці музей сямейнага побыту. У шырокім сэнсе — пра гісторыю сям’і, цэлага міжваеннага пакалення.

Пра ідэю пакінуць адзін пакой у якасці ілюстрацыі, якой тут была раней гасцініца, спадарыня Туроўскага зазначыла, што работнікі ЖКГ не пакінулі і сляда ад былой установы: усё паздымалі і вынеслі, нават элетраправодку.

— Хай бы будучы культурны цэнтр не прыцягваў сюды неверагодныя натоўпы турыстаў. Няхай бы гэта быў дзясятак чалавек, чаго і так няма. У любым выпадку гэта быў бы плюс для горада. Але ў райвыканкаме пра гуманітарныя аспекты і слухаць не хочуць.

«Не засталося ніякіх дакументаў»

Фота Надзеі Туроўскай, facebook

Надзея Туроўская паспрабавала знайсці звесткі пра свайго рэпрэсаванага продка, але сутыкнулася з праблемай:

— Я даслала запыт у Камітэт дзяржбяспекі праз электронную форму ў цэнтральны архіў. Мне адказалі, што я мушу звяртацца ў архіў Брэсцкай вобласці. А па-другое, мне трэба даказаць сваяцтва з чалавекам, звесткі пра якога я шукаю. А як гэта зрабіць? Трэба дакументы — пасведчанне аб нараджэнні, метрыкі. Але ў майго дзеда — сына прадзеда, з якім яны будавалі дом, — не засталося ніякіх дакументаў, ён памёр шаснаццаць гадоў таму. Імя па бацьку супадае, прозвішчы аднолькавыя, але гэта не доказы з пункту гледжання КДБ. Я пакуль не ведаю, што з гэтым рабіць.

Па словах Надзеі, яе родныя дагэтуль не ведаюць ні паводле якога артыкула быў асуджаны Сямён Кулага, ні калі ён памёр і ад чаго.

— Толькі ведаем, што быў арыштаваны ў 1945-м. Пакаранне нібыта адбываў у Мінску. І ўсё.

Разам з прадзедам быў арыштаваны адзін з ягоных сыноў, ён трапіў у лагер пад Іркуцкам.

«Ёсць лірыка, а ёсць і закон»

Гісторыя ў Давыд-Гарадку можа стаць прэцэдэнтам. Розгалас у СМІ не заўсёды дае гарантыю таго, што той ці іншы будынак будзе ўратаваны ад бульдозера. Практыка паказвае, што не дае поўнай абароненасці аб’екту і наданне статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці. Але такі статус усё ж значна лепш, чым некалькі артыкулаў у газетах. Пра тое, як усё зрабіць правільна, «Салідарнасці» расказаў кіраўнік Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.

— Любая гістарычная пабудова важная. Мы можам гэта вызнаваць, але важна памятаць пра існаванне прававога поля, у якім мы жывем. І што тычыць дзеючага права, то тут ужо гаворка пра прэрагатыву мясцовых уладаў — прадаваць гэты дом або зносіць. І той факт, што дом калісьці належаў продкам, у нашых прававых рэаліях нічога не значыць, — падкрэсліў Астаповіч.

Менавіта ён кансультаваў сп. Туровіч перад падрыхтоўкай прапановы аб наданні статуса.

Эксперт: У Беларусі грамадства не гатовае да рэстытуцыі

Што павінен зрабіць грамадзянін, які жадае паспрыяць наданню таму ці іншаму аб’екту статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці?

Антон Астаповіч апісаў алгарытм дзеянняў. Найперш трэба скласці і перадаць у Мінкультуры прапанову аб наданні аб’екту дадзенага статуса. Прапанова павінна адпавядаць крытэрыям пастановы ведамства ад 31 мая 2007 г. №26 «Аб некаторых пытаннях фiксацыi, навуковай апрацоўкi i мастацкай ацэнкi выяўленых матэрыяльных аб’ектаў i нематэрыяльных праяўленняў творчасцi чалавека, якiя могуць уяўляць гiсторыка-культурную каштоўнасць, i парадку зацвярджэння эталона фiксаванай нематэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi».

Калі дакумент адпавядае ўсім патрабаванням, яго перадаюць на разгляд Беларускай рэспублiканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гiсторыка-культурнай спадчыны пры Мiнкультуры.

Рада разглядае прапанову і вырашае — рэкамендаваць Савету міністраў надаваць статус аб’екту, ці не надаваць. У выпадку станоўчага рашэння можа прайсці некалькі год, перш чым будзе прынятая адпаведная пастанова ўрада.

— Распрацаваць прапанову па наданні статуса гісторык-культурнай каштоўнасці можа як юрыдычная, так і фізічная асоба, — нагадаў Антон Астаповіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)