Як паслаць па-беларуску правільна

Мастачка Воля Кузьміч стварыла серыю ілюстрацый пра тое, як лаюцца беларусы. 10 выяваў з аўтэнтычнымі смачнымі абразамі, якімі і цяпер карыстаюцца ў беларускіх вёсках.

Ілюстрацыі зробленыя паводле матэрыялаў даследавання лінгвіста Уладзіслава Іванова. «Брахлівая лексіка» была сабраная навукоўцам у вёсках Віцебскай вобласці. Паводле Уладзіслава, яшчэ нядаўна беларускія абразы крыўдзілі нашмат мацней за расейскі мат. Цяпер беларускія абразы, якія ўжываюцца маладым пакаленнем, можна сустрэць хіба што толькі ў інтэрнэце. Але «інтэрнэт-лаянку» даследчык называе «штучнай»:

«Паслаць на тры літары – гэта жарты, – кажа ён. – А вось паслаць па-беларуску ў шмоню ці шмоньку – нашмат больш сур’ёзная рэч, крыўда на ўсё жыццё».

Мастачка Воля Кузьміч натхнілася працай даследчыка і стварыла серыю ілюстрацый «Беларускія кляцьбонікі з малюнкамі».

«Беларуская мова мае шмат смакаў і адценняў. Часцяком нават рускамоўныя беларускія творцы пішуць свае самыя шчырыя песні і вершы менавіта беларускай, бо ўспрымаюць яе нібы «Святы грааль», да якога прынята хадзіць па вялікіх святах. Але беларуская мова жывая, а лаянка – гэта яе пікантная спецыя.

У працы Уладзіслава Іванова я сустрэла выразы, што неаднойчы чула ў сваёй вёсцы. «Ат! Шлёндра!» – крычаў мой дзед-паляшук на цялушку, што адбілася ад статку і задраўшы галаву часала куды-небудзь па сваіх справах».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)