Филин

Сяргей Васілеўскі

Як парады лорда Бэла загналі Лукашэнку ў пастку самападману

Гісторык Аляксандр Пашкевіч у каментары Филину разважае пра тое, чаму ніхто не пярэчыць прысутнасці белага шпіца на вайсковых нарадах.

— Пад Ашмянамі Лукашэнка заслухваў справаздачы генералаў са шпіцам на руках. Гэта не першы такі выпадак. Пра што кажа гэты вобраз сівога правадыра ў ваеннай форме і з сабакам? Каго з гістарычных персанажаў ён нагадвае?

— Мне цяжка прыгадаць нейкія наўпроставыя гістарычныя паралелі, калі дзяржаўны дзеяч вось так з сабакам наведваў недзе баявыя пазіцыі.

Хоць, я думаю, падобных эксцэнтрычных дыктатараў было шмат у Лацінскай Амерыцы, Афрыцы, у той жа Азіі. Думаю, такія знойдуцца за апошнія дзесяцігоддзі.

Мы ведаем, што гэтая асаблівасць у Лукашэнкі яшчэ з тых часоў, калі брытанскі паліттэхнолаг лорд Бэл падказаў яму разбавіць ягоны вобраз суровага правіцеля вобразам клапатлівага бацькі, чалавека, які любіць жывёл, хатняга палітыка.  

Ён тады сур’ёзна ўспрыняў тыя парады. Тады і пачаліся пастаянныя з’яўленні паўсюль з маленькім Колем. Мабыць, тады ён увайшоў у смак і дагэтуль лічыць, што гэта працуе на паляпшэнне ягонага іміджу, што хтосьці мае да яго сімпатыі з-за гэтага.

Аляксандр Пашкевіч, фота: Еўрарадыё

І вось зараз, калі Коля ўжо вырас, для ацяплення, ачалавечвання свайго вобраза ён пачаў браць гэтага шпіца. Хоць, як мне здаецца, калі глядзець на гэта збоку, то гэта ідзе яму хутчэй у мінус, чым у плюс. Груба кажучы, людзі гэтага не разумеюць, навошта яму гэты сабака ў такіх месцах. Гэты вобраз — крыніца мемаў.

Але сістэма створаная такая, што, магчыма, людзі з ягонага атачэння проста баяцца яму пра гэта прама сказаць. Маўляў, сабака гэты тут недарэчын, што вы толькі ганьбуецеся. Што гэта ўсё ідзе не ў плюс, а ў мінус.

А сам ён проста не здольны зразумець камічнасць і недарэчнасць гэтай сітуацыі. І свята ўпэўнены, што гэта дадае яму нейкіх палітычных ачкоў. Гэта нават не ўласная эксцэнтрычнасць, а проста прусакі ў асобна ўзятай галаве.

— Патрапіў у пастку самападману?

— Так. Выглядае, што ён трапіў у пастку. Створаная такая сістэма, у якой яму ніхто не можа ні падказаць, ні запярэчыць. Ізноў жа, у яго няма нейкіх блізкіх сяброў, як вядома. У адрозненне ад таго ж Пуціна, у якога ўсё ж ёсць давераныя асобы, пра якіх часам пішуць канспіралагічна, часам рэальна.

З многімі з якіх ён на «ты», даўно знаёмы. Гэта людзі, каторыя могуць яму нешта падказаць і нават параіць. І пад іхнім уплывам ён, магчыма, нешта мяняе ў сабе, прынамсі ў вонкавых праявах.

А ў Лукашэнкі ніколі такога не было, цяжка сказаць, хто б мог быць ягоным такім блізкім сябрам, які б мог па-сяброўску сказаць: «Не рабі так». Усе ў яго падначаленыя, усе так ці іначай яго баяцца.

Таму так, гэта такая пастка, у якую ён трапіў у сталым узросце, правіцель, які ўжо даўно пры ўладзе, які адарваўся ад рэальнага жыцця і якому ніхто не пярэчыць. І які перакананы, што ўсё правільна робіць.

Тут хіба толькі гэтымі псіхалагічнымі асаблівасцямі і можна ўсё гэта патлумачыць, бо вельмі цяжка паверыць, што за гэтым стаіць нейкі рэальны палітычы разлік, абаперты на рэальны аналіз сітуацыі.