Общество

Як пакаралі супрацоўніка музея, якога затрымалі ў метро за значок з «Пагоняй» на заплечніку

На судзе міліцыянт сцвярджаў, што яго «забралі з дома на прафілактычную гутарку». Вынік — 15 сутак.

29-гадовага супрацоўніка музея ВАВ Юрыя Куўшынава затрымалі ўвечары 21 сакавіка ў метро на станцыі «Кастрычніцкая», паведамляе тэлеграм-канал Вясна назірае.

Увагу супрацоўнікаў прыцягнуў значок на заплечніку з гербам Пагоня. Але ў Ленінскім РУУСе на яго склалі пратакол не за пікетаванне, а за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Па пратаколе, усё па класіцы: «у катэгарычнай форме адмовіўся выходзіць са службовага аўтамабіля, упіраўся, садзіўся на зямлю і хапаўся за форменнае абмундзіраванне».

У пратаколе пазначана, што першапачаткова Юрыя затрымалі дома за вулічнае шэсце на вул. Ракасоўскага 17 сакавіка і адвезлі ў Ленінскі РУУС, дзе ён і аказаў непадпарадкаванне. Але па факце яго затрымалі ў метро «Кастрычніцкая», дзе яго спынілі людзі ў цывільным і спыталі пра за значок на яго заплечніку. У выніку, яны паведамілі ў міліцыю і да Юрыя падышлі супрацоўнікі АМАПу. Яны суправадзілі хлопца ў аўтамабіль і адвезлі ў РУУС.

Справу Юрыя Куўшынава разглядала суддзя Ленінскага раёна Юлія Інчына. Сведка-міліцыянт на судзе паведаміў, што ім ажыццяўляўся «кватэрны абыход асоб, якія ўдзельнічаюць у масавых мерапрыемствах», таму, з яго словаў, Куўшынава затрымалі дома і павезлі ў РУУС.

Суддзя вырашыла ўдакладніць месца затрымання:

— Пачакайце, так па пратаколе Куўшынава затрымалі на станцыі метро «Кастрычніцкая».

— Не, мы яго затрымалі дома.

— А для чаго яго запрасілі ў РУУС?

— Для «прафілактычнай гутаркі», так як ён з'яўляецца асобай, якая не раз прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці.

Сведка-міліцыянт сцвярджаў, што ён асабіста ўдзельнічаў у затрыманні, але першапачаткова хацелі правесці толькі гутарку.

Юрый вырашыў задаць удакладняючыя пытанні:

— Вы дакладна памятаеце, што затрымлівалі мяне дома?

— Так, вядома.

— Але справа ў тым, што ў гэты час я быў на працы, а затрымалі мяне ў метро, дзе ёсць камеры.

Тады міліцыянт сказаў, што пра месцазнаходжанне Юрыя па адрасе на вул. Ракасоўскага яму нібыта паведаміў кіраўнік.

Пасля перапынку ў працэсе, суддзя Юлія Інчына вырашыла зноўку дапытаць сведку праз супярэчнасці са сведчаннямі Куўшынава. За гэтыя некалькі хвілін сведка-міліцыянт усё ж такі ўспомніў, што з-за загружанасці ён пераблытаў месца затрымання з-за таго, што супрацоўнікам даводзіцца хадзіць не толькі па кватэрах, але і запрашаць на гутаркі прама на вуліцы:

— У сувязі з чым вы давалі такія супярэчлівыя паказанні пры першым допыце?

— Пераблытаў.

У выніку, суддзя Юлія Інчына, не гледзячы на супярэчлівыя паказанні сведкі-міліцыянта, арыштавала Куўшынава на 15 сутак арышту.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.4(36)