Як мы перасталі быць савецкімі жанчынамі, а сталі беларускамі

Былая настаўніца Лідзія Уладзіміраўна Пляшкевіч расказала, як праз п’янага расіяніна прыйшло адчуванне ўласнай нацыі.

Яе гісторыю перадае «Наша ніва».

«1986 год, вялікая вера ў перабудову. Я закончыла вучобу ў БДУ ім. Леніна, пайшла працаваць настаўніцай у школу. Адначасова, яшчэ са студэнцкіх часоў, падзарабляла пазаштатным экскурсаводам. Летам можна было ўзяць групу для суправаджэння, самой адпачыць, ды яшчэ і грошы атрымаць.

Былі пад маёй апекай неяк працаўніцы Мінскзяленбуда. Даехалі мы аж да Саратова, да Волгі. Вечарам усёй грамадой пайшлі ў рэстарацыю. Вярталіся дадому вясёленькія, пелі песні на беларускай мове, жанкі, па прывычцы, працуючы на адлегласці адна ад адной, гучна размаўлялі. А ў беларуса аканне, яканне, дзеканне — на генетычным узроўні, хоць і гаварылі мы на рускай мове.

Раптоўна — адкуль ён толькі ўзяўся? — як з-пад зямлі, пьяны як бэля, брудны, падобны да бамжа чалавек. Ківаўся перад намі і крычаў: «Бульбашы, вы ўсё роўна будзеце нашай калоніяй!» — і пляснуўся аб зямлю!

Больш не жартавалі, песень не пелі. Няёмка нам было глядзець адна адной у вочы. Бо п'яны рускі бомж лічыць сябе каланістам, гаднейшым за нас. Так я і мае спадарожніцы перасталі быць савецкімі жанчынамі, а сталі беларускамі. Вось такая гісторыйка».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)