Общество
Аксана Рудовіч, «Наша Нiва»

Як мінскі бомж 14 мільёнаў прагуляў

Бяздомнага Міколу я сустрэла на прыпынку грамадскага транспарту. Ён паліў тонкую цыгарэтку і ахвотна пагадзіўся пагутарыць.

«Я вам усю праўду раскажу!» — абяцаў мужчына, пакуль мы ішлі да таннай сталоўкі на вуліцы Чырвонай.

Мікалай (імя змененае) нарадзіўся ў 1963 у Самахвалавічах, што пад Мінскам. Затым сям’я перабралася ў сталіцу. Мастак-самавучка, пасля школы працаваў у пахавальным бюро, рабіў партрэты на помніках. На тыя часы меў неблагія грошы.

Але лёс наканаваў яму іншую «кар’еру». У 20 гадоў хлопец трапіў у турму за забойства. Падчас адседкі маці загінула ў аўтааварыі. На яе пахаванне маладога зэка не адпусцілі.

Як потым стала вядома, разам з маці Мікола страціў і кватэру на Старавіленскім тракце. Калі ён «адкінуўся» ў 1995-м, там ужо жылі «мянты».

«Па ранейшых законах, калі цябе 6 месяцаў няма — аўтаматам выпісвалі», — кажа Мікола. Так ён стаў бяздомным. Першую ноч на волі правёў у падвале.

У Мінску ў Міколы жывуць два браты. Першы — сямейны чалавек, мае дзвюх дачок. Але паколькі ў турме Мікола падхапіў туберкулёз, то жыць з сям’ёй брата не выпадала. Другі — п’яніца, але заначаваць часам пускае.

Апошнія дзевяць гадоў Мікола жыве на вуліцы. Усё сваё, як кажуць, носіць з сабой.

Маёмасць 50-гадовага мужыка лёгка змяшчаецца ў заплечніку і поліэтыленавай торбе. Начуе ў пад’ездах. Кажа, людзі не ганяюць. Зімуе ў «бамжатніку» на вуліцы Ваўпшасава.

На працу ўладкоўвацца не думае. «Куды мяне возьмуць са зламанай рукой?» Неяк выпіваў з прыяцелем на вакзале. Той здуру прапанаваў спыніць электрычку рукой. Так Мікола зламаў руку. Добра, што жывы застаўся.

«Бутэлечным бізнэсам» ён не займаецца: нявыгадна. «Хай бабулькі здаюць», — кажа Мікола.

З голаду не памірае, жыве тым, што дадуць людзі. У Міколы такі прынцып: ад бедных грошы не браць.

«Неяк бабулька працягнула 50 тысяч — не ўзяў!» «Багатыя» ў яго разуменні — гэта тыя, што ездзяць на «мэрсах».

Гэтай зімой Міколу моцна падфарціла.

Адзін шчодры чалавек даў ажно 800 еўра, 150 долараў і 5 мільёнаў рублёў.

«Ты ўяўляеш, пяць мільёнаў! Я гляжу на яго: жартуе, ідыёт? А ён мне кажа: маліся за супакой душы», — расказаў Мікола сваю бадай што самую незвычайную прыгоду.

Грошы на «супакой» пайшлі на «шкуру са стаметроўкі», з якой герой-палюбоўнік накіраваўся ў гатэль «Беларусь». Мікола са смакам апісвае свае прыгоды. Як ён жыў у гатэлі, купляў дарагую гарэлку. Ажно пакуль грошы не скончыліся. Цяжка ацаніць, што праўда, што прыдумка ў гэтай гісторыі.

«Потым я падумаў, што можна было тыя грошы ў банк пакласці. Такія працэнты былі б! Дурненькі…» — кажа Мікола.

Газет Мікола не чытае, тэлевізар не помніць калі апошні раз бачыў. Не любіць улады і не верыць афіцыйнай версіі выбуху ў метро. Кажа, яго прыяцелі таксама «супраць Лукашэнкі».

Галоўныя «ворагі» Міколы — «мянты». Скардзіцца, што яго неаднаразова літаральна выкідалі за горад, каб не швэндаўся ў цэнтры.

«Калі вы такія разумныя, то чаму тады такія бедныя, а?» — казаў ён людзям на прыпынку, дзе мы з ім пазнаёміліся.

У Бога Мікола не верыць. «Я жыву дзеля жыцця. Мы жывём адзін раз, другога жыцця не будзе. Але я хутка ўжо памру», — такі сэнс існавання гэтага чалавека.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)

Читайте еще

Белоруска из Гданьска: «Даже мысленно не подхожу к границе – ни на секунду не хочу испытывать всепоглощающее чувство страха»

Кнырович: «Трудно рассчитывать на адекватное отношение к самой бесправной категории населения — осужденным, если и к тем, кто «на свободе», оно не отличается гуманностью»

Конвейер репрессий. Зампрокурора собирается обжаловать приговор экс-политзаключенному Илье Миронову. Дело «рельсового партизана» Виталия Мельника, которому при задержании прострелили колени, рассмотрят в закрытом суде

Журналист Роман Супер: «Многие теленачальники связывали свою жизнь с Западом»

Конвейер репрессий. Во время «хапуна» в Миорах схватили как минимум 13 человек. Вынесли приговор бывшему журналисту БТ и его супруге. В Могилеве задержали бывшего следователя

Монтер в Щецине: «У меня есть четыре конверта с названиями – квартира, заначка, отпуск, заначка номер два»