Политика
Зміцер Панкавец «Наша Нiва»

Як маладафронтаўцы міністра не пазналі

Маладафронтаўцы Мікола Дземідзенка і Наста Палажанка 17 лістапада расклейвалі налепкі «Сыходзь» у цэнтры горада.

«Дзесьці каля будынку МУС насустрач нам ішоў вусаты мужчына, які ўсміхаўся нам. Мне ягоны твар падаўся знаёмым, — расказвае Дземідзенка. — Я падаў яму руку, ён паціснуў. Потым мужчына пачаў троху журыць нас, што гэта адміністрацыйнае правапарушэнне. Я адказаў, што так, дзядзька, мы больш не будзем. На гэтым і разышліся».

Каля ГУМа маладзёнаў затрымаў спецназ.

«Я пытаюся: ці гэта нас вусаты здаў? Яны кажуць, ці ведаеце, хто гэта быў? Аказваецца, што міністр унутраных справаў Анатоль Куляшоў. У Цэнтральным РУУСе ўсе ўжо ведалі пра здарэнне», — расказвае Мікола.

У пастарунку маладзёнаў пратрымалі нядоўга. Адпусцілі нават без складання пратаколаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)