Лица

Як Дзісенка-рэчка ўпала ў Атаву-раку (фота)

У серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны» пабачыла свет новая, 27-я кніга, — збор твораў Пятра С. Мурзёнка «Адвечныя плыні».

Уклаў кнігу сын пісьменніка Пётра Мурзёнак, які жыве ў Канадзе. Аўтар твораў, што ўвайшлі ў кнігу, — Пётр Сільвестравіч Мурзёнак нарадзіўся ў 1930 годзе ў Беларусі, у якой і пражыў большую частку свайго жыцця, настаўнічаў.

Толькі ў 2003 г. ён з’ехаў у Канаду да сваіх дзяцей, дзе таксама працаваў настаўнікам разам з жонкай Данатай Генрыхаўнай у суботняй беларускай школе ў Атаве.

Першая кніга Пятра Сільвестрававіча нарадзілася менавіта ў Канадзе, у 2008 годзе, калі аўтару было 78 гадоў.

У зборнік, які атрымаў назву «Над Дзісенкай ракой», увайшлі ўспаміны аўтара пра жыццё ў Беларусі — ад самага нараджэння да ад’езду за мяжу.

«Адвечныя плыні» — другая кніга аўтара, якая выйшла ўжо пасля смерці Пятра Сільвестравіча (яго не стала ў 2010 годзе). Кніга ўтрымлівае раней непублікаваныя ўспаміны пра жыццё ў Канадзе, якія мелі сугучную назву «Над Атавай ракой».

Акрамя гэтага, у кнізе змешчаная нізка расказаў для дзяцей, навелы і апавяданні з жыцця і гістарычныя аповесці. Апошнюю частку кнігі склалі артыкулы, апублікаваныя ў газеце «Беларус», ды ліставанне аўтара.

Кніга «Адвечныя плыні» аздобленая каляровымі здымкамі з сямейнага архіву.

Набыць кнігу можна ў кнігарнях Мінска: «Акадэмкніга» (пр-т Незалежнасці, 72), кнігарня «логвінаЎ» (пр-т Незалежнасці, 37А), «Кнігарня пісьменніка» (вул. Казлова, 2), «Веды» (вул. К.Маркса, 36), «Цэнтральны кніжны» (пр-т Незалежнасці, 19), «Кнігі & кніжачкі» (пр-т Незалежнасці, 14).

Таксама кніга ёсць у кнігарнях іншых гарадоў: «Светач» (Віцебск, вул. Кірава, 10), «Іскра» (Берасце, вул. Пушкінская, 4), «Праметэй» (Гародня, вул. Савецкая, 10).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)