Политика
Зміцер Лукашук, Еўрарадыё

Як будуць весці сябе кандыдаты падчас тэледэбатаў

Як даведалася Еўрарадыё, кандыдатам не дадуць магчымасці дэбатаваць з абраным спарынг-партнёрам, а вядучы па чарзе задасць ім пытанні. Прычым галоўны апанент усіх астатніх кандыдатаў на дэбаты наўрад ці пойдзе.

Разам з пасведчаннямі Цэнтрвыбаркам падараваў 10 кандыдатам у прэзідэнты адну гадзіну дэбатаў на ўсіх у прамым эфіры радыё і тэлебачання. Як высветлілася, сустракацца і дэбатаваць сам-насам з абраным спарынг-партнёрам у палітыкаў магчымасці не будзе. Іх проста збяруць усіх разам у адной студыі, і яны па чарзе адкажуць на пытанні вядучага. Паводле словаў старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, менавіта так і павінны выглядаць сапраўдныя тэледэбаты.

Лідзія Ярмошына: “Дэбаты — гэта дыскусіі па самых значных пытаннях. А значыцца, што гэтыя пытанні нехта павінен задаваць. Гэта і ёсць класічныя дэбаты. А вось гэта: з абліваннем сокам і адзін насупраць другога — гэта ўсё што заўгодна, але не дэбаты. Гэта можна назваць дыскусіяй. Тэлебачанне будзе ставіць стойкі з мікрафонамі — гэта ўсё будзе стоячы, усе будуць знаходзіцца адзін насупраць другога. Гэта больш прымальная форма дэбатаў. Гэта, прынамсі, высвятленне пазіцыі. Калі гэтага не будзе, то гэта будзе кухонная дыскусія: дурань — сам дурань!”.

З гэтым катэгарычна не згодны лідар кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў. Ён, дарэчы, сам працаваў калісьці на тэлебачанні і вёў падобныя праграмы.

Уладзімір Някляеў: “Каля я працаваў на тэлебачанні і мне трэба было зрабіць нейкую афіцыйную перадачу, і трэба было, каб выказаліся ў гэтай перадачы людзі, якіх я б не хацеў ні сам чуць, ні каб ад іх нешта чулі іншыя, калі я хацеў знівеляваць усіх, каб ніхто не запомніўся — то гэта самы той прыём. Падаць усіх адзін за адным раскадровачкай — і ніхто пры ўсім жаданні не здолее нікога вылучыць. Яны працягваюць тую ж тактыку, якую выбралі і на саміх выбарах: узяць 10, забіць у гэты пул, каб моцныя заблыталіся ў нагах слабых. Гэта не толькі парушэнне фармату дэбатаў, але і абмежаванне нашых правоў”.

Згодны з гэтым і былы вядучы тэлеперадачы “Студыя “Палітыка”, рэжысёр Леанід Міндлін.

Леанід Міндлін: “Такія тэледэбаты ператворацца ў хаос. Гэта відавочна. Бо выказаць свой пункт гледжання і прадставіць сваю пазіцыю ў атачэнні такой вялікай колькасці людзей — дастаткова цяжка. Другое — гэта можа ператварыцца нават не ў спрэчку, не ў дэбаты і не ў тлумачэнне сваёй пазіцыі — а ў бессістэмную дзею. Без драматургіі і рэжысуры. Падзяліце 60 хвілін на колькасць людзей: што з гэтага атрымаецца? Людзей, якія выйшлі на палітычную сцэну ў якасці галоўных дзейных асоб, — іх ператвараюць у звычайную масоўку ў гэтым тэлеспектаклі, які называецца тэледэбаты”.

Праўда, у яго ёсць парада, як зрабіць так, каб цябе нават у масоўцы заўважылі.

Леанід Міндлін: “У таго, хто патрапіў на жывы эфір, ёсць усё ж магчымасць сказаць тое, што ён хоча сказаць. Ёсць такое правіла тэлевізійнае: мае рацыю той, у каго ў руках мікрафон. Трэба дамагчыся, каб гэты мікрафон быў у цябе ў руках”.

Кандыдат у прэзідэнты Яраслаў Раманчук выдатна разумее, што прапанову БТ нельга назваць сапраўднымі дэбатамі. І, каб не згубіцца ў гэтай “масоўцы”, прапаноўвае сваім калегам план сумесных дзеянняў.

Яраслаў Раманчук: “Я не буду спрачацца з іншымі кандыдатамі, а проста буду казаць пра свой пункт гледжання. Мая прапанова будзе да ўсіх кандыдатаў: выкарыстоўваць гэты час, каб кожны сказаў найбольш важнае. Але — каардынавана, каб гэты гучала як адна праграма”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)