Экономика

Як ахова Пуціна і Вярхоўны суд Беларусі аказаліся зьвязанымі збройным скандалам

Дзейнасьць кампаніі, якая перамагла ў таргах на пастаўкі ІТ-інфраструктуры ў новы будынак Вярхоўнага суду Беларусі, дагэтуль расьсьледуюць у сувязі са скандалам вакол паставак зброі ў Расею ахове Ўладзіміра Пуціна, піша Радыё Свабода.

Гаворка пра так званыя «адкаты» — незаконныя грашовыя выплаты за кантракты.

Камэры відэаназіраньня каля будынка Вярхоўнага суду Беларусі

Швайцарская кампанія IMSC AG летась перамагла ў таргах на пастаўку апаратна-праграмнага комплексу і сыстэмы захоўваньня дадзеных для новага будынку Вярхоўнага суду ў Менску. Як вынікала з інфармацыі, разьмешчанай на сайце дзяржаўных закупаў, на гэта патрацілі больш за 20 мільёнаў даляраў. Апроч швайцарцаў, у таргах паводле спрошчанай сыстэмы ўдзельнічалі тры беларускія кампаніі, якія прасілі большую цану.

Кампанія IMSC AG была пасярэднікам у скандальным продажы зброі дзяржаўным швайцарскім канцэрнам RUAG Фэдэральнай службе аховы Расеі, пра што паведаміла летась швайцарскае выданьне Handelszeitung. Пастаўкі адбываліся яшчэ да санкцыяў супраць Расеі. Але, паводле Handelszeitung, праблема была ў тым, што мэнэджэры дзяржаўнага канцэрну ўпотай ад кіраўніцтва кампаніі атрымоўвалі грашовыя «адкаты» за гэтыя кантракты.

Паводле выданьня, пастаўкі на суму ад 50 да 150 мільёнаў даляраў адбываліся з 2010 па 2015 год. Сярод іншага, швайцарцы пастаўлялі ў Расею агнястрэльную зброю фірмы SIG Sauer і снайпэрскія вінтоўкі на некалькі мільёнаў даляраў для асабістай аховы расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна.

Зброя, у тым ліку пісталет SIG Sauer P226. Паводле швайцарскага выданьня Handelszeitung, агнястрэльную зброю фірмы SIG Sauer пастаўлялі асабістай ахове расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна.

У канцы 2018 году ў Генэральнай пракуратуры Швайцарыі на запыт Радыё Свабода пра ролю IMSC AG у скандале паведамілі, што звычайна не агучваюць канкрэтных прозьвішчаў і назваў кампаніяў, замяшаных у крымінальных справах. Пракуратура абмежавалася камэнтаром:

«Генэральная пракуратура (ГП) пацьвярджае, што атрымала паведамленьне пра крымінальнае парушэньне з боку RUAG. ГП пачала крымінальнае вядзеньне ў сувязі з Фэдэральным актам аб матэрыялах вайсковага прызначэньня (артыкул 33 Акту), злоўжываньнем службовым становішчам (артыкул 158 Крымінальнага кодэксу Швайцарыі) і, магчыма, парушэньнем абавязкаў на дзяржаўнай пасадзе (артыкул 314 Крымінальнага кодэксу Швайцарыі). У часе расьсьледаваньня праведзеныя ператрусы ў дамах і атрыманая разнастайная дакумэнтацыя / носьбіты інфармацыі. Як заўсёды, у дачыненьні да ўсіх асобаў, уцягнутых у расьсьледаваньне, дзейнічае прэзумпцыя невінаватасьці. Заяўнік, RUAG, цалкам супрацоўнічае са сьледчымі органамі. ГП не давацьме дадатковых камэнтароў да сканчэньня крымінальнага вядзеньня».

2 красавіка ў адказ на дадатковы запыт Радыё Свабода з Генэральнай пракуратуры Швайцарыі прыйшоў адказ, што «камунікацыйная сытуацыя ў гэтым кантэксьце не памянялася ад часу вашага апошняга запыту».

Ад часу публікацыі ў Handelszeitung кампанія IMSC AG памяняла юрыдычны адрас, зьмяніла назву на Tamyna AG, а потым пад новай назвай пераехала на ранейшы адрас. Пры гэтым сайт кампаніі пад старой назвай дагэтуль працуе, хоць пазначаны на ім тэлефонны нумар не адказвае. Пры пошуку кампаніі пад новай назвай знаходзіцца толькі інфармацыя пра рэгістрацыю. Прадстаўнікі кампаніі таксама не адказалі на электронны допіс ад Радыё Свабода з просьбай пра гутарку.

Чалавек, які працаваў на IMSC і пажадаў захаваць ананімнасьць, расказаў Радыё Свабода, што больш за год таму перадаў дакумэнты і запісы, зьвязаныя з скандалам, ня толькі швайцарскім сьледчым, але і ў амбасаду Расеі ў Бэрне. Там яму паабяцалі, што расейскія ўлады правядуць расьсьледаваньне. Аднак з таго часу ён не атрымаў ад расейскага боку дадатковай інфармацыі.

Віктар Шалаумаў, адказны за таргі, на якіх упраўленьне капітальнага будаўніцтва Менгарвыканкаму абрала кампанію IMSC AG пастаўніком абсталяваньня для будынку Вярхоўнага суду, адмовіўся ад якіх-хаця камэнтароў для Радыё Свабода. Ён спаслаўся на тое, што інфармацыя пра таргі ёсьць «камэрцыйнай таямніцай» і што ён не ўпаўнаважаны даваць такую інфармацыю трэцім асобам. Адмовіліся ад камэнтароў і ў прымальні дырэктара ўпраўленьня Аляксандра Яськевіча.

Інтэр'ер будынка Вярхоўнага суду Беларусі ў Менску

Будынак Вярхоўнага суду ў Менску плянавалі дабудаваць да 7 лістапада 2018 году, але тэрміны здачы абʼекту перанесьлі. Урачыстае адкрыцьцё з удзелам Аляксандра Лукашэнкі адбылося толькі сёньня. Паводле сайту дзяржаўных закупаў, адны толькі жырандолі для новага будынку разам каштуюць амаль 700 тысяч рублёў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.7(10)