Политика
Аліна Таранік

Як адзначаць 20-годдзе незалежнасці палітычныя партыі і рухі

27 ліпеня, у гадавіну прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце, аргкамітэт святкавання дваццацігоддзя незалежнасці Беларусі зладзіў прэс-канферэнцыю. Палітыкі выказалі занепакоенасць тым, што над Беларуссю вісіць пагроза страты незалежнасці ды распавялі, якія мерапрыемствы збіраюцца ладзіць да юбілейнай даты.

 

25 жніўня 1991 года Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце быў нададзены статус канстытуцыйнай сілы. У 20-ю гадавіну гэтай гістарычнай падзеі партыі ды рухі правядуць канферэнцыю і ўскладуць кветкі на могілкі людзей, якія спрычыніліся да аднаўлення незалежнасці.  

«Малады Фронт» зладзіць конкурсы для моладзі, якая нарадзілася ўжо ў Рэспубліцы Беларусь, але з іх дэталямі пакуль яшчэ не вызначыліся.

Партыя БНФ 25 жніўня ўрачыста расчыніць дзверы новага офісу, а таксама адзначыць гэтую дату выставай прац мастацкай суполкі «Пагоня » на сваёй сядзібе.

На прэс-канферэнцыі сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Аляксей Шэін заўважыў, што Беларусь па-ранейшаму застаецца пад пагрозай трапіць як у палітычную, так і ў эканамічную залежнасць ад Расіі.

«Сённяшняя ўлада з'яўляецца апартуністычнай, не лічыцца з каштоўнасцямі беларусаў, а грунтуецца толькі на выгадзе. Калі ёй выгадна, то яна трымаецца за незалежнасць, калі не, то яна можа яе згубіць», – адзначыў Шэін. Ён узгадаў чарку, шкварку і салярку – «каштоўнасці», якія хочуць навязаць беларусам замест сапраўдных.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што зараз Беларусь знаходзіцца як ніколі блізка да страты незалежнасці. На думку палітыка, Крэмль можа захапіць беларускую эканамічную інфраструктуру цалкам. Янукевіч таксама звярнуў увагу на тое, як дзейнічаюць апошнім часам прэм’еры Пуцін і Мясніковіч, якія спрабуюць выбудаваць палітычную супольнасць , што таксама можа пагражаць нашай незалежнасці.

На думку Юрася Губарэвіча, намесніка старшыні Руху «За Свабоду», Беларусь, хіба, адзіная краіна сярод постсавецкіх, дзе яшчэ захоўваецца пытанне аб незалежнасці. Пры гэтым ён заўважыў, што пранезалежніцкія настроі ў беларускім грамадстве растуць.

Напрыканцы прэс-канферэнцыі намеснік кіраўніка Руху салідарнасці «Разам» Алесь Макаеў далучыўся да папярэдніх віншаванняў з угодкамі прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўнай незалежнасці і заклікаў прыйсці да ўскладання кветак на могілкі Васілю Быкаву ды Уладзіміру Караткевічу а 18 гадзіне. На думку Макаева, і 27 ліпеня і 25 жніўня важныя даты, і абедзве трэба адзначаць на нацыянальным узроўні. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)