Общество
Анастасія Зелянкова

Яйка разладу

Паэт Алесь Разанаў і мастак Віктар Маркавец абвінавачваюць стваральнікаў новага лагатыпу МТС у плагіяце. Яны сцвярджаюць, что “яйка ў квадраце” — гэта запазычанне ідэі, якую творцы лічаць сваёй інтэлектуальнай уласнасцю. Да таго ж высьвятлілася, што падобнымі яйкамі таксама упрыгожвае сваю прадукцыю група замежных кампаній, назва якіх утрымлівае слова Huevo.

— Яшчэ ў 1992 годзе мы стварылі шэсць мастацка-канцэптуальных праектаў — “яйкаквадратаў”, — расказаў карэспандэнту “Салідарнасці” мастак Віктар Маркавец. — Гэтыя шэсць карцін потым шырока падаваліся як новая з'ява беларускага мастацкага мысленьня. З таго часу гэтыя “яйкаквадраты” ўпрыгожвалі вокладкі кніг Алеся Разанава. Можаце ўявіць, у якім няёмкім становішчы зараз апынуўся пісьменнік: ягоная новая кніга, на вокладцы якой змешчана белае яйка ў чырвоным квадраце, па сутнасці выглядае як рэклама кампаніі МТС.

Як вядома, на днях Алесь Разанаў прэзентаваў сваю кнігу “Каб мелі шчасце ўваскрасаць і лётаць”. Розніца паміж “яйкаквадратам”, змешчаным на вокладцы зборніка, і лагатыпам МТС сапраўды невялікая: на кнізе само яйка мае ідэальную форму і перавернута у гарызантальную плоскасць.

Творцы лічаць, што распрацоўшчыкі лагатыпа пазычылі іх ідэю.

— Па сутнасці ў аўтараў скралі правы на галоўны праект іх жыцця, — патлумачыла “Салідарнасці” куратар выставы, мастацтвазнаўца Таццяна Гаранская. — Мы ведаем, што лагатып МТС распрацоўваўся ў Лондане, але ж на многіх сайтах, у тым ліку і лонданскіх, выстаўлены выявы гэтых карцін. У дачыненні да МТС мы не займаем ваяўнічай пазіцыі, яны такія ж ахвяры, як і мы. Але ж быў скампраметаваны наш брэнд. Усе нашы наступныя крокі будуць залежаць ад рэакцыі самой кампаніі.

Між тым яшчэ раней у беларускім офісе МТС адмовіліся ад прэтэнзіяў, выказаных творцамі.

— Нейкага афіцыйнага адказу на гэтую іх пазіцыю быць не можа і не павінна, — сказалі прадстаўнікі кампаніі карэспандэнту Радыё Свабода. — Таму што само гэта крэатыўнае рашэньне было прынята ў Маскве, а затым ужо спраектавана на Беларусь. І яно прайшло ўсе належныя стадыі міжнароднага патэнтнага ды іншага ўзгадненьня. Але й да канфліктных сытуацый таксама ніхто ня хоча гэтую справу даводзіць.

Нагадаем, што свой новы лагатып кампанія МТС прэзентавала ў маі 2006 года. Яго распрацоўшчыкам стала вядомае брытанскае агенцтва Wolff Olins. З пяці прапанаваных Wolff Olins варыянтаў выяву яйка абраў асабіста Сяргей Шчэбетаў, генеральны дырэктар групы “Система Телеком”, у склад якой уваходзіць МТС.

Дарэчы, яшчэ ў маі карыстальнікі сайта minsklife.net пасля з'яўлення новага лагатыпа МТС ініцыявалі пошук выкарыстання выяваў яйкаў у лагатыпах іншых кампаній свету. Высветлілася, што амаль што аналагічныя яйкі можна ўбачыць на рэкламнай прадукцыі іспанскай кампаніі Huevo Duro («Крутые Яйца») і на нямецкім сайце кампаніі па вытворчасці тэкстылю Huevo Werbemittel.

Оцени статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)