«Яго забілі за мову, за талент і смеласць. За тое, што ён беларус Алесь Пушкін»

Навіна пра смерць палітзняволенага Алеся Пушкіна выклікала шок. Беларусы сёння ўвечары выйдуць на акцыі памяці мастака ў Варшаве, Вільні і Берліне.

У Варшаве каля беларускага бара «Карма» з’явіўся жалобны мурал, дзе ўсе ахвотныя могуць ушанаваць памяць мастака, паведамляе Наша ніва.

Беларусы Вільні і Варшавы нясуць свечкі да беларускіх пасольстваў у Літве і Польшчы.

— Яго творчасць была ўвасабленнем нязломнага духу беларускага народа, — напісала Святлана Ціханоўская пра смерць Алеся Пушкіна.

Яна папрасіла ўсіх, хто ведае нешта пра акалічнасці смерці, перадаць інфармацыю жонцы Алеся, незалежным медыя ці праваабаронцам.

— Людзі не павінны паміраць у турмах. Мы будзем даведвацца праўду, — заклікала Ціханоўская.

Кожная смерць палітзняволенага — адказнасць рэжыму і асабіста Лукашэнкі, які трымае іх у нечалавечых умовах. Зусім незразумела, як знайсці адказ на пытанне: колькі яшчэ павінна памерці людзей за кратамі, каб рэжым пачаў дыялог з грамадствам і вызваленне людзей з турмаў?

Святлана Ціханоўская

Ціханоўская выказала «найглыбокія спачуванні» жонцы і сям'і мастака.

Пра смерць Алеся Пушкіна выказалася і Рада Беларускай Народнай Рэспублікі. Там назвалі смерць мастака палітычным забойствам.

— Прамую адказнасць за гэтую заўчасную трагічную смерць нясе аўтарытарны рэжым, які пануе ў Беларусі, а таксама персанальна Аляксандр Лукашэнка, — гаворыцца ў заяве.

Аўтары заявы патрабуюць вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў, а таксама пакарання для адказных за іх пераслед.

— Як гэта рабілі савецкія акупанты ў найбольш змрочныя часы СССР, рэжым Аляксандра Лукашэнкі займаецца мэтанакіраваным знішчэннем беларускай культурніцкай эліты. Спыненне гэтага любымі магчымымі спосабамі з'яўляецца неабходным дзеля выжывання беларускага народу, — падкрэслілі ў Радзе БНР.

Сабралі і іншыя выказванні на смерць мастака.

Альгерд Бахарэвіч, пісьменнік:

— Апошні раз мы бачыліся з Алесем падчас аднаго зь верасьнёўскіх маршаў 2020-га. Сустрэліся выпадкова і прайшлі разам ад ГУМу да Палаца Спорту. Алесь нёс у руках партрэт Каліноўскага.

Мы былі знаёмыя з 90-х. І чым даўжэй былі знаёмыя, тым радзей бачыліся і тым менш супадалі нашыя погляды. Адзіным, дзе паміж намі заўсёды была згода, былі беларуская мова і беларуская незалежнасьць.

Калі я пісаў пра ягоны самы славуты пэрформанс для адной са сваіх кніг, дык паказаў яму тэкст, каб нічога не наблытаць. Тэкстам ён быў задаволены. Дагэтуль памятаю фразу з аднаго ягонага інтэрвію: «Народ бяз нас як бараны расьсеяныя»... Ён верыў у тое, што калі будзе нязломнай творчая эліта — паўстане і нацыя.

Алесь быў неімаверна таленавітым, правакацыйным і сьмелым мастаком і добрым чалавекам. Такім для нас і застанецца. Астатняе ўжо ня важна. Застанецца мастаком і чалавекам, якога забілі ў турме. Забіла гэтая ўлада. Яго забілі за мову, за талент і сьмеласьць. За тое, што ён беларус Алесь Пушкін.

І гэтае забойства дараваць нельга. Як жа хочацца дажыць да суду над судзьдзямі і катамі. Калі мне кажуць, што Беларусь не канцлягер, я прызнаю, што тым, хто жыве ў ёй, лепш відаць і ведаць. Не дык не. Я толькі ціха прашу: тады скажыце, што ўсё, што мы чытаем тут у навінах, тое, што расказваюць нашыя знаёмыя і сябры — няпраўда. Скажыце, што гэта няпраўда. Маўчаць.

Цікава: як адгукнуцца на гэтае забойства іншыя беларускія мастакі. Члены саюзаў, удзельнікі мілых бясьпечных выставаў, тыя, хто робіць выгляд, што ўсё нармальна.

Але ўсё гэта, і праўда, ня важна. Нацыяналізм, нашыя спрэчкі, нашыя падзелы на правых, левых, кансэрватараў, нацыяналістаў, постмадэрністаў. Алеся няма. А тыя, хто яго ведаў — хто сядзіць, хто маўчыць, хто ўцёк, хто застаўся. Усім нам балюча.

Сьветлая памяць.

Уладзімір Максімкаў, прадзюсар:

— Когда-нибудь в Беларуси вместо памятника Пушкину поставят памятник Пушкину.

Алекcандр Фридман, политический обозреватель:

— В брежневском СССР политзаключенные содержались в ужасных условиях, но власти прилагали усилия, чтобы избежать летальных исходов: Москва заботилась о своей международной репутации. 

В сегодняшней Беларуси тормоза отсутствуют: в мае 2021 году в заключении умер Витольд Ашурок. Сегодня не стало художника Алеся Пушкина.

Беларускі праваслаўны прыход у Вільні, які належыць да Канстанцінопальскага патрыярхата, абвясціў, што заўтра а 18-й гадзіне адслужыць паніхіду па забітым Алесю Пушкіне ў беларускай царкве на вуліцы Бакшта (Bokšto), 4.

— У турэмным зняволенні быў забіты верны сын нашае Беларусі, наш брат у Хрысце — Алесь Пушкін! Вялікая страта і невыказны боль за яго і за ўсіх, каго катуюць і павольна забіваюць у беларускіх турмах! — напісаў тэлеграм-канал праваслаўнага прыхода ў Вільні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(29)