Общество

«Я зыходжу». Іосіф Сярэдзіч пакідае пасаду галоўнага рэдактара «Народнай Волі»

Іосіф Сярэдзіч паведаміў, што пакідае пасаду галоўнага рэдактара газеты «Народная Воля», якая была пазбаўлена рэгістрацыі. Правы ўласніка сайта ён перадаў іншай асобе.

– Я зыходжу. З болем у сэрцы я вымаўляю гэтыя словы. Але жыццё ёсць жыццё, – напісаў Сярэдзіч. – Праз пару месяцаў мне споўніцца 75 гадоў. І хочаш не хочаш, трэба развітвацца з цяжкай штодзённай працай, і здароўе нагадвае пра неабходнасць спыніцца, і абставіны часу не спрыяюць актыўнай дзейнасці.

Вы, шаноўныя прыхільнікі «Народнай Волі», ведаеце, на якія ганебныя крокі пайшлі пэўныя сілы, каб нас разлучыць, спачатку адмовілі ў друкарскіх паслугах, а нядаўна анулявалі пасведчанне аб рэгістрацыі газеты, якая на працягу больш за 10 гадоў не мела ніводнага папярэджання ні ад Міністэрства інфармацыі, ні ад Адміністрацыі прэзідэнта. Без усялякіх падстаў знішчылі выданне, якое з'яўлялася ўзорам для ўсіх беларускіх СМІ.

На развітанне хачу сказаць, што за 28 гадоў мы, нарадавольцы, не здрадзілі ні сумленню, ні Свабоднаму Слову, ні Радзіме! Застанёмся такімі і надалей.

Я адыходжу з Энгельса, 34А, дзе амаль тры дзесяцігоддзі месціўся рэдакцыйны офіс, але заўсёды буду разам з Вамі, мае прыхільнікі, усе добрыя людзі! Дзякуй Вам, шаноўныя, за шчырую падтрымку, за Ваш жыццесцвярджальны голас, які гучаў са старонак кожнага нумара незалежнай газеты.

Сярэдзіч дадаў, што правы ўласніка сайта nv-online.info ён перадаў іншай асобе, таму электронны партал не знікае з інфармацыйнага поля:

– І хочацца спадзявацца, што сайт як даносіў, так і будзе даносіць праўду да шырокай грамадскасці.

Нагадаем, што друк газеты «Народная Воля» быў спынены ў лістападзе 2020 года.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(23)